«Адну зь дзьвюх манахінь, у якіх знайшлі каранавірус, выпісалі са шпіталя, яна вярнулася ў манастыр. Другая манахіня, якая захварэла, працягвае лячыцца ў шпіталі. Вынікі тэстаў „кантактаў“ яшчэ невядомыя».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гэтак 24 красавіка паведаміла супрацоўніца канцылярыі Сьвята-Елізавецінскага жаночага манастыра. Паводле суразмоўцы, у манастырскай царкве працягваюцца рэгулярныя службы, але ўсе культурныя мерапрыемствы, якія былі заплянаваныя раней, адмененыя.
«Калі стала вядома пра выпадкі каранавірусу, манастыр наведалі мэдыкі», — сказала супрацоўніца канцылярыі. Больш інфармацыі пра сытуацыю з каранавірусам у манастыры атрымаць не ўдалося.
Пра тое, што ў Сьвята-Елізавецінскім жаночым манастыры, што на ўскраіне Менску ў Навінках, ёсьць такія, хто захварэў на каранавірус, раней паведаміў вядомы расейскі блогер дыякан Андрэй Кураеў са спасылкай на намесьніцу рэдактара часопіса «Русский репортёр» Марыну Ахмедаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім манастыры абвясьцілі карантын. Кажуць, што каранавірус ні пры чымПаводле крыніцы, гаворка ішла пра 100 манахінь і некалькі клірыкаў. Ці так гэта?
Марына Ахмедава піша, што мела тэлефонную гутарку з трыма манахінямі Сьвята-Елізавецінскага манастыра ў Менску, якія адмыслова ёй пазванілі, каб расказаць пра ўспышку хваробы. Зь іхных словаў, на момант тэлефанаваньня з 130 манахінь, якія жывуць у манастыры, захварэлі 100, іх з тэмпэратурай перасялілі з асноўнага корпусу манастыра ў гатэльны корпус, ежу ім прыносяць у асобным посудзе і ставяць пад дзьверы. Паводле манахінь, якія патэлефанавалі журналістцы, у іх таксама павышаная тэмпэратура.
Але што стала прычынай такога масавага захворваньня? Вось вытрымка з паведамленьня Марыны Ахмедавай.
«Пры гэтым манастыр працуе, і паства ідзе ў яго натоўпам. Да прыкладу, толькі на Вялікдзень за ноч ад адной лыжачкі прычасьціліся 970 чалавек. Лыжачка не апрацоўвалася, і калі адна дзяўчына з тых, хто жадаў прычасьціцца, расплакалася ды папрасіла лыжку апрацаваць, ёй адказалі, каб ішла ў іншы храм і там прычашчалася, а тут толькі гэтак. Але калі прыйдуць мэдыкі, тым, хто захварэў, загадана сказаць: „Вы захварэлі пасьля Вялікадня. Толькі што“. Кіраўніцтва манастыра ня хоча, каб людзі разумелі — яны на Вялікдзень хадзілі ў манастыр, дзе было ўжо столькі хворых», — падзялілася зьвесткамі з манастыра Марына Ахмедава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах шпіталізавалі больш за 40 чалавек
Што кажуць у Сьвята-Елізавецінскім манастыры?
22 красавіка на сайце манастыра зьявіўся камэнтар да допісаў пра каранавірус, у якім зьвесткі пра масавае заражэньне манахінь каранавіруснай інфэкцыяй названыя «ілжывымі чуткамі». Пры гэтым было прызнана, што сама меней у дзьвюх манахінь сапраўды дыягнаставалі каранавірус, іх паклалі ў шпіталь. Таксама паведамляецца пра дзьвюх манахінь, якія кантактавалі з хворымі на каранавірус і цяпер чакаюць вынікаў тэсту. Яшчэ прызнаецца, што ёсьць манахіні, хворыя на «сэзонную вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю», але колькі такіх, не паведамляецца.
«Сёстры, якія захварэлі, жывуць асобна, ім аказаная мэдычная дапамога», — сказана пра іх у камэнтары на сайце манастыра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У жаночым манастыры пад Менскам пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня каранавірусамШто да захворваньня на каранавірус клірыкаў манастыра, сайт гэтыя зьвесткі таксама абверг, але прызнаў, што чатыры сьвятары сапраўды маюць праблемы са здароўем.
На Вялікдзень, 19 красавіка, у царкве Сьвята-Елізавецінскага жаночага манастыра адбылася служба, якую ў прысутнасьці дзясяткаў чалавек правёў духоўнік храма протаярэй Андрэй Лемяшонак.
«Чысьцейшага паветра, чым у храме, няма», — зьвярнуўся айцец Андрэй Лемяшонак да вернікаў і запэўніў, што «тых, хто захварэе на каранавірус, сярод іх ня будзе».
Як сытуацыю ў манастыры камэнтуюць у Беларускай праваслаўнай царкве?
«Чакаем вынікі праверкі санітарна-эпідэміялягічнай службы, на падставе якіх будуць рабіцца далейшыя захады. Наколькі ведаю, праверка адбываецца ў дадзены момант», — гэтак сёньня сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сергій Лепін.
У Міністэрстве аховы здароўя эпідэміялягічную сытуацыю сярод манахінь і клірыкаў Сьвята-Елізавецінскага манастыра не пракамэнтавалі. «Ня ведаем», — адказала карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Юлія Барадун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Павел: «Устрымайцеся ад наведваньня храма, не хадзіце на могілкі на Вялікдзень і Радаўніцу». ВІДЭАСынод Беларускай праваслаўнай царквы напярэдадні Вялікадня інфармаваў вернікаў, што для іх будуць арганізаваныя онлайн-трансьляцыі, якія дазволяць дыстанцыйна браць удзел у агульнацаркоўнай малітве. Паведамлялася, што на Вялікдзень «храмы Божыя ня будуць закрывацца», але пры гэтым асьвячэньне вербаў і велікодных страў было рэкамэндавана праводзіць «выключна на прыхрамавай тэрыторыі пад адкрытым небам».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ