На будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы шпіталізаваныя 100 чалавек, перадае Інтэрфакс заяву міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка.
Гэта асобы, якія кантактавалі з інфікаванымі рабочымі, што прыехалі з Расеі. Ці вядомыя ўжо вынікі тэстаў сотні шпіталізаваных, не ўдакладняецца.
Днём раней Каранік расказваў, што станоўчы тэст на COVID-19 атрымалі ў 15 грамадзян Расеі, якія «знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС».
Пазьней «Росатом» пацьвердзіў, што ў мэдычныя ўстановы Горадзенскай вобласьці накіраваныя 15 спэцыялістаў субпадрадных арганізацый інжынэрнага дывізіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй. Мінэнэрга адказалаШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.