На відэа выданьня «Ганцавіцкі час» сьвятар Пятро Піліпчук, настаяцель храма Сьвяціцеля Ціхана ў Ганцавічах, на Вялікдзень ставіць у прыклад прыхаджанам расейскага палкаводца Аляксандра Суворава. «Наша Ніва» пагутарыла са сьвятаром і атрымала, як піша, адказы «з аганьком».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Як Cувораў казаў: „Мы рускія — з намі бог!“ — натхняў Піліпчук ганцавіцкіх вернікаў. — Нікога не баяўся — і ніводнай паразы! Аляксандар Неўскі тое самае, Фёдар Ушакоў — нашыя вядомыя палкаводцы, нашы сучасныя нічога не баяліся, ішлі наперад!»
«Нашай Ніве» ён патлумачыў: «Сувораў жыў у Беларусі, у Кобрыні. Каб не Сувораў, нам бы тут было рабства». Ён перакананы, што «мы адзін народ, што рускія, што беларусы».
«У нас была дзяржава, ды яе развалілі амэрыканскія прыхвасьні, — кажа сьвятар. — Быў Саюз, магутная дзяржава, супрацьстаяла ўсясьветнаму тэрарызму. А потым развалілі — і гуляй, Вася».
Адносна эпідэміі COVID-19 Піліпчук заяўляе, што «ў нас хворых не было і няма». Ён расказвае, што хаваў ужо двух чалавек у закрытых трунах, «нібы пнэўманія, каранавірус», а пасьля нібыта выявілася, што абодва памерлі ад сардэчнай недастатковасьці. Ён абураецца, навошта тады хлусілі.
«А што баяцца? — пытае ён пра каранавірус. — Што, людзі нашыя кожны дзень не хварэюць? І ад лёгкіх паміраюць, і ад нырак, і ад пячонкі, і ад сэрца, і ад раку, ад самагубстваў. У царкву перасталі хадзіць. Выходзіць, на кірмаш можна, у краму можна, па справах можна, а ў царкву — нельга. Навошта гэта разьдзьмуваць? Калі чалавек ходзіць у царкву, то чаго яму баяцца? Ён пад Богам ходзіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі людзей было ў Петрапаўлаўскім саборы, калі яго сьвятар паміраў ад каранавірусу. ФОТАТое, што прычасьце праводзяць з адной лыжкі, ён патлумачыў спрадвечнай традыцыяй — маўляў, «хворых і ў час чумы прычашчалі». Ён дадае, што абразы ў храме праціраюць сьпіртам, падлогу мыюць. А паніка, дадае ён, «горшая за вірус, стварае новыя вірусы».
Акрамя таго, Піліпчук распавёў «Нашай Ніве», што «людзі расказваюць, як на Майдане людзей накачалі наркотыкамі, старых бабак накачалі» і што «зараз гэтыя мусульмане як пойдуць да нас, то ўжо разьбірацца будзе позна, яны паасобку разаб'юць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хуткая», лекары ў «скафандрах» і закрытыя службы. Што адбываецца ў жаночым манастыры ў Горадні. ФОТАШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.