«Хюґе па-беларуску». Музыкант: «Шчасьце — гэта ў пэўным сэнсе аргазм»

«Я быў шчасьлівы, што ў мяне атрымалася новая песьня»

«Ты сядзіш на беразе Нёмана, чуеш пах ракі, шум хваляў. Вада цёмна-блакітная. Сонца заходзіць. Ты ў гэты час граеш на банджа, п’еш віскі, крышку бурштынавага колеру. Пры гэтым ты перабіраеш рукамі валасы каханай жанчыны. Гарыць вогнішча. Ты адчуваеш дотык ветру да твару і пах вогнішча».

Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У гэтым праекце Свабода шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.
  • Герой: Алесь Дзянісаў
  • Месца: Горадня
  • Адукацыя: вышэйшая, факультэт гісторыі ГрДУ.
  • Дзейнасьць: журналіст-фрылансэр, музыка.
  • Узрост: 45 гадоў
  • Сямейнае становішча: жанаты, ёсьць дачка.
  • Даход: «Вельмі розныя даходы могуць быць у месяц».

Алесь Дзянісаў

Алесь Дзянісаў перадусім вядомы як лідэр музычнага гурту Dzieciuki, які зьявіўся ў 2012 годзе. Аўтар гітоў «Калі над лугам бусел праляцеў», «Тадэвуш Касьцюшка», «Гародня». Ён з паплечнікамі выступаў на #БНР-100 і #БНР-101. Сольных канцэртаў Dzieciuk’оў у Беларусі амаль не было — з прычыны негалоснай забароны з боку ўладаў. Шмат выступаюць за мяжой.

Дзянісаў таксама сузаснаваў гурты «КальЯн» у 1996 годзе і «Людзі на балоце» ў 2011 годзе. «Людзі на балоце» запісалі два альбомы, адзін зь іх — лірычны альбом на вершы горадзенскай паэткі Дануты Бічэль — дагэтуль ня выдадзены.

Алеся неаднаразова судзілі за «працу без акрэдытацыі» як журналіста.

Герой прыехаў на сустрэчу на ровары. Мы гаворым зь ім пра шчасьце ў пакойчыку на некалькі квадратаў, які Dzieciuki арандуюць для рэпэтыцый у прамысловым будынку.

Сольныя канцэрты Dzieciuk’оў у Беларусі амаль не адбываліся празь негалосную забарону гурту ўладамі

Калі вы бываеце шчасьлівы?

«Я думаю, кожны чалавек адчувае шчасьце ў тых умовах, да якіх ён прызвычаіўся або якіх ён чакаў. Па-другое, калі чалавек ставіць нейкія мэты, да чагосьці імкнецца і чагосьці дасягае.

Бывае звычайнае, простае шчасьце. Набыў нешта зь ежы, чаго вельмі хацелася: сушанай рыбы, або смачны сыр, які табе вельмі падабаецца, ён даволі дарагі, а ты час ад часу сабе купляеш, каб сябе пабалаваць. Ты адчуваеш кароткае, маленькае, але таксама шчасьце. Я ня ведаю, як праводзіць градацыю, як комплексна рассоўваць вялікія і дробныя шчасьці.

Што мы разумеем пад паняцьцем шчасьця? Гэта ўсё будзе вельмі суб’ектыўна. Хаця ёсьць рэчы больш агульныя, зразумелыя большасьці людзей. Напрыклад, я адчуваю шчасьце, што ў мяне ёсьць дачка. Як японцы кажуць, гэта страла, якую мы пусьцілі наперад. Мы сыдзем у магілу, і мы знаходзім свой працяг у сваіх дзетках».

«Каб быць цалкам шчасьлівым, трэба быць абсалютным дурнем»

«Мы ня можам быць абсалютна шчасьлівымі. Як казаў Махатма Гандзі, няможна адчуваць сябе шчасьлівым, калі навокал столькі нешчасьлівых людзей. Як па мне, гэта фантастычная рэч. Бо каб быць цалкам шчасьлівым, трэба быць абсалютным дурнем ці вар’ятам. Зь іншага боку, гэта можа быць чалавек страшэнна эгаістычны і накіраваны толькі на сябе. Мне, напрыклад, у дадзены момант хораша. Але на цябе ўплывае, калі захварэў твой сусед, скралі гаманец у твайго сябра — рэчы, якія датычаць цябе і твайго сьвету.

Можна пайсьці далей і глыбей. Мы жывём не ў Сярэднявеччы, а ў глябальным сьвеце. Наступствы падзей у гэтым сьвеце на нас уплываюць. Зараза каранавірусу была ў Кітаі — раз, і яна стала праблемай усяго сьвету. Калі б яна не прыйшла яшчэ ў Беларусь, усё роўна мы б баяліся і пераймаліся, што людзі паміраюць, напрыклад, у Італіі. Гэта нас таксама бянтэжыць.

Ёсьць людзі, якія ўвесь час пра нешта глябальна клапоцяцца: вось галадаюць дзеці Мазамбіку, вось у Этыёпіі не хапае вады. З аднаго боку, нас павінна гэта хваляваць. Зь іншага боку, пачаць трэба зь сябе. Калі цябе хвалюе праблема экалёгіі, пачні асобны збор сьмецьця ці пайдзі зь сябрамі пазьбірай сьмецьце ў лесе. Я, напрыклад, ніяк не магу дапамагчы дзецям Мазамбіку. У мяне ня 20 мільярдаў у кішэні і ня 200 мільярдаў на рахунку».

«Я хачу вырошчваць кветкі, вырошчваць курачак, каб яны яйкі несьлі, а я б рабіў кожную раніцу са сваіх яек амлет»

«І са шчасьцем трэба ставіць рэальныя задачы. Я вельмі рэалістычны чалавек. У мяне няма ніякіх далёкіх фантазій, каб паляцець, напрыклад, у космас. Калі ты ставіш рэальныя задачы, у цябе будзе менш абломаў у жыцьці. Я хачу маленькі домік. Гэта ня так даўно ў мяне зьявілася ў галаве. Я хачу там вырошчваць кветкі, курачак, каб яны яйкі несьлі, а я б рабіў кожную раніцу са сваіх яек амлет».

У якія моманты апошнім часам вы адчувалі сябе шчасьлівым?

«У мяне атрымалася новая песьня, я быў шчасьлівы.

Цяпер я пачаў пісаць блог. Я тысячу гадоў не пісаў. І цяпер адчуваю шчасьце, што ў мяне нешта атрымліваецца. Не магу сказаць, што ў мяне тысяча лайкаў, але людзі пісалі, што ім цікава. У нейкім сэнсе я зусім завязаў з журналістыкай, адмыслова сышоў у апэратары. Але форма блогу для мяне — гэта тое, ад чаго адчуў задавальненьне, якое можна назваць дробным шчасьцем».

«Я быў шчасьлівы, што ў мяне атрымалася новая песьня»

Як зьвязанае шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?

«Ніяк наўпрост. Супраца зь „Белсатам“ дае мне шмат вольнага часу. Блог я магу пісаць, седзячы ў Гішпаніі ці на Тыбэце. Да каранавірусу і зачыненьня ўсіх межаў я мог у любы час адпрасіцца і пайсьці ў раваровы паход, ці на байдарках, ці паехаць у музычны тур. Калі б я працаваў у школе, я б сабе такога дазволіць ня мог.

Ці знайшоў я сябе прафэсійна, я ня ведаю. Я ня ўпэўнены, што гэта маё. Я адчуваў задавальненьне і шчасьце, працуючы зь дзецьмі ў школе. Але ўсё астатняе мне не падабалася: ні заробак, ні адсутнасьць вольнага часу, ні ўвесь гэты школьны папяровы маразм».

«Музычная дзейнасьць — прыклад таго, калі я шчасьлівы апрыёры, як і з дачкой. Я шчасьлівы проста таму, што музыка побач са мной. У мяне ёсьць магчымасьць нешта сказаць. Ня ўсім удаецца выйсьці на шырокую аўдыторыю, некаторыя так і гінуць, калі іх амаль ніхто не пачуў. Было шмат таленавітых горадзенскіх гуртоў з 80–90-х гадоў, якія сышлі ў забыцьцё. І нічога не засталося.

Я шчасьлівы, бо побач са мной гэтыя людзі (музыкі гурту Dzieciuki. — РС), проста апрыёры, бо мне зь імі хораша. Мы з 2012 году адзін аднаго ведаем, адчуваем. Вядома, куча канфліктаў выплыла, цяпер менш, прыціраемся. Некаторыя людзі сышлі.

Я шчасьлівы, што мы выйшлі на даволі шырокую аўдыторыю. Я шчасьлівы за Горадню. Мы на ўсіх канцэртах у Польшчы, Нямеччыне, Славаччыне, Літве, Латвіі кажам, што мы з Горадні, што Горадня — гэта фантастычны горад. Мне заўжды хацелася расказаць пра гэты горад, каб людзі даведаліся пра яго. Гэта горад майго дзяцінства, я ў ім вырас. Я шчасьлівы, што жыву ў гэтым горадзе, хоць сам па сабе факт — гэта сьмешна, але ён зьвязаны шмат зь якімі пунктамі майго жыцьця. Успаміны юнацтва, дзяцінства зьвязаныя з гэтым горадам».

«Я шчасьлівы за Горадню»

Што з вамі адбываецца, калі вы шчасьлівы?

«Гэта вельмі індывідуальныя штукі, а зь іншага боку... Вось людзі займаюцца сэксам. Гэта прыемная штука? Прыемная штука. У некаторых бывае аргазм, а некаторым проста прыемна, ці зусім не падабаецца. Калі казаць пра шчасьце, то гэта ў пэўным сэнсе аргазм. І кожны яго адчувае суб’ектыўна, а зь іншага боку, кожны разумее, пра што ідзе размова. Як я магу камусьці апісаць тое, што і так зразумела, пры тым, што гэтая рэч вельмі індывідуальная?»

«Калі казаць пра шчасьце, то гэта ў пэўным сэнсе аргазм»

Як пахне шчасьце? Якога яно колеру, на смак і на дотык? Як яно гучыць?

«Давай прыдумаем лірыку. Ты сядзіш на беразе Нёмана, чуеш пах ракі, шум хваляў. Вада цёмна-блакітная. Сонца заходзіць. Ты ў гэты час граеш на банджа, п’еш віскі, крышку бурштынавага колеру. Пры гэтым ты перабіраеш рукамі валасы сваёй каханай жанчыны. Гарыць вогнішча. Ты адчуваеш дотык ветру да твару і пах вогнішча».

«Ты адчуваеш дотык ветру да твару і пах вогнішча»

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«„За***сь“. Калі ты выходзіш са сцэны, заходзіш у пакойчык, дзе музыкі зьбіраюцца пасьля канцэрту. Ты ўвесь у поце, задаволены, аддаў шмат энэргіі, атрымаў шмат энэргіі. Заходзяць музыкі, твае сябры, зь якімі ты граў толькі што, абдымаесься. Адкаркоўваеш бутэльку мінэралкі. Бярэш халодную мінэралку, пачынаеш піць. Заходзяць твае сябры, якія не музыкі. Гэта ўсё калі ўдалы канцэрт. (Калі няўдалы — такога „хюґе“ не адчуеш). Гэта мітусьня, зь іншага боку — эўфарыя, вяршыня эўфарыі, потым усё пойдзе на спад. Гэта і ёсьць адзін з прыкладаў, які можна прывесьці».

Наколькі шчасьлівыя беларусы і ў чым іхняе шчасьце?

«Я не магу адказваць за ўсіх беларусаў. Але такое складаецца ўражаньне, што вельмі нешчасьлівыя, вельмі пэсымістычныя, няшмат усьміхаюцца, не падтрымліваюць адно аднаго. У гарадзенцаў, можа, трошкі больш падтрымкі, але ня ў той ступені, як бы хацелася.

Ганарыцца, што мы вялікі народ апрыёры, — гэта ня толькі глупства, але і на мяжы з нацызмам. Між тым падтрымліваць сваіх суайчыньнікаў, адчуваць гонар за сваю гісторыю, культуру, мову, прадстаўнікоў культуры — гэтага няма, гэта вымыта».

«Я б не аддзяляў беларусаў ад усіх астатніх людзей»

«Пры гэтым ня важна, расейскамоўныя, польскамоўныя ці беларускамоўныя — усе мы беларусы. Мы часьцяком адчуваем у некаторых апазыцыйна настроеных палітыкаў, што беларускамоўныя — правільныя беларусы, а вось гэтыя — няправільныя. Што значыць няправільныя? Мы ўсе, хто тут жыве і хоча тут жыць, жадае дабра гэтай краіне — аднолькава важныя. Няважны колер скуры, няважна, на якой мове ён размаўляе, важна, што ён робіць. Але дзяржаўная мова павінна быць адна — беларуская. Гэта дакладна.

Я б не аддзяляў беларусаў ад усіх астатніх людзей, бо мы таксама homo sapiens. Пра простае шчасьце я ўжо казаў: вось ёсьць у цябе дзеткі — ты апрыёры ўжо шчасьлівы. Можа, ты цяпер не здагадваесься, ня цэніш, але яно ўжо проста так табе дадзена.

Цяпер асабліва трэба вучыцца, калі пандэмія, шукаць шчасьце ў дробязях. Вучыцца цаніць кожны дзень. Цаніць сваіх сяброў. Парадавацца, што твая маці яшчэ жывая».

«Селі на байдаркі, на ровары, у аўтамабіль — вандруйце!»

«У нас выдатная прырода, мы едзем туды-сюды і ня ведаем, што маем пад носам. Якія фантастычныя лясы, палі, азёры, рэчкі. Мы ўсяго гэтага ня цэнім. Селі на байдаркі, на ровары, у аўтамабіль — вандруйце. Адчуйце шчасьце, што вы тут жывяце! Парадуйцеся таму, які ў Гервятах клясны касьцёл, якія ў нас фантастычныя Браслаўскія азёры, якая прыгожая рака Котра!»

Калі вы ўмееце быць шчасьлівымі і гатовыя гэтым падзяліцца, пішыце ў акаўнт любой з сацыяльных сетак Радыё Свабода або на электронную пошту radiosvaboda@gmail.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Горадзенскі гісторык: «Усё будзе Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». «Мы без прыроды робімся больш хворымі», — ляндшафтная дызайнэрка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Уласьнік кавярняў: «Шчасьце, вядома, мае смак кавы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Масажыстка: «Пах шчасьця — ён заўсёды розны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Ультрамаратонец: «Я лётаў у снах у 50 год»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Трэнэрка фэйсфітнэсу: «Нашым жанчынам не хапае амэрыканскай усьмешкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?