Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.
Сёньня прапануем вашай увазе адказы польскай журналісткі, кіраўніцы тэлеканалу «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.
Сьцісла:
- У Беларусі спыненьне эканомікі ў спалучэньні з агульным эканамічным правалам і нафтавым канфліктам з Расеяй можа прывесьці да поўнай катастрофы
- Лукашэнка дзейнічаў паводле прынцыпу, які Валэнса аднойчы апісаў так: «Зламай тэрмомэтар, і ў цябе ня будзе тэмпэратуры»
- У беларусаў існуе вялікая схільнасьць да фаталізму ў стаўленьні да няшчасьця
- Законы біялёгіі, на жаль, аднолькавыя для беларусаў і гішпанцаў, і я баюся гішпанскага сцэнару, хаця я б хацела, каб Лукашэнка меў рацыю
- Сапраўдная дыскусія наконт барацьбы з пандэміяй — не пра тое, што рабіць, а пра прапорцыі паасобных абмежаваньняў і спосабы іх ужываньня і адмены
- Сучасны чалавек, асабліва жыхары Захаду, прызвычаіўся да таго, што жыцьцёвыя нягоды, якія выклікаюць у яго страх і боль, могуць быць ліквідаваныя
- Спачатку я падумала, што, можа быць, было б лепш захварэць на гэтую праклятую рэч і пакінуць яе ў мінулым
- У мяне 80-гадовая маці, і што было б, калі б я заразіла яе?
- Я не люблю абмяркоўваць гіпатэтычныя сытуацыі. Я ня ведаю, што будзе, калі Лукашэнка памыляецца
- Асабіста я была б вельмі рада, калі б гэты крызіс выклікаў усьведамленьне таго, што глябальная эканоміка ня можа быць настолькі залежнай ад небясьпечнай таталітарнай дзяржавы
- Хай бы гэты крызіс выклікаў у нас роздум аб нашай цывілізацыі з «анархічным спажываньнем і турыстычным бачаньнем сьвету»
— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх захадаў супраць пандэміі: не закрыла межаў, школаў і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе праводзіць футбольны чэмпіянат. Падобнай рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на кога не падобнай палітыцы адносна пандэміі? Ён яшчэ ў 90-я казаў: «Я сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павяду». А сёньня цывілізаваны сьвет ведае, куды ісьці?
— У Эўропе сёньня абмяркоўваецца «швэдзкі экспэрымэнт», але выглядае, што «беларускі экспэрымэнт» значна больш цікавы і выразны, але і вельмі небясьпечны. У Швэцыі ніхто не адмаўляе сур’ёзнасьці эпідэміі, хоць там не было поўнага «закрыцьця» дзяржавы, як у Польшчы і ў многіх іншых эўрапейскіх краінах. Нягледзячы ні на што, швэды (вельмі дысцыплінавана) робяць абмежаваныя прафіляктычныя захады на дзяржаўным узроўні. Разам з тым вынікі швэдзкіх рашэньняў усё яшчэ вельмі сумнеўныя. Сьмяротнасьць ад COVID-19 паводле стану на 15 красавіка там дасягнула 120 чалавек на мільён жыхароў, тады як у Нарвэгіі — 27, у Нямеччыне — 45, а ў Польшчы — толькі 7.
Між тым, у Беларусі не праводзіцца пасьлядоўнай палітыкі ў барацьбе з эпідэміяй. Апрача, можа, палітыкі пазначэньня «пнэўманія» і «вострае рэсьпіратарнае захворваньне» ў картцы хваробы замест магчымага COVID-19. І тады ўжо ў Беларусі наўрад ці хто-небудзь памрэ ад каранавірусу. Памрэ ад двухбаковай пнэўманіі ці чагосьці падобнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: Беларусы нават ад вірусу сыходзяць у партызаныУ Польшчы, калі Міністэрства аховы здароўя штодня паведамляе аб колькасьці сьмерцяў з прычыны COVID-19, выкарыстоўваецца формула «спадарожныя захворваньні». Як нядаўна сказаў ваш экспэрт: «людзі заражаныя рознымі вірусамі, напрыклад вірусам герпэсу»... Проста ад герпэсу паміраюць вельмі рэдка, нават калі ў кагосьці ёсьць астма і гіпэртанія. А ў Беларусі сытуацыя такая, што людзі рэдка паміраюць ад каранавірусу. Зьвярніце ўвагу на Расею, дзе афіцыйна праводзіцца палітыка барацьбы з эпідэміяй, іншая, чым у Беларусі, там таксама афіцыйна невысокая сьмяротнасьць. І, на маё зьдзіўленьне, спачатку беларусы нават успрымалі падыход уладаў даволі станоўча. Урэшце, хіба не было пнэўманіяў да пандэміі каранавірусу? Навошта залішняя рэакцыя? Можа быць, гэта неяк абыдзе нас...
Лукашэнка страшна баіцца эканамічнага спаду і таго факту, што вельмі хутка «ня будзе чаго есьці». І я нават разумею яго ў гэтым пытаньні. Беларусь — гэта не Нямеччына з прафіцытам бюджэту, і нават ня Польшча, якая ўсё яшчэ даганяе больш багатых, але ўсё больш набліжаецца да сярэднеэўрапейскага ўзроўню. У Беларусі спыненьне эканомікі ў спалучэньні з агульным эканамічным правалам і нафтавым канфліктам з Расеяй можа прывесьці да поўнай катастрофы. Таму ён вырашыў заплюшчыць вочы і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Ну... некалькі людзей старога веку, якія без неабходнасьці хадзілі сярод людзей, памруць... але астатнія выжывуць... Лукашэнка дзейнічаў паводле прынцыпу, які Валэнса аднойчы апісаў: «Зламай тэрмомэтар, і ў цябе ня будзе тэмпэратуры». Ва ўсякім выпадку, можа, ён сам верыць, што ў яго нешта атрымаецца? Вельмі магчыма.
Для дасягненьня гэтай мэты ўся дзяржава была пагружаная ў ліпкую вадкасьць хлусьні і маніпуляцый. У спадзеве, што ўсё гэта неяк вырашыцца і ў выніку нешта станоўчае з гэтага выйдзе. І гэта беларускі экспэрымэнт. Неўзабаве — праз два-тры тыдні — будзе вядома, які яго вынік. У беларусаў больш нізкія стандарты патрабаваньняў да ўладаў і меншыя чаканьні адносна стаўленьня ўлады да людзей, чым у заходніх краінах. Існуе вялікая схільнасьць да фаталізму ў стаўленьні да няшчасьця. Можна меркаваць, што яны адносна пакорліва зьмірацца з ростам колькасьці «пнэўманіяў», тым больш што большая частка людзей выйдзе з гэтых "рэсьпіраторных захворваньняў" жывымі. Усё гэта, праўда, толькі да пары. Ведаючы мэханізмы інфармацыйнай палітыкі ў краіне, я не сумняваюся, што пасьля перавышэньня пэўнай мяжы сьмяротнасьці сытуацыя карэнным чынам зьменіцца. Беларусь усё ж не Паўночная Карэя.
І на гэтым менавіта палягае «беларускі экспэрымэнт» на людзях. Калі каранавірус такі заразны і небясьпечны, як прынята лічыць — у Беларусі яго нельга схаваць. Сытуацыя выйдзе з-пад кантролю ва ўсіх адносінах, і мы хутка гэта ўбачым. Калі маштабы эпідэміі можна схаваць (нават у значнай ступені), гэта азначае, што хвароба, хоць і вельмі заразная і небясьпечная для некаторых, тым ня менш, больш лёгкая, чым уяўляюць сабе «сапсаваныя» заходнія грамадзтвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Церашковіч: Эпідэміі ў пэўным сэнсе — рухавікі прагрэсуАсабіста я лічу, што законы біялёгіі, на жаль, аднолькавыя для беларусаў і гішпанцаў, і я баюся гішпанскага сцэнару, хаця я б хацела, каб Лукашэнка меў рацыю.
І, спасылаючыся на апошнюю частку вашага пытаньня: ці ведае цывілізаваны сьвет, куды ісьці, мой адказ такі: ён ня ўпэўнены на 100 %. Адсюль і складанасьць сытуацыі.
— Цяперашняя пандэмія, на думку некаторых, спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Дый палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той або іншай краіне?
— Мне здаецца, што мы цяпер маем справу з кансэнсусам. Большасьць краін прынялі даволі падобную стратэгію для вырашэньня праблемы. Яны спрабуюць пазьбегнуць краху сыстэмы аховы здароўя (як гэта адбылося ў некаторых рэгіёнах Італіі і Гішпаніі і, верагодна, таксама з самага пачатку ў Ухані), а затым зьбіваюць пашыраньне эпідэміі, каб узровень распаўсюджанасьці стаў ніжэй за 1. Затым пачынаюць паступова размарожваць сацыяльную актыўнасьць, а значыць і эканоміку. Разам з тым яны спрабуюць кантраляваць патэнцыйныя выбухі інфэкцыі з рознай ступеньню посьпеху.
На самой справе, сапраўдная дыскусія не пра тое, што рабіць, а пра прапорцыі паасобных абмежаваньняў і спосабы іх ужываньня і адмены. Напрыклад, у Францыі і ў нейкі момант у Італіі літаральна замкнулі людзей у сваіх дамах, ім было дазволена толькі прайсьці на кароткую адлегласьць ад дому для закупаў і кароткага адпачынку. У Польшчы рэкамэндавана абмежаваньне кантактаў па-за домам і «выхаду з дому без патрэбы», аднак былі зачыненыя ўсе месцы грамадзкага карыстаньня: паркі, дзіцячыя пляцоўкі, нават лясы. Цяпер маскі ўжываюцца паўсюдна. Большасьць краін распрацавалі больш ці менш шчодрыя, у залежнасьці ад магчымасьцяў, пакеты дапамогі для супрацоўнікаў і для бізнэсу. Так што дыскусіі тычацца маштабу, графіку і мэтаду падтрымкі эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарняўская: Галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталяў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?
— Фактычна, гэтая эпідэмія паставіла людзей перад многімі маральнымі дылемамі, але дылема паміж эканомікай і жыцьцём людзей не была галоўнай сярод іх. У рэшце рэшт, эканоміка паводле сваёй сутнасьці — гэта і жыцьцё людзей. Эканоміка не існуе сама па сабе. Самай фундамэнтальнай праблемай, зь якой мы сутыкаемся — як грамадзтвы могуць абараніць сваіх самых слабых і самых старых чальцоў. Таксама ў сытуацыях гранічных, калі гаворка ідзе пра жыцьцё пацыентаў і недахоп мэдычнага абсталяваньня. Гэтая сытуацыя паказала нам, што прыроду можна абдурыць, вы можаце яе сагнуць, але мы ўсё яшчэ не яе гаспадары, а частка яе. Сучасны чалавек, асабліва жыхары Захаду, прызвычаіліся да таго, што жыцьцёвыя нягоды, якія выклікаюць у іх страх і боль, могуць быць ліквідаваныя. Сёньня ўсе абароненыя. Вакцыны і антыбіётыкі ад хвароб, шлемы на раварыстах, пасы ў аўтамабілях, страхаваньне ад пажару, апараты для штучнага дыханьня, псыхолягі і тэрапэўты ад душэўных боляў. Здаецца, што жыцьцё павінна быць бясьпечным, і вы можаце проста забыцца пра сьмерць. Аказваецца, ня ўсё так проста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг Алена Гапава: У барацьбе з пандэміяй адзінае выйсьце — больш сацыялізму— Цяпер даволі папулярная тэорыя калектыўнага, статкавага імунітэту, у адпаведнасьці зь якой толькі калі велізарная частка папуляцыі перахварэе, пандэмія спыніцца. Ці не вызначае гэтая тэорыя нейкую новую, нечалавечую лёгіку — лепш перахварэць зараз, пакуль яшчэ ёсьць ложкі ў шпіталях і апараты штучнага дыханьня?
— Што тычыцца статкавага імунітэту, то горшы варыянт палягае ў тым, што гэты вірус з-за сваёй схільнасьці да мутацыяў наогул не дае такога сталага імунітэту. Зразумела, што калі пэўная колькасьць людзей набудзе хоць бы часовы імунітэт, то эпідэмія будзе спыненая на некаторы час. Але варта памятаць, што пры звычайных прастудных захворваньнях, якія часьцей за ўсё выклікаюцца іншымі відамі каранавірусаў, чалавек не становіцца імунны. Ён можа захварэць і дзясяткі разоў у сваім жыцьці. Так, перахварэўшы, ён няўразьлівы ад інфэкцыі на працягу некалькіх месяцаў, гадоў. А потым ізноў. І, дарэчы, спачатку я падумала, што, можа быць, было б лепш захварэць на гэтую праклятую рэч і пакінуць яе ў мінулым. У мяне здаровае сэрца, у мяне няма атэрасклерозу, дыябэту або высокага крывянога ціску, я яшчэ не дасягнула ўзросту рызыкі, у мяне ніколі не было асаблівай схільнасьці да рэсьпіратарных захворваньняў. Але, на жаль, усё ня так проста. У мяне 80-гадовая маці і што было б, калі б я заразіла яе?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Богдан: Беларусі ў барацьбе з пандэміяй рызыкоўна малпаваць навакольны сьвет— На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя зьмены, калі, насуперак перакананьню прэзыдэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?
— Я не люблю абмяркоўваць гіпатэтычныя сытуацыі. Я ня ведаю, што будзе, калі Лукашэнка памыляецца. Гэта істотна аслабіць яго ўладу. Асабліва ва ўласным яго атачэньні. Што будзе далей і хто паспрабуе атрымаць з гэтага карысьць? Бог ведае. У Расеі будуць свае праблемы ў любым выпадку. Хіба што гэта можа быць пэўным суцяшэньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касьцюгова: Пандэмія можа стаць фактарам палітычных пераменаў— Ужо цяпер эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі і прагназуецца далейшае падзеньне — спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім яно будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых — ЗША, Кітай, ЭЗ, Расея?
— Я не эканамічны экспэрт. Я ня ведаю, як будзе выглядаць глябальны крызіс, выкліканы пандэміяй. Прагнозы спэцыялістаў вагаюцца ад прадказаньня апакаліпсісу да заявы, што праз два гады ўсё вернецца на ранейшыя рэйкі. Як бы там ні было, я рада, што ў Эўропе ўсё яшчэ ёсьць шмат уласнай сельскай гаспадаркі і ўласных прадуктаў харчаваньня. Няясна, ці зможа Кітай выйсьці з гэтага крызісу мацнейшым, як кажуць некаторыя, хоць яны і цяпер шмат робяць у гэтым кірунку, у тым ліку і ў сфэры PR. Асабіста я была б вельмі рада, калі б гэты крызіс выклікаў усьведамленьне таго, што глябальная эканоміка (напрыклад, 70 % сусьветнай вытворчасьці мэдычных кампанэнтаў) ня можа быць настолькі залежнай ад небясьпечнай таталітарнай дзяржавы. Дарэчы, вы ведаеце, што высьветлілася, што ў ЭЗ амаль не засталося швейных фабрык? Я толькі што даведалася, што Польшча хоча выкарыстаць гэта, таму што мы адзіныя, хто мае досыць вялікую колькасьць такіх вытворчасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фіштэйн: Памылкова думаць, што ў выніку пандэміі чалавецтва ўсьвядоміць нешта вялікае і важнае— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?
— Не, я не чакаю вялікай вайны. Але будзе сурʼёзная напружанасьць. На жаль, яна можа праявіцца ў так званых проксі-войнах — войнах, у якіх ваююць ня самі галоўныя гульцы, а іх пратэжэ.
— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?
— Я рэалістка. Я думаю, што ў сьвеце паступова адбываюцца рэальныя перамены. Калі толькі мы ня маем справу з гіганцкай трагедыяй і шокам. Мы не перажывалі нічога падобнага, таму варта выказаць здагадку, што калі гаворка заходзіць аб інтэлектуальных дыскусіях, усё будзе так, як раней. Некаторыя засяродзяцца на перавагах глябалізму, іншыя — на яго недахопах. Як я ўжо сказала, будзе крыху больш усьведамленьня крохкасьці і нявызначанасьці нашага «шчасьлівага жыцьця». Але каб нешта зламаць па-сапраўднаму і рабіць гэта штодзень, нам спатрэбіцца вялікая трагедыя, ад чаго барані Бог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мацкевіч пра рэакцыі на сьмерці праз COVID-19: «Кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры»— Пандэмія спараджае ў сьвеце і прыклады салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і прыклады эгаізму, проста паводле лягернага закону — памры ты сёньня, а я — заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?
— Хай бы гэты крызіс выклікаў у нас роздум аб нашай цывілізацыі з «анархічным спажываньнем і турыстычным бачаньнем сьвету», як апісаў яе Марсэль Гашэ. А таксама большую павагу да прыроды, часткай якой мы зьяўляемся і ў якой мы абавязкова павінны жыць у фізычным і мэнтальным сэнсе. На мой погляд, гэта азначае неабходнасьць прыслухоўвацца да некаторых фрагмэнтаў тэзаў, якія абвяшчаюць процілеглыя ідэалягічныя і палітычныя плыні.
Напрыклад, кансэрватыўная тэза, паводле якой сьвет павінен быць вельмі асьцярожны з генэтычнымі маніпуляцыямі, а таксама з маніпуляцыямі з чалавекам у імкненьні вызваліць яго ад усіх пакут і забясьпечыць яго поўным шчасьцем тут, на зямлі. Гэта нерэальная мэта. Ня варта спрабаваць цалкам аддзяліць чалавека ад прыроды. Зь іншага боку, варта ўлічваць і тэзіс эколягаў і «зялёных» пра тое, што мы павінны абмежаваць разбуральны ўплыў чалавека на сьвет, які ў многіх фрагмэнтах проста руйнуецца ад некантраляванай хцівасьці ды прагнасьці да ўлады.