Выкладчыку гуртка робататэхнікі з Горадні Андрэю Аляксейчыку прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 6750 рублёў (250 базавых велічыняў).
Прысуд вынес суд Ленінскага раёну Горадні 4 траўня. Прысуд яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.
Суд прызнаў 38-гадовага мужчыну вінаватым у тым, што ён зь верасьня 2018 году па кастрычнік 2019-га неаднаразова набываў марыхуану і распаўсюджваў сярод вучняў.
Акрамя марыхуаны, казалі сьледчыя, ён даваў падлеткам спэцыяльныя прыстасаваньні для ўжываньня наркатычнага рэчыва і дазваляў карыстацца памяшканьнем для спажываньня — пакоем гуртка. Яго затрымалі якраз у час курэньня марыхуаны ў адным з памяшканьняў, дзе ладзіліся заняткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеці па ім млелі». Бацькі стаяць гарой за выкладчыка робататэхнікі, якога «ўзялі» за марыхуануЯго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «набыцьцё і захаваньне наркотыкаў з мэтай продажу» (ч. 3 арт. 328), «схіленьне непаўналетніх да ўжываньня наркатычных сродкаў» (ч. 2 арт. 331) і «прадастаўленьне памяшканьня для ўжываньня наркатычных сродкаў» (ч. 1 арт. 332).
Выкладчык і яго выхаванцы раней на наркалягічным уліку не стаялі, да адказнасьці не прыцягваліся.
Падсудны жанаты, мае траіх дзяцей. Адным зь першых адкрыў у цэнтры Горадні студыю робататэхнікі. Туды хадзілі дзеці ва ўзросьце ад 6 гадоў. Заняткі праходзілі ў працоўныя дні і ў выходныя. Бацькі казалі, што ня ўсе маглі трапіць, бо студыя вельмі папулярная.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.