Суд Гомельскага раёну вынес рашэньне ў гучнай справе дзевяці маладых людзей, пяць зь якіх на момант затрыманьня былі непаўналетнімі. За «закладкі» з наркотыкамі суд прызначыў ім пакараньні ад 2 гадоў «хіміі» да 8 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Апроч «закладак», падлеткаў і іхных дарослых прыяцеляў абвінавачвалі ў крадзяжы грошай з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі (артыкул 212 Крымінальнага кодэксу). Яны прасілі ў знаёмых мабільны тэлефон, хутка спампоўвалі пэўную праграму, завалодвалі сродкамі і «перакідалі» грошы на свае тэлефоны.
Сваю віну ў «закладках» падлеткі падчас сьледзтва прызналі. Аднак засталося няясным, дзе непаўналетнія ўзялі для фасаваньня буйную партыю псыхатропных рэчываў. З вуснаў дзяржаўнага абвінаваўцы гучаць стандартныя для артыкулу 328 фармулёўкі: «Нявысьветленым спосабам, у нявысьветлены час, у нявысьветленым месцы, у нявысьветленай асобы».
Невялікія тэрміны — ад 2 гадоў «хіміі» да 2 з паловай гадоў калёніі атрымалі трое дарослых, якія праходзілі ў справе як спажыўцы наркотыкаў (частка 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу трактуе гэта як «захоўваньне бяз мэты распаўсюджваньня).
Найбольшым тэрмінам — 8 з паловай гадоў калёніі — суд пакараў Віталя Жукава. Той меў яшчэ не адбытае пакараньне за ранейшыя злачынствы.
7 з паловай гадоў атрымаў Аляксандар Пархоменка, у якога таксама было пакараньне за ранейшыя злачынствы, якога ён не адбыў.
Чатыры фігуранты справы атрымалі ад 6 гадоў 1 месяца да 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Суд прымяніў да іх амністыю, зьменшыўшы тэрміны на 2 гады. Такім чынам, адбываць пакараньне ў калёніі яны будуць ад 4,1 да 4,6 года.
Маці Данілы, якому прысудзілі 4,5 года пазбаўленьня волі, зьвярнула ўвагу, што пастаўшчыка наркотыкаў так і не затрымалі і не пакаралі.
«Самае сумнае, што зноў жа ня высьветлілі асобаў, якія перадалі дзецям псыхатропныя рэчывы. Дзяцей садзяць, а тыя „асобы“ гуляюць і сёньня. Тым больш у нашай справе тая „асоба“ наогул вядомая, у аўдыёзапісах там усё чуваць, але шукаць яе ніхто ня стаў», — сказала Данілава маці Іна.
За працэсам сачыў праваабаронца Васіль Палякоў.
«Беларусь падпісвала Канвэнцыю аб правах дзіцяці, але гэта не было заўважна на гэтым працэсе ўвогуле. Паўстае пытаньне: навошта было сачыць за тым, як рыхтуецца злачынства, зьдзяйсьняецца — а тут апэратыўнікі сачылі, калі можна было яго прадухіліць? Сутнасьць міжнародных абавязаньняў Беларусі паводле Канвэнцыі ў тым, што непаўналетнія павінны абараняцца ад уцягненьня ў супрацьзаконную дзейнасьць, ад удзелу ў распаўсюджваньні наркатычных сродкаў. Калі праваахоўныя органы даведаліся, што рыхтуецца злачынства, яны павінны былі зрабіць захады, каб не дапусьціць уцягненьня дзяцей у гэта. А яны чакалі, праслухоўвалі, а потым затрымалі. Ім неабходна выконваць свае паказчыкі, пляны, яны стваралі бачнасьць барацьбы з наркагандлем», — лічыць праваабаронца.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.