Пошук у аптэках паказвае, што маскі ёсьць далёка не паўсюль, але знаходзяцца яны ўжо на парадак часьцей, чым у сярэдзіне мінулага тыдня.
Прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» вырабілі 14,823 мільёна ахоўных масак, расказалі БелТА ў прэс-службе канцэрну. Аб’ёму вытворчасьці 1 млн масак за дзень дасягнулі яшчэ 9 красавіка, а да 15-га абяцаюць рабіць ужо 2 млн на дзень.
Урад раней вызначыў дзяржаўнае прадпрыемства «Белфармацыя» адзіным апэратарам рэалізацыі ахоўных мэдыцынскіх вырабаў — толькі гэтая кампанія цяпер можа пастаўляць маскі ў аптэкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Мне неяк сорамна надзяваць маску, калі іду ў краму»Тыдзень таму Камітэт дзяржаўнага кантролю ладзіў рэйд па аптэках у пошуках масак, рэсьпіратараў, антысэптыкаў і парацэтамолу. Дзяржаўныя кантралёры тады знайшлі маскі ў 25% правераных аптэк, ды інтрэнэт-сэрвісы, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках у рэальным часе, знаходзілі значна менш. Паводле 103.by, у мінулую сераду маскі былі ў 6% аптэк Менску і 0,6% аптэк у цэлай краіне.
13 красавіка 103.by паказвае ўжо на парадак лепшы выбар: мэдыцынскія маскі ёсьць у 326 аптэках з 3742 па ўсёй краіне (8,7%), у 102 з 858 аптэк сталіцы (11,9%). Істотна большы выбар розных масак і рэсьпіратараў паказвае і Tabletka.by.
Беларусы ў сацсетках тым часам адзначаюць падабенства новых масак да звычайнай прадукцыі іх вытворцаў:
Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка папярэдзіў прэм’ер-міністра і ўрад, «калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае ў аптэках, крамах або лякарнях, асабліва для аховы лекараў, ураду ня будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра «каранавірусны псыхоз»: у лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцёШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.