За год колькасьць занятых у эканоміцы зьнізілася на 2,4 тысячы

Суботнік у Менску, 25 красавіка

У беларускай эканоміцы ў сакавіку 2020 году былі занятыя 4 млн 337,9 тысячы чалавек супраць 4 млн 340,3 тысячы ў сакавіку 2019-га, вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Такім чынам, піша БелаПАН, за год колькасьць занятых скарацілася на 2,4 тысячы.

Паводле зьвестак Міністэрства працы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 красавіка 2020 году склаў 0,2% і ў параўнаньні з 1 красавіка 2019-га зьнізіўся на 0,1 адсоткавага пункта. Але шмат беспрацоўных не рэгіструюцца.

Узровень занятасьці насельніцтва (адносіны колькасьці занятага насельніцтва да колькасьці насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гады) склаў 66,6%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасьці з мэтадалёгіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,1% колькасьці працоўнай сілы, вынікае з дадзеных Белстату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6% беларусаў страцілі працу, 71% хочуць больш інфармацыі пра пандэмію ад уладаў. Вынікі апытаньня