Беларуская ўніяцкая царква ў Лёндане перамагла ў катэгорыі «Найлепшы рэлігійны будынак» на Сусьветным архітэктурным фэстывалі ў Амстэрдаме.
Пра гэта ў чацьвер позна ўвечары было абвешчана ў сталіцы Нідэрляндаў, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія абвяшчэньня ляўрэатаў прэміі. Відэа моманту абвяшчаньня пераможцы ў намінацыі за найлепшы рэлігійны будынак зьмешчанае на Фэйсбук-акаўнце кампаніі Spheron Architects, якая зьяўляецца аўтарам праекту беларускай царквы.
Царкву Сьвятога Кірылы Тураўскага пабудавалі каля Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане ў 2016 годзе. Яна стала першым драўляным храмам Лёндану з 1666 году. Царква — храм-помнік ахвярам трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Каб адчуць беларускую архітэктуру, Со Цзыўай адмыслова прыяжджаў у Беларусь і знаёміўся з аўтэнтычнымі драўлянымі цэрквамі.
У катэгорыі за найлепшы рэлігійны будынак сьвету летась перамаглі могілкі ў Бушы (Вялікабрытанія).
Штогадовы Сусьветны архітэктурны фэстываль лічыцца адной з найважнейшых імпрэзаў у сьвеце, прысьвечаных архітэктуры. На ім уручаюць прэміі ў 24 намінацыях.