5 гадоў таму Беларусь страціла грэка-каталіцкага сьвятара, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа Аляксандра Надсана. На жаль, у дзень памяці выбітнага беларуса немагчыма сабрацца разам на імшу, ці паляцець у далёкі Лёндан і ўкленчыць на ягонай магіле, ці паехаць у блізкі Гародзей і пакланіцца сьценам хаты ягонага маленства. Ня можам нават проста прайсьціся тымі самымі сьцежкамі, па якіх у бясконцых гутарках яшчэ ня так даўно блукалі разам зь ім.
Прыгадайма незабыўнае. Кожны — сваё.
Малітоўнік
На імшу ў Кальварыйскім касьцёле 11 сакавіка 1990-га сабраўся ці ня ўвесь тагачасны нацыянальна-адраджэнскі бамонд. Знаёмыя твары сталых лідэраў шчыльна суседнічалі зь юнымі тварыкамі тых, хто неўзабаве стане першымі вуніяцкімі сьвятарамі, рэдактарамі новых царкоўных выданьняў, дасьледчыкамі спадчыны забітых і забытых папярэднікаў. Тая літургія кардынальна зьмяніла і мой лёс.
Маліцца мы тады яшчэ ня ўмелі. Проста слухалі ў аняменьні незвычайнага сьвятара.
А праз пару дзён у клюбе «Спадчына» ён падарыў прысутным колькі асобнікаў кніжачкі «Божым шляхам». Першы ў маім жыцьці малітоўнік для беларусаў зь ягоных рук вось ужо трыццаць гадоў разьдзяляе ўсе мае жыцьцёвыя жарсьці. У штодзённых дарогах і мітрэнгах ён моцна пацярпеў зьнешне, але ўнутраным зьместам ад гэтага стаў яшчэ даражэйшы.
І — зусім асабістае. Чытаньне «Божым шляхам» зьвершавала маю «Капліцу» і моцна спрычынілася да наступных шасьці кніжачак.
Споведзь
Неўзабаве пасьля выхаду «Капліцы» мы сустрэліся ва ўніяцкай капліцы. Яна месьцілася тады ў адным з памяшканьняў былога кляштара бэрнардынцаў у Верхнім горадзе. (Дарэчы, у першыя гады незалежнасьці касьцёл гэтага кляштара ўлады абяцалі аддаць грэка-каталіцкай парафіі, але ня спраўдзілі абяцаньня).
Я адважылася на споведзь. Першую ў сваім жыцьці.
Ён выслухаў пра няшлюбнае жыцьцё, моўчкі паклаў руку на галаву для разграшэньня і дабраславіў далейшае наша сужэнства.
Устаць з каленяў не было сілаў. І ён ціха спытаўся, што яшчэ. Вось жа, вершы складаю... Яны, пэўна, ёсьць пыхаю... Сьлёзы душылі — гэтаму няма дараваньня, падсьвядомае — ні ў чыёй уладзе. А ён нечакана ўсклікнуў: «О, калі б я ўмеў складаць вершы!»
І стала лёгка. На цэлыя чвэрць стагодзьдзя.
У Чырвоным касьцёле
У 2004-м выйшла ягоная кніга «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус». Складаючы жыцьцяпіс свайго духоўнага настаўніка, аўтар фактычна напісаў перадгісторыю адраджэньня вуніяцкае царквы ў Беларусі. Ён вельмі хацеў, каб кніга дайшла да кожнага зацікаўленага чытача. Так і сталася. Сёньня, калі вырасла новае пакаленьне прыхільнікаў Вуніі, гэтае выданьне — бібліяграфічная рэдкасьць, і даўно патрэбна яго перавыдаць. А ў мяне з часу чытацкае далучанасьці да гісторыі сваёй Царквы засталося яшчэ і шчаснае ўзрушэньне ад прапановы айца Аляксандра быць вядоўцай на прэзэнтацыі кнігі «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус». Яна адбылася 8 сьнежня 2004 году ў перапоўненай тэатральнай залі Чырвонага касьцёла.
Шпацыр па Строчыцах
Два дзесяцігодзьдзі ён езьдзіў у Беларусь зь вялікім гуманітарным грузам для пацярпелых ад чарнобыльскае катастрофы. І ўсе свае іншыя справы на радзіме імкнуўся ўладжваць менавіта ў часе гэтых дабрачынных вандровак. У красавіку 2010-га ён выдаткаваў цэлы дзень, каб пабыць госьцем на нашым вялікім сямейным сьвяце. Ад ранку таго дня ў Грэка-каталіцкім цэнтры сьв. Язэпа ён чыніў непаўторную дзею шлюбаваньня маладое пары. Напярэдадні на маё наіўнае пытаньне пра колькасьць ручнікоў, патрэбных на цырымоніі, ён ціхім, як звычайна, голасам сказаў: «Гэтая колькасьць зусім неістотная. Мая справа — пасяліць між маладымі Бога».
А пасьля мы шпацыравалі па Музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Ён быў там упершыню, але засталося ўражаньне, што ня мы яму там паказвалі старыя драўляныя шэдэўры, а ён нас вёў да спрадвечнага народнага хараства. Дарэчы, калі ён запрасіў архітэктара, кітайца з паходжаньня, спраектаваць у Лёндане новую царкву, то параіў яму паехаць і паглядзець у Строчыцах, як традыцыйна выглядалі беларускія вуніяцкія бажніцы. Цзыўай Со паехаў, паглядзеў — і стварыў ангельскім беларусам дзіўнае дзіва з дрэва і шкла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую царкву назвалі найлепшым рэлігійным будынкам сьветуНа Ягонай магіле
Укленчыць на ягонай магіле сталася мажлівым год таму. На старых утравелых кладах сьвятога Панкрата дарогі ў горадзе мёртвых маюць назвы. Ён навек пасяліўся пры Рымскай дарозе, якраз насупраць свайго настаўніка Чэслава Сіповіча і іншых знаных лёнданскіх беларусаў. Але там, пад сьціплым помнікам, спачывае толькі цела гартавальніка духу слабых і зьнявераных, ратавальніка сэрцаў схварэлых і чэрствых, сымбаля сьвятара, побач зь якім хацелася стаць хоць крышачку лепшым. Тысячы й тысячы тых, каму шчасьціла зь ім сустракацца хоць на колькі хвілін, перамяняліся да праўды, дабра і свабоды.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гарадзеі пачалі адбудоўваць дом Аляксандра Надсана. Што ў ім будзе? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На перадавой мыўся віном. 10 нечаканых фактаў пра айца Аляксандра Надсана