З інцыятывы вядучых інфэкцыяністаў краіны створаны сайт Covid19center.by, на якім супрацоўнікі Менскай гарадзкой клінічнай лякарні, катэдраў БДМУ і БелМАПА абяцаюць кансультаваць мэдыкаў з усёй Беларусі, якія непасрэдна лечаць пацыентаў з COVID-19.
Кожны лекар краіны можа зь любой прылады апэратыўна зьвязацца з адмыслоўцамі і атрымаць кваліфікаваную параду, як дзейнічаць у няпростай сытуацыі.
У камандзе кансультантаў — Ігар Карпаў, прафэсар, загадчык катэдры інфэкцыйных хваробаў Менскага мэдунівэрсытэту; Юры Горбіч, загадчык катэдры інфэкцыйных хваробаў і дзіцячых інфэкцый Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі; дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў мэдунівэрсытэту Мікіта Салавей; загадчык аддзяленьня інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Менскага клінічнага інфэкцыйнага шпіталя Аляксандар Дзядкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маіх знаёмых мэдыкаў хварэе каля 10 чалавек». Беларускі лекар з каранавірусам расказвае пра хваробуЗа аснову ўзялі досьвед замежных калег. Праграміст Павал Грабчыкаў узяў на сябе тэхнічную частку. На ўсё — ад ідэі да запуску сайта — спатрэбіўся тыдзень.
Разьлічаны гэты рэсурс на дактароў, якія непасрэдна аказваюць дапамогу пацыентам з COVID-19, сказаў Свабодзе дацэнт сталічнага мэдунівэрсытэту Мікіта Салавей.
«Па-першае, на створаным рэсурсе акумулюецца ўся інфармацыя, якая сабраная па гэтай праблеме, у тым ліку і дакумэнты Мінздароўя. Зроблена новая частка, улічаны беларускі досьвед, замежны. Інфармацыя перакладзеная і адаптаваная да нашых рэалій», — патлумачыў Мікіта Салавей.
У базе дадзеных некалькі разьдзелаў: дыягностыка і транспартаваньне, лябараторныя абсьледаваньні, лягістыка пацыентаў зь верагодным альбо пацьверджаным выпадкам і кантактных асобаў; лячэньне пацыентаў; сродкі індывідуальнай абароны; інфармацыйныя рэсурсы; заканадаўчыя дакумэнты.
Па-другое, на сайце ёсьць інтэрактыўная форма, якую любы доктар можа запоўніць, і яму апэратыўна адкажуць.
«Калі нам прыходзіць запыт на кансультацыю, мы адразу можам зьвязацца з гэтым доктарам празь любы канал сувязі альбо адказаць на e-mail.
Таксама на сайце ёсьць база зьвестак са спасылкамі на беларускія і замежныя арганізацыі і замежныя навуковыя часопісы. Праз сайт мэдыкі могуць і падаць заяўку на дапамогу валянтэраў — кампаніі ByCovid19, часопісу «Имена» і менскага хакерспэйсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы супраць каранавірусу. Яшчэ больш ежы для мэдыкаў і праца для звольненых праз пандэміюВа ўсе рэгіёны нашы спэцыялісты рэгулярна выяжджаюць і на месцах дапамагаюць арганізавацца. Ужо выяжджалі ў Віцебск, у тым ліку і ў райцэнтры, у Гомель, Магілёўскую вобласьць, Берасьце. Сёньня адмыслоўцы працуюць у Барысаве», — кажа Мікіта Салавей.
Гэта не адзіны канал сувязі. Ёсьць яшчэ Рэспубліканскі цэнтар апэратыўнага мэдычнага рэагаваньня — любы доктар можа падаць заяўку на кансультацыю зь любога пункту краіны ў любы час сутак. І спэцыяліст выедзе на кансультацыю. Гэта рэальна працуе, — кажа адмысловец.
«Мы зрабілі ўсё на адным сайце, каб было вельмі проста, каб можна было зьвязацца апэратыўна ня толькі з кампутара, але зь любой прылады», — дадае Мікіта Салавей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 памерлі. У Беларусі прызналі 4204 выпадкі COVID-19, плюс 476 за дзень
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.