Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў 9 красавіка, што лікёра-гарэлачныя заводы краіны будуць выпускаць па 23 тоны антысэптычных сродкаў штодзённа, піша БелТА.
За мінулы дзень яны адгрузілі 14 тон і «выходзяць на праектную магутнасьць» у 23 тоны за дзень.
На «Менск Крышталі» адзначылі, што антысэптыкі выпускаюць зь мінулага тыдня ў Горадні і Клімавічах у тары па 1 і 5–6 літраў, могуць выпускаць да 25 тон на дзень і пашырыць вытворчасьць яшчэ больш. Таксама на «Крышталі» распрацавалі рэцэптуры дэзынфэкцыйных сродкаў для апрацоўкі паверхняў.
Антысэптыкі пачалі вырабляць і на лікёра-гарэлачным заводзе «Прыдзьвіньне», што ў Багушэвічах. Пакуль выпускаюць па 800 шасьцілітровых бутляў за дзень, але плянуюць пачаць выпуск таксама ў бутэльках па 0,5 і 1 літры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25% ці 0,6%? Дзяржкантроль знайшоў маскі ў чвэрці аптэк Менску, мы праверыліПакуль у аптэках Беларусі маецца дэфіцыт антысэптыкаў. У кампаніі «БелАнтысэптыка» Tut.by расказалі, што сталі выпускаць удвая больш прадукцыі ў сувязі з ростам попыту, але попыт павялічыўся ўжо ўтрая. Цяпер прадпрыемства працуе на максымальнай нагрузцы, імкнецца забясьпечыць найперш мэдыцынскія ўстановы.
Квоты на вытворчасьць дызынфэкцыйных сродкаў у Беларусі нядаўна падвысілі з 30 тысячаў дэкалітраў да 330 тысячаў дэкалітраў на год, зь іх на «Белхарчпрам» прыпадае 150 тысяч, на прадпрыемствы Менскай вобласьці — 180 тысяч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.