Берасьцейская транспартная пракуратура нагадвае, што правоз любой колькасьці наркатычнага рэчыва празь мяжу караецца паводле беларускага заканадаўства.
СІЗА № 7 у Берасьці — ізалятар, добра вядомы ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе ды Расеі. Тут да суду ўтрымліваюць іншаземцаў, якіх затрымалі на беларуска-польскай мяжы. Сярод сядзельцаў і вядомыя ў сваіх краінах асобы.Такім аказаўся і Вячаслаў Сьпірыдонаў, генэральны дырэктар і лекар маскоўскай клінікі «Лімфа», адной зь вядучых у Расеі клінік, дзе лечаць лімфадэму (вядомую як «слановая хвароба»). У беларускай калёніі Вячаслаў Сьпірыдонаў можа затрымацца на 3 гады, калі ня ўдасца абскардзіць ужо вынесены яму прысуд.
«Купіў як цацку»
«Мой муж ведаў, што гэта не наркотык, а проста жарт, цацка, фэйк, што няма аніякай небясьпекі ў гэтай расьліне, — тлумачыць жонка доктара Кацярына Сьпірідонава. — І купіў яго дзеля жарту. Паказаць сябрам, кшталту, глядзіце, у Эўропе гэта прадаецца проста ў крамах».
Вячаслава Сьпірыдонава затрымалі ў Берасьці 30 кастрычніка 2019 года разам зь сябрамі, калі доктар вяртаўся з турыстычнай вандроўкі па Эўропе. Сяброў адпусьцілі, а ў лекара, як кажа жонка, знайшлі пакецік з 0,6 грама насеньня канопляў, набыты ў Італіі. У канцы студзеня 2020 году Вячаслава Сьпірыдонава судзілі ў Берасьці і далі за перавоз празь мяжу ды незаконнае захаваньне наркотыку 3 гады зьняволеньня. Таксама суд канфіскаваў у расейца аўтамабіль, на якім той перасоўваўся. Палічыў яго транспартным сродкам, ужытым для злачынства.
Жонка Вячаслава Сьпірыдована Кацярына даказвае, што муж і не хаваўся. У пакеціку было 0,6 грама менавіта насеньня канопляў. Паводле Кацярыны, у такой колькасьці канопляў не магло быць больш за 3 мікраграмы ТГК (тэтрагідраканабіёлу, канабіёіду, які маецца ў каноплях. — РС), бо гэта строга кантралюецца ў Італіі і такая колькасьць лічыцца няшкоднай і дазволенай для продажу. І яе муж гэта добра ўсьведамляў, таму і не баяўся. Пра што, на думку Кацярыны Сьпірыдонавай, сьведчаць ягоныя паводзіны на беларуска-польскай мяжы.
«Той пакецік Вячаслаў набыў у Міляне, у звычайнай краме, дзе прадаецца звычайны тытунь. У пакеціку ўсяго 0,6 грамаў насеньня канопляў. На ўпакоўцы быў надпіс „канабіс легальны“. Муж трымаў яго ў паясной торбе побач з пашпартам, без дрэннага намеру, нават не спрабаваў неяк схаваць. Бо быў перакананы, што гэта не наркотык, а толькі дэкаратыўная расьліна, якая не зьмяшчае забароненых рэчываў», — настойвае Кацярына Сьпірыдонава.
Вячаслаў Сьпірыдонаў ад пачатку не прызнаваў сябе вінаватым. Расеец абскардзіў прысуд, і цяпер ягоныя сваякі просяць падтрымкі, у тым ліку ў беларусаў. Жонка Сьпірыдонава Кацярына зь сябрамі і калегамі накіравалі ў МЗС Расеі ўжо больш за 30 зваротаў з просьбай дапамагчы, але не атрымалі ніводнага адказу. Кацярына ў перапісцы з карэспандэнтам Радыё Свабода ня ўтойвае, што пазыцыяй дымляматаў-суайчыньнікаў расчараваная.
«У Расеі памілаваньне атрымлівае грамадзянка Ізраіля, у той час як МЗС адмаўляецца змагацца за сваіх грамадзян, чые правы парушаюць на тэрыторыі Беларусі», — заўважае яна.
Цяпер Кацярына Сьпірыдонава чакае паседжаньня Берасьцейскага абласнога суду, які вырашыць лёс яе мужа.
«Неўзабаве будзе разгляд ягонай касацыйнай скаргі. Хвалююся. Мужа ў суд, хутчэй за ўсё, не прывязуць. І расейскага адваката да яго не дапускаюць», — кажа Кацярына і падрабязна тлумачыць, якая сытуацыя склалася з абаронай. Аказваецца, у Казахстане, Армэніі, Кіргізстане расейскім адвакатам можна дапамагаць суайчыньнікам, а ў Беларусі — нельга, трэба наймаць мясцовага.
«Але з вашымі адвакатамі працаваць складана — яны баяцца дзяліцца інфармацыяй на адлегласьці, толькі пры сустрэчы. Усе спасылаюцца на тайну сьледзтва. А цяпер яшчэ і ад каранавірусу можа быць што заўгодна», — нэрвуецца жонка напярэдадні разгляду скаргі.
«Апэляцыя да рэкамэндацый міжнародных арганізацый ня мае падстаў»
Абвінавачаньне супраць грамадзяніна Расеі Вячаслава Сьпірыдонава падтрымлівала ў судзе Берасьцейская транспартная пракуратура. Намесьнік пракурора Аляксей Займіст сказаў, што ня можа камэнтаваць саму справу Сьпірыдонава па тэлефоне. Пры гэтым Аляксей Займіст нагадаў, што беларускім заканадаўствам ня вызначана мінімальная колькасьць наркатычнага рэчыва, дазволенага для правозу празь мяжу.
«Тут і ня ў межах камэнтару магу сказаць, што правоз любой колькасьці наркатычнага рэчыва не дазволены і караецца законам. Апэляцыя да рэкамэндацый міжнародных арганізацый ня мае падстаў», — сказаў намеснік транспартнага пракурора Берасьця Аляксей Займіст.
Займіст выказаў думку, што Берасьцейскі абласны суд у выніку разгляду апэляцыйнай скаргі грамадзяніна Расеі Вячаслава Сьпірыдонава «прыме законнае рашэньне».
«У Эўропе, як і ў Расеі, забаронены продаж наркатычнай марыхуаны, — настойвае Кацярына. — Пры гэтым звычайныя каноплі зь мінімальнай насычанасьцю ТГК дадаюць у сувэніры і прадаюць як дэкаратыўную расьліну, каб прыцягнуць увагу турыстаў».
«Любы расіянін, які вяртаецца празь Беларусь з Эўропы, рызыкуе сесьці ў турму за „пыл у кішэні“. Гэта ня жарт і не перабольшваньне! Любая мікраскапічная колькасьць канопляў можа стаць прычынай пазбаўленьня свабоды ў Беларусі. Кантактаваць з марыхуанай ненаўмысна мажліва у шмат якіх краінах Эўропы. У Гішпаніі, Чэхіі альбо Аўстрыі, Англіі ці Галяндыі, Партугаліі, дзе марыхуана часткова легалізаваная альбо дэкрыміналізаваная. Але цяпер гаворка пра саму расьліну канопляў, якая ўжываецца ў мэдыцыне і харчовай прамысловасьці, у тым ліку ў Беларусі, дзе можна легальна, проста ў краме купіць канапляную кашу з макам!» — піша Кацярына Сьпірыдонава.
Чаго не ўлічыў беларускі суд?
Экспэртыза, якую правяло сьледзтва ў справе Вячаслава Сьпірыдонава, палічыла інакш: што ў пакеціку знаходзіцца значная частка марыхуаны.
Падчас сьледзтва абарона расейскага лекара замовіла ў Расеі незалежную экспэртызу. Яе правяла экспэрт цэнтру судовых экспэртыз «Факт» Іванова. Але вынікі гэтай экспэртызы ў судзе ўлічаныя не былі.
Зьвярнуў адвакат увагу суду і на тое, што ў Беларусі няма нормы на колькасьць ТГК у харчовых прадуктах. У тых жа кашах з каноплямі, якія можна купіць у звычайнай краме. А значыць, суд мусіў арыентавацца на нормы, ухваленыя ААН.
«Суд на гэта не зьвярнуў увагі», — расчаравана адзначае Кацярына Сьпірыдонава і пералічвае сьпіс іншых прэтэнзій да беларускага суду. Зь яе словаў, таксама суд не зьвярнуў увагу
- на незаконны, без адваката, допыт яе мужа адразу пасьля затрыманьня на мяжы,
- на тое, што паказаньні сьведак былі на ягоную карысьць,
- адхіліў хадайніцтвы аб паўторнай экспэртызе колькасьці наркатычнага рэчыва ў каноплях, знойдзеных у Вячаслава Сьпірыдонава.
«Вячаслаў раней прыяжджаў да вас у Беларусь, ён тут вучыў беларускіх калегаў, як змагацца зь лімфэдэмай, — кажа Кацярына Сьпірыдонава. — У яго нават ёсьць падзякі ад вашага Міністэрства аховы здароўя. Хіба гэта ня варта было ўлічыць?» — пытаецца Кацярына Сьпірыдонава.
Скаргу Вячаслава Сьпірыдонава будуць разгядаць 27 сакавіка.