«Гэтай сытуацыі магло б ня быць. Калі б быў нармальны карантын у краіне, санаторыі павінны былі б быць закрытыя», — кажа рэжысэр Андрэй Курэйчык.
Уладзімер Курэйчык, бацька беларускага рэжысэра Андрэя Курэйчыка, захварэў на каранавірус. 8 красавіка яго шпіталізавалі як кантакт першага ўзроўню. Сёньня стала вядома пра станоўчы вынік тэста.
«Яго перавялі ў чацьвёрты шпіталь. Калі гэты тэст прыйшоў, яго вельмі хутка сабралі і з аднаго шпіталя перавезьлі ў іншы. Яго суседа перавялі ў іншую палату. Стан у бацькі такі самы – не палепшыўся і не пагоршыўся. Тэмпэратура. На жаль, у яго, як і ў большасьці людзей за 60, ня вельмі моцнае здароўе, ёсьць хранічныя захворваньні», – кажа Андрэй Курэйчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька рэжысэра Курэйчыка ў шпіталі. У санаторыі МУС ён кантактаваў з хворым на каранавірусАпошнім часам Андрэй Курэйчык ня бачыўся з бацькам, бо ізаляваўся зь сям’ёй за горадам.
«Тым родным, якія з бацькам жывуць, брату і яго жонцы, сказалі, што ім трэба перайсьці на рэжым самаізаляцыі. Цяпер яны кантакты першага ўзроўню».
Уладзімеру Курэйчыку 66 год. У сакавіку ён адпачываў у санаторыі Міністэрства ўнутраных спраў на Нарачы. Аднаго з пастаяльцаў, зь якім кантактаваў Курэйчык-старэйшы, шпіталізавалі з двухбаковай пнэўманіяй, а пасьля выявілі каранавірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На гармоніку граў 2 тыдні». Падазрэньне на каранавірус у санаторыі МУС на Нарачы«Гэтай сытуацыі магло б ня быць, — дадае Курэйчык. — Калі б быў нармальны карантын у краіне, санаторыі павінны былі б быць закрытыя. Бо там у асноўным пажылыя людзі, туды езьдзяць за 50–60.
Там адзін, хто захварэе, зразумела, заражае ўсіх астатніх, бо яны разам робяць працэдуры, сядзяць за аднымі сталамі ў сталовай, ходзяць у адзін басэйн. Калі там забралі чалавека з двухбаковай пнэўманіяй, я бацьку сказаў, што ня проста так будзе».
Паводле яго, у сьпісе кантактаў таго, хто захварэў, былі дзясяткі чалавек.
У санаторыі МУС Свабодзе пацьвердзілі, што ў іх быў госьць з каранавірусам. Санаторый часова прыпыніў прыём.
«Так, пакуль нікога не прымаем і, хутчэй за ўсё, часова закрыемся», — сказала супрацоўніца санаторыя. Паводле яе, інфікаваны – пэнсіянэр зь Віцебску.
«Ён у нас два тыдні адпачываў: як выходзіў на балькон, усё на гармоніку граў», — дадалі ў санаторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранік растлумачыў, чаму ў Беларусі не прынялі стратэгію стрымліваньня каранавірусуШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.