Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч: «Лукашэнка мае амаль зьвярынае адчуваньне моманту»

абноўлена

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы філёзафа-мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча.

Сьцісла:

  • Кіраўнік дзяржавы — майстра знаходзіць вінаватых, і тлумачыць, што нешта адбылося, таму, што яго не слухалі — у лазьню не хадзілі, не забівалі вірус гарачынёй, і ў хакей не гулялі, вірус не замарозілі
  • Няма даверу да афіцыйных зьвестак, няма і рэальных падставаў сумнявацца
  • Павольны распаўсюд каранавірусу ў нашай краіне дае час падрыхтавацца
  • Давайце зачынім неінфікаваных па хатам, каб не хадзілі на працу, вучобу, у кавярні і на танцулькі! Але хто будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гэтых хатаў электрычнасьцю, цяплом, вывозіць сьмецьце?
  • Тэндэнцыя «больш сацыялізму», калі ня стане дамінуючай, дык можа вельмі ўзмацніцца. Яна ўзмоцніцца максымай «найперш бясьпека, а потым свабода».
  • Нават калі пагроза ня мае высокай імавернасьці, місія інтэлектуала вымушае яе перабольшваць гэтую імавернасьць
  • Чалавецтва ня мае той салідарнасьці, якую можа адрадзіць.

— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе працягвае футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш-менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

— Тут адразу некалькі розных пытаньняў. Вядома, што кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры, бяз густу і шляхетнасьці, часткова наўмысна, часткова натуральна, ён прамаўляе зусім не дыпляматычныя і не акадэмічныя рэчы. Гаворыць, як «бог на душу пакладзе». Відаць, гэта яму і ягоным заўзятарам падаецца чымсьці кшталту «народнай мудрасьці». Гэта рэжа слых густоўным і інтэлігентным людзям. Але яму нельга адмовіць у здаровым сэнсе і інстынктыўным адчуваньні настрояў, папулісцкіх меркаваньняў. І шмат у чым ягоныя «пэрлы» рэзануюць з гэтымі настроямі.

Але сутнасьць крыецца не ў яго рыторыцы. Ён мае амаль зьвярынае адчуваньне моманту. Ад самага пачатку ён зразумеў, што калі прыме хоць нейкія захады, за іх яму і адказваць давядзецца. Карантын, зачыненыя межы, абмежаваньне публічных мерапрыемстваў — гэта зусім нятанная справа. Гэтыя захады маюць высокі кошт. А хто заплаціць? Пушкін ці Лукашэнка? Ён ня хоча плаціць за прынятыя ім рашэньні, несьці за іх адказнасьць. А можа і ня мае, чым плаціць, і ня здольны адказваць. Таму яму карысьней заняць менавіта такую пазыцыю, як цяпер.

І ён усьведамляе рызыку. Паўплываць на распаўсюд вірусу ён ня можа. А раптам будзе выбуховы распаўсюд? Ну, хай будзе — ён тут пры чым? Гэта ня ён, гэта тыя, «хто бадзяецца па вуліцах, замест таго, каб сядзець у хаце». Або проста — яно само так здарылася. Кіраўнік дзяржавы — майстра знаходзіць вінаватых, і тлумачыць, што нешта адбылося, таму, што яго не слухалі — у лазьню не хадзілі, не забівалі вірус гарачынёй, і ў хакей не гулялі, вірус не замарозілі.

Ну, а замінаць камусьці спыніць працу, перайсьці на працу на адлегласьці, ён ня будзе. Гэта іх прыватная справа, іх рашэньне, то хай самі і адказваюць, і грашыма, і стратамі.

А ці мае ён рацыю — гэта больш складанае пытаньне. З пункту гледжаньня сваіх асабістых эканамічных і палітычных інтарэсаў — безумоўна. Тут ён вельмі прагматычны.

Іншая рэч — як ягоныя рашэньні могуць паўплываць на пашырэньне эпідэміі. Гэтага ніхто не ведае. Тут як пашанцуе. Можна ўявіць, што ў Беларусі эпідэмія будзе ў межах, сярэдніх для рэгіёну паўночнай і сярэдняй Эўропы, прыкладна паміж Чэхіяй і Швэцыяй. То бок, на сёньняшні дзень прыкладна паміж 3330 (Чэхія) і 5000 (Швэцыя) тых, хто заразіўся. Лічбы вельмі ўмоўныя і няпэўныя, бо ў розных краінах розная статыстыка, розныя нормы выкананьня рэкамэндацый САЗ. І гэта без прагнозу эскаляцыі распаўсюду. Але афіцыйна ў нас амаль у 10 разоў меней. Што ня дзіўна для краіны татальнай хлусьні.

Але, зь іншага боку, хоць няма даверу да афіцыйных дадзеных, няма і рэальных падставаў сумнявацца. Можна забараніць чыноўнікам гаварыць праўду, можна запалохаць пэрсанал паліклінік і шпіталёў. А ці можна прадухіліць уцечку ад сваякоў, калегаў захварэлых і памерлых? А такіх уцечак не было да апошніх дзён. Хацелі схаваць сьмерць першай ахвяры ў Віцебску, але не маглі схаваць сьмерць вядомага актора. І прозьвішча Аляксандры Чэпік адразу ўсплыла. Ці магчыма схаваць і ўтаіць сьмерць соцень ахвяраў? Цяжка такое сабе ўявіць. Паводле апошніх дадзеных у Чэхіі памерлі 32 чалавека, а ў Швэцыі — 252. І тая лічба, і другая — гэта шмат. Схаваць такое нават Ярмошына ня здольная.

Пытаньні, пытаньні! Дзе адказ? Я яго цяпер ня маю.

— Многія выказваюць падазрэньні ў тым, што афіцыйныя беларускія дадзеныя пра колькасьць захварэлых на каранавірус і колькасьць памерлых ад яго істотна заніжаюцца. Дарэчы, у Кітаі прынамсі напачатку ўлады таксама хавалі інфармацыю аб маштабах эпідэміі і затыкалі раты дактарам, якія распавядалі пра хваробу. Але потым кітайскія ўлады прызналі і маштабы захворваньня і яго спэцыфічнасьць. Пры якіх умовах гэта можа адбыцца ў Беларусі? І ці адбудзецца наагул хоць пры якіх умовах?

— Часткова я ўжо пачаў адказваць на гэтае пытаньне. Чакаць праўды ад таталітарных, нават аўтарытарных урадаў не варта. Чыноўнікам забаронена гаварыць праўду, мэдыкі запалоханыя, а калі і даюць дакладныя лічбы, яны даходзяць толькі да чыноўнікаў, якім забаронена гаварыць. Сумленных журналістаў таксама імкнуцца запалохаць, узгадаем з гэтай нагоды арышт Сацука. Але ці дзейсныя гэтыя меры?

Паводле інфармацыі са шмат якіх раёнаў, там усё ціха. Падрыхтоўка на выпадак пачатку эпідэміі вядзецца.

Павольны распаўсюд каранавірусу ў нашай краіне дае час падрыхтавацца. Адтуль, дзе захворваньняў пакуль няма (прыкладам, з блізкага да Менску Дзяржынску), адразу прыйдуць зьвесткі, калі там нешта здарыцца. Так, як са Смалявічаў. Дзе таксама няма агмяню, няма сваіх інфікаваных, але ў раённы шпіталь сталі прывозіць хворых зь іншых мясцовасьцяў, пераважна зь Віцебскай вобласьці.

У рэжыму няма поўнага кантролю інфармацыі. Як толькі, дык адразу мы даведаемся пра шырокі распаўсюд вірусу. Тут не трэба ні фэйкаў, ні кансьпіралёгіі. Патрэбны здаровы сэнс і сэлекція інфармацыі.

— Цяперашняя пандэмія, на думку некаторых, спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умовай выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Дый палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Увесь мой жыцьцёвы досьвед, мой сьветапогляд, практыка працы з аналітыкай і лёгікай, дазваляюць мне быць упэўненым (ня верыць, а мець такую ўстаноўку і прынцып) у тым, што разумнае рашэньне заўсёды існуе. Хоць бы па мэтаду міні-максу.

Так — дылема сапраўдная. Я б трохі яе перафармуляваў: Уратаваньне фізычнага жыцьця хворых і рызыкуючых памерці, ці ўратаваньне ладу жыцьця тых, каму наканавана выжыць пасьля рэцэсіі і крызісу, выкліканых эпідэміяй. Жыцьцё пасьля эпідэміі будзе цяжэйшым, чым да яе. Ці мы маем волю фьючарсна ахвяраваць часткаю дабрабыту тых, хто выжыве, дзеля ўратаваньня жыцьця тых, каго можам уратаваць зараз? Экзыстэнцыйная праблема.

Вырашэньне гэтай праблемы цісьне на сумленьне, у першую чаргу тых, хто прымае рашэньні, але таксама ўсіх і кожнага. Проста цяжар адказнасьці розны. Ад тых, хто прымае рашэньні, патрабуецца яшчэ і розум. Трэба сьціпла абмяжоўвацца і не пераацэнваць магчымасьці чалавечага розуму.

Розум ня здольны знаходзіць найлепшае рашэньне пры такім недахопе інфармацыі. Навука ня можа так хутка, цягам некалькіх месяцаў, дасьледаваць уласьцівасьці новага вірусу і сымтаматыку хваробы, якую ён выклікае. Ніводзін эканамічны экспэрт ня здольны зрабіць высновы і даць рэалістычны прагноз з такой колькасьцю фактараў, якія немагчыма пралічыць. Штучны інтэлект мог бы дапамагчы з апрацоўкай гэтых вялікіх дадзеных, але яму патрэбная матэматычная мадэль, хаця б нацыянальнай (не замахваемся пакуль на глябальную) эканамічнай сыстэмы з улікам новых фактараў, кшталту «чорнага лебедзя» — эпідэміі невядомага вірусу.

Наколькі мне вядома, пакуль ніводная краіна ня мае такіх матэматычных мадэляў, хоць тэарэтычна для гэтага шмат што падрыхтавана. Нават шмат Нобэлеўскіх прэмій па эканоміцы (біхевіяральнай эканоміцы, у прыватнасьці) за гэта выдадзена. Трэба спрагназаваць паводзіны насельніцтва, эканамічна актыўных суб’ектаў, фінансавых інстытутаў з улікам усіх новых фактараў. Але нічога гэтага няма. Дык як палітыкам і адказным інстытутам прымаць разумныя і эфэктыўныя рашэньні? Ім не пазайздросьціш.

Але неабходна. Таму, такі роскід рашэньняў урадаў розных краінаў і міжнародных арганізацый.

І чым складанейшая структура ўраду ці сыстэма кіраваньня арганізацыяй, тым менш надзеі на дакладнае і прагматычнае рашэньне. Некаторыя ўрады прымаюць цалкам панікёрскія рашэньні. Гэта тычыцца і некаторых органаў самакіраваньня ў Італіі.

Здаецца, каранавірус стварыў сытуацыю, якой няма аналягаў у гісторыі. Эпідэміі былі і раней, нават больш страшныя, але ніколі чалавецтва так сынхронна і супольна не рэагавала на гэтыя беды. Супольна і сынхронна, але не дамовіўшыся, не ўзгадніўшы, ня ўзважыўшы свае рашэньні. Гэта падобна на рэакцыю аморфнага натоўпу. Толькі чальцамі, часткамі «натоўпу» цяпер зьяўляюцца кіраўнікі краінаў, урады, экспэрты.

Калі чалавецтву хопіць розуму — мы атрымаем шмат урокаў з гэтай сытуацыі. А пакуль кожны ўрад, кожная краіна ратуецца і засьцерагаецца, як умее. І ўмеем мы ўсе не найлепшым чынам.

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняюць разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?

— Так. Мы маем велізарную гуманітарную праблему. Гэта выклік гуманізму і гуманнасьці ў іх сучасным выглядзе. Тут шмат рэчаў для асэнсаваньня філёзафамі, навукоўцамі гуманітарных дысцыплін, нават тэолягамі. І тэма для доўгіх развагаў.

Я закрану толькі адзін момант — гуманістычная дылема карантыну. Татальна карантын арганізаваць немагчыма. Немагчыма зачыніць кожнага чалавека ў асабісты бокс з апаратам штучнага дыханьня. Нават без усялякага апарату.

Але, карантын — амаль адзіны разумны сродак засьцярогі ад распаўсюду вірусу і памяншэньня рызыкі інфэкцыі. Можа быць абвешчаны татальны карантын, а рэальна магчымы толькі лякальны.

То бок, рэальны карантын падзяляе ўсю папуляцыю, усю супольнасьць, на дзьве няроўныя часткі: адны хаваюцца і адгароджваюцца ад іншых. Але гэта ня хворыя ад здаровых, не інфікаваныя ад тых, хто яшчэ не. Гэта проста адна частка людзей ад другой. Можна заблякаваць хворых і інфікаваных у шпіталях і адмысловых памяшканьнях. Але зь імі ўсё роўна застануцца мэдыкі, якія рызыкуюць. А дзе тыя, што ўжо падхапіў вірус, але ён яшчэ не праяўлены? Яны сярод астатніх.

Давайце зачынім неінфікаваных па хатах, каб не хадзілі на працу, вучобу, у кавярні і на танцулькі! Але, хто будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гэтых хатаў электрычнасьцю, цяплом, вывозіць сьмецьце?

Калі ўсіх зачыніць у хатах немагчыма, значыць мы падзялілі ўсё насельніцтва на дзьве часткі: адных, каму стварылі ўсе ўмовы, каб засьцярагчыся ад заразы, і тых, кім можна рызыкаваць, каб яны забясьпечвалі ўмовы жыцьця першым. Карантын толькі на першы погляд выглядае гуманным. А калі падумаць, то гэта гуманнасьць не для ўсіх. Гэта як дэман Максвэла — дзьве прасторы, у адной высокая рызыка і шанец заразіцца вірусам, у другой мінімізацыя рызыкі. І прапускны кляпан, які рэгулюе, каго куды, адным — рызыка, другім — бясьпека. А хто сядзіць за кляпанам? Хто вырашае, каму куды?

Ну ладна, мэдыкі, яны давалі клятву Гіпакрата. Іх месца зразумелае. А кіроўца фургону хуткай дапамогі? Ён не даваў клятвы Гіпакрату. А апэратары элетрасетак? А дворнікі? А прадаўцы?

Чаму мы ратуем студэнтаў, а што з салдатамі? Як іх на карантын усіх пасадзіць?

Атрымоўваецца, што перад вірусам усе роўныя, а перад тым, хто абвяшчае карантын, адны раўнейшыя за іншых. Гэта праблема.

І трэба быць настолькі самаўпэўненым, як Трамп ці Лукашэнка, каб не пакутаваць мукамі сумленьня, прымаючы такія рашэньні, і добра спаць па начох. Гэта вам не Напалеон у чумным бараку, і не Чапай наперадзе на ліхім кані.

— Ужо цяпер эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, прагназуецца і далейшае падзеньне — спрэчкі ідуць толькі наконт таго, наколькі яно будзе глыбокім. Як зьменяцца вагі асноўных геапалітычных гульцоў на міжнароднай арэне — ЗША, Кітай, Эўразьвяз, Расея? Хто ўмацуецца, хто аслабее?

— Ну, выбітныя эканамічныя экспэрты нешта фіксуюць, што я магу тут дадаць ці крытыкаваць. Хоць іх высновы відавочныя нават ня вельмі дасьведчаным назіральнікам. Ня ведаю, можа выбітныя экспэрты ўжо гэта сказалі, але я не магу за ўсімі выказваньнямі сачыць. Я пра адмену кантролю за эмісіяй тых трыльёнаў, якія плянуецца выдаткаваць на барацьбу з эпідэміяй, на кампэнсацыю стратаў розных эканамічных суб’ектаў і на ліквідацыю наступстваў пандэміі.

Можа хтосьці і змадэляваў, ува што гэта выльецца. Зь якой хуткасьцю будуць прадукавацца гэтыя трыльёны друкаркай? Якой будзе грашовая маса пад канец крызісу? Як яе потым нармалізаваць? Якія валюты найбольш пацерпяць ад гэтага інфляцыйнага галёпу? Напэўна ж эўра і даляр, у першую чаргу.

Што будзе з канкурэнтаздольнасьцю слабых эканомік на фоне інфляцыі валют моцных эканомік?

Гэтая «шчодрасьць» Брусэлю і Вашынгтону дорага абыдзецца ўсім іншым. Нават Кітаю, але ён застанецца галоўным канкурэнтам і глябальным гульцом. Расея, здаецца, ужо па-за гульнёй. Гэта не прагноз. Я не раблю прагнозаў. Гэта так, развага, не болей.

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— Тут таксама шмат аспэктаў і разваротаў. Прафэсар Гапава выказала і без яе вядомы лёзунг «больш сацыалізму». Я не прыхільнік сацыялізму, нават наадварот. Але тут мая прыхільнасьць мала на што ўплывае. Тэндэнцыя «больш сацыялізму», калі ня стане дамінуючай, дык можа вельмі ўзмацніцца.

Яна ўзмацніцца максымай «найперш бясьпека, а потым свабода». Падчас эканамічнага крызісу 1920-30-х гадоў пэрсанажы «Трохграшовай опэры» Брэхта сьпявалі іншую максыму: «Спачатку хлеб, а мараль — потым». Але тады сьвет быў бедны і галодны. Цяпер шмат што зьмянілася. Хлеба, напэўна, хопіць. Але каштоўнасьць бясьпекі будзе вышэйшая за каштоўнасьць свабоды.

Наўрад ці гэтая тэндэнцыя будзе заканадаўча замацаваная ў краінах сталай дэмакратыі. Надзвычайныя меры будуць адмененыя, але, закон законам, а звычка застанецца. Свабода сходаў застанецца дэкляраванай, але пад пільным наглядам. А што будзе ў Вугоршчыне? Пра Беларусь маўчу.

Спадзяюся, што пабольшаньне сацыялізму не закране ўсе галіны і сфэры жыцьця і дзейнасьці, толькі некаторыя.

Скажу болей. Сацыялістычныя прынцыпы ў галіне аховы здароўя і барацьбе з масавымі эпідэміямі могуць падавацца больш практычнымі. Гэта тычыцца мабілізацыйных рэсурсаў і магчымасьцяў падчас надзвычайнага становішча. Таннасьць дзяржаўнай мэдыцыны робіць яе больш прыстасаванай да хуткага расшырэньня койка-месьцаў. Яшчэ некаторыя аспэкты дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя выглядаюць як яе перавагі. Дысцыпліна, шырокі прафіляктычны ахоп насельніцтва, незалежнасьць дзеяньняў мэдыкаў ад правоў пацыентаў, шмат што яшчэ.

І гэта не заўсёды ўяўныя прапагандысцкія перавагі, тут ёсьць рацыянальнае зерне. Таму перагляд прынцыпаў пабудовы сыстэмы аховы здароўя абавязкова будзе. Прыватная мэдыцына мае свае перавагі, але яны тычацца складаных і рэдкіх захворваньняў, а ня масавых, сэзонных, і эпідэмій.

Але, баюся, што і прафэсар Гапава можа быць расчараванай. Шмат якія недарэчнасьці ў барацьбе з эпідэміяй каранавірусу вынікаюць з папулізму, з залежнасьці рашэньняў урадаў ад настрояў публікі, ад панічных выбухаў, ад прагі да простых рашэньняў.

Менавіта папулізм стаўся прычынаю нерацыянальных рашэньняў у некаторых краінах. І ёсьць небясьпека, што і выхад з крызісу таксама будзе пад уплывам менавіта папулізму, а не сацыялізму.

Прадухіліць узмацненьне папулізму здольная толькі супольнасьць інтэлектуалаў, і рэфлексіўнасьць дбайных палітыкаў. Але інтэлекту і рэфлексіўнасьці саміх па сабе замала. Патрэбная воля. Ня толькі палітычная воля, але і воля да ісьціны, ці мужнасьць розуму. І менавіта гэтых якасьцяў цяпер не хапае інтэлектуальным элітам. А без інтэлектуальных элітаў і палітыкі пазбаўляюцца, калі ня волі, як такой, то ўпэўненасьці ў сваіх рашэньнях. Упэўненасьць у сваіх здольнасьцях прымаць рашэньні і выконваць іх — ёсьць паўфабрыкат волі. Толькі ўзаемадзеяньне палітычных элітаў з інтэлектуальнымі забясьпечвае ўпэўненасьць і спрыяе праяўленьню волі.

— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым самі грамадзтвы, урады, у тым ліку і ў самых дэмакратычных краінах, усталёўваюць шмат дзе такія абмежаваньні свабоды, якія раней былі ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Юваль Гарары прагназуе умацаваньне кантролю дзяржавы над людзьмі. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні і ўмацаваны кантроль? Пройдзе пандэмія і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Ці можна зараз сказаць, чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны на сьвет да яе?

— Да выказваньняў Юваля Гарары я стаўлюся з вялікім скепсісам, але не магу іх ігнараваць. Ня ён адзін так выказваецца. І ня кожны, хто гэта гаворыць, насамрэч так думае. Адна з галоўных місіяў інтэлектуала — папярэджваць пра пагрозу і небясьпекі. Нават калі пагроза ня мае высокай імавернасьці, місія інтэлектуала вымушае яго перабольшваць гэтую імавернасьць. Таму шмат адказных і дбайных інтэлектуалаў так і робіць. Тым больш, што гэта небеспадстаўна. Зноў узгадаем прыклад Орбана і Вугоршчыны. Прыслухаемся да крытыкі Трампа, як левай, так і правай.

Дэмакратыя, правы і свабоды не гарантаваныя нам ні разьвіцьцём асьветы, ні інфармацыйным сьветам, ні гісторыяй. Правы чалавека хоць і лічацца натуральнымі, уласьцівымі чалавеку ад прыроды, але яны забясьпечаныя толькі штодзённым клопатам грамадзянаў пра іх. Надзвычайныя меры губляюць сэнс з нармалізацыяй ладу жыцьця самі па сабе, губляюць ідэальны і прагматычны сэнс.

Але яны не губляюць сэнсу для тых, хто прагне большай улады, славы, багацьця. Тыя, хто прагне дыктатуры, былі, ёсьць і будуць пры самай разьвітай дэмакратыі. Але ня трэба даваць ім волі, ня трэба дазваляць. Толькі штодзённы клопат грамадзянскай супольнасьці па абароне правоў кожнага члена супольнасьці гарантуе нас ад дыктатуры і таталітарызму.

Свабода толькі здабываецца і толькі супольнымі высілкамі. І здабываецца ня раз і назаўсёды. А кожны дзень наноў. Амаль, як у земляробстве. Культурныя расьліны культывуюцца, растуць пад пільным наглядам гаспадара, паліваюцца не толькі вадою, але і чалавечым потам. Калі спыніць клопат хоць на нейкі час, культурныя расьліны гінуць пад ціскам пустазельля. Гэта пустазельле дыктатуры расьце само, а свабода і правы культывуюцца грамадзянамі. На жаль, іншых гарантыяў я ня ведаю.

— І Гарары, і Алексіевіч спадзяюцца на адраджэньне чалавечай і міждзяржаўнай салідарнасьці. А вы? Ці не наступае час маралі «кожны за сябе» — дзяржава, сацыяльная група, чалавек?

— Гарары — папулярызатар пазытывізму, Алексіевіч — паэт. Так, своеасаблівы, але паэт, пясьняр пэўных каштоўнасьцяў. Ім уласьціва спадзявацца.

Я філёзаф. Прычым філёзаф мэтадалягічнай школы. Часам, па-за сфэраю свайго адмысловага інтарэсу і адказнасьці, я таксама магу выказаць некаторыя спадзяваньні і надзеі, нічога паэтычнага і рамантычнага я не цураюся.

Але беспадстаўных спадзяваньняў ня маю.

Чалавецтва ня мае той салідарнасьці, якую можа адрадзіць. Пакуль чалавецтва яшчэ не выпрацавала, не стварыла такой салідарнасьці. Есьць спарадычныя праявы і гістарычныя прэцэдэнты. Рамантыкі бачаць у іх салідарнасьць, я бачу хутчэй часовыя хаўрусы. Ужо і гэта някепска. Адзін часовы хаўрус, другі, пяты, дзясяты — і мы, можа быць, навучымся салідарнасьці. Мы ж (чалавецтва) спынілі нацызм! Хоць і дазволілі галакост. Мы (цывілізаванае чалавецтва) пазьбеглі ядзернай вайны, трымаем пагрозу яе пад кантролем! Але мы не здольныя скаардынаваць высілкі супраць кліматычнай пагрозы. Мы спынілі камунізм з яго ўсясьветнай рэвалюцыяй і абагульненьнем усяго, што маем. Але не пазбавіліся індывідуальнага і карпаратыўнага эгаізму. Мы любім сябе гуманнымі, салідарнымі, дапамагаючымі ўсім, каму патрэбная дапамога ад хваробы, голаду, гвалту. Але яшчэ больш мы любім сябе ў гэтай ролі, таму хутчэй робім выгляд, што дапамагаем, што мы гуманныя і салідарныя, чым зьяўляемся такімі.

Мы (чалавецтва ў цэлым) рухаемся ў гэтым кірунку. Мне гэты кірунак падабаецца. Але мы часта збочваем і адхіляемся ад маршруту.

Чалавецтва і яго тэхнасфэра цалкам зьмянілі прыроду на Плянэце. Будзем працягваць яе мяняць, толькі трохі асьцярожней, каб не палохаць Грэту і не пазбавіць яе дзяцінства.

Але ўжо надышоў час пераключыцца з прыроды на самога чалавека, пачаць мяняць сябе. Выпрацоўваць тую салідарнасьць, якой прагнем, рабіць сябе вартымі салідарнасьці і здольнымі да яе. Тут работы — непачаты край.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG