Фінал шостага конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай», які ладзіць фонд «Вяртаньне» і партал TuzinFM, прайшоў у эфіры тэлеканалу «Белсат» 2 траўня. Але да 9 траўня яшчэ разыграюць прыз глядацкіх сымпатый.
У адрозьненьне ад фіналаў ранейшых конкурсаў, сёлетні ладзіўся без гледачоў у сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пераможца атрымаў 1500 рублёў.
У фінале выступілі:
- гомельскі гурт «Юность» зь песьняй «Вяртайся» на верш Віталя Рыжкова;
- менскі гурт PyLai зь песьняй «Мафія» на словы Віктара Жыбуля;
- Марыя Чапрасава з Барысава зь песьняй «Горад вёсак» на верш Антона Рудака;
- праект Lear менкай сьпявачкі Валерыі Суравіцкай зь песьняй «Плянэта знасіла сваю арбіту».
У журы конкурсу ўвайшлі сьпявачка Руся (гурт Šuma), паэт Андрэй Хадановіч, музыка Алег Хаменка (гурт «Палац»), саўндпрадзюсары Барыс Календа і Павал Сініла, дызайнэрка Наста Шастак, арганізатары конкурсу Сяргей Будкін і Павал Бераговіч. Яны аддалі перамогу «Мафіі» гурту PyLai.
«Нам не хацелася браць твор, які быў бы для аўтара глыбока асабістым, хацелася адшукаць штосьці глябальнае, нестандартнае – але тое, што знайшло б у нас эмацыйны водгук, — тлумачылі музыкі PyLai. — „Мафія“ падышла ідэальна — і тэматыкай, і рытмікай, і мэлёдыкай. Упэўнены, што гэтая песьня шчыльна замацуецца ў нашым рэпэртуары»
Спэцыяльны прыз ад фонду «Вяртаньне» — запіс песьні — атрымаў Жэня Вялько зь песняй «Трывога» на верш Міхала Бараноўскага. Прыз глядацкіх сымпатыяў (і сэртыфікат на 300 рублёў на музычныя аксэсуары) дастанецца тым, хто набярэ найбольшую колькасьць галасоў на старонках конкурсу ў сацсетках, розыгрыш трывае да 9 траўня.
Прадусар конкурсу Сяргей Будкін адзначае, што фіналісты, прайшоўшы чатыры этапы выпрабаваньняў, засьведчылі, што кожны быў варты перамогі.
«Маладыя артысты пазнаёміліся з сучаснымі паэтамі і паміж сабою ды збіраюцца далей трымацца разам — рабіць сумесныя песні і падтрымліваць адзін аднаго, — кажа Буднін. — Акурат у гэтым галоўны вынік нашага конкурсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькіАгулам заявы на конкурс падалі 43 маладыя выканаўцы, зь іх 28 прайшлі ў наступны тур, паўдзельнічалі ў адукацыйных сэсіях з мэнтарамі конкурсу, зрабілі дэма-запісы песень.
Летась на конкурсе перамог дуэт Паўла Козіча і Ціхана Букрабы. У мінулыя гады ў конкурсе перамагалі рэпэр SP Kava, гурт Naviband, праект Leibonik, сьпявачка Pauline і іншыя.