У беларускіх школах дзецям падоўжылі вакацыі, але настаўнікі надалей ходзяць на працу, а дзеці — у школьныя лягеры ды гурткі. Разьбіраемся разам з настаўнікамі, што рабіць з вучобаю падчас пандэміі.
Як мінімум у дзьвюх школах у Менску і ў адной вёсцы ў Менскай вобласьці ў школах выявілі каранавірус. Дзецям на тыдзень працягнулі вакацыі, але настаўнікі надалей прыходзяць у школу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца ў Доктаравічах, дзе памерла інфікаваная каранавірусам настаўніца. ВІДЭА
«Мела б сэнс увесьці карантын. Мяркую, мы да гэтага прыйдзем»
Свьятлана выкладае матэматыку, фізыку і інфарматыку ў вясковай школе Берасьцейскай вобласьці. Цяпер, падчас вакацыяў, мусіць езьдзіць на працу зь Берасьця. Некалькі дзяцей працягваюць хадзіць у школьныя гурткі.
«Калі мы заходзім у школу, а гэта ўжо каля месяца, кожнаму апрацоўваюць рукі: і настаўнікам, і дзецям. У журнал мы запісваем стан здароўя. У масках людзі ня ходзяць. Калі ў каго прастуда, на працу ня ходзяць. Дзяцей прыходзіць няшмат, то 5 чалавек, а калі і нікога, бо бацькі перажываюць. Але ў нас і так школа малая. Нават у гарадзкіх школах па 5 чалавек ходзяць. Мела б сэнс уводзіць карантын, як усе краіны гэта робяць. Мяркую, мы да гэтага прыйдзем», — кажа Сьвятлана.
Па інфармацыі Свабоды, многія настаўнікі ў Менску на час вакацый проста напісалі заяву аб адпачынку за свой кошт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як яны прымуць рашэньне ў гэтым каранапсыхозе, так і будзе» — школьныя вакацыі падоўжылі на 6 дзён
«Мы ня ходзім на працу, чакаем рашэньня ўладаў»
Іван выкладае грамадазнаўства ў школе ў Магілёўскай вобласьці. Падчас вакацый ён ня ходзіць на працу — яму гэта дазволіла адміністрацыя, як і іншым настаўнікам.
«Нам сказалі некалькі дзён быць дома і чакаць загадаў. Але гэта не паўсюль так, многія працуюць. Карантын уводзіць трэба было раней, цяпер варта пераводзіць дзяцей на дыстанцыйнае навучаньне, бо аднаго тыдня будзе мала, трэба будзе нешта вырашаць далей», — мяркуе Іван.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 красавіка рэзкі рост. Каранавірус у Беларусі адным графікамЗа дыстанцыйнае навучаньне выказваецца і настаўніца са Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец. Цяпер яна на працы, займаецца мэтадычнай работай, як і іншыя настаўнікі. Але гурткі ў гімназіі не працуюць, усё адменена.
«Можна напісаць заяву за свой кошт, але пакуль ніхто не пісаў. У нас ёсьць магчымасьць ізалявацца па кабінэтах. Вядома, трэба пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне. Але трэба добра гэта прадумаць.
Мне падабаецца прыклад Украіны, дзе 40 настаўнікаў рыхтуюць урокі, якія будуць трансьлявацца па тэлевізіі. Калі б так было ў нас, то мы — школьныя настаўнікі — маглі б правяраць заданьні, праводзіць індывідуальныя кансультацыі да таго, што трансьлявалася б па тэлевізіі. Бо немагчыма адначасова рыхтаваць дыстанцыйныя ўрокі і правяраць працы, выстаўляць адзнакі адным і тым жа людзям. Але галоўнае, каб не было проста сказана — усім перайсьці на дыстанцыёнку, і ўсё, бо тады будзе прафанацыя. Трэба ўсё прадумаць», — кажа Ганна Севярынец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за тыдзень стварылі онлайн-школу для вучняў на карантыне
«Настаўнікі ўжо рыхтуюць дыстанцыйныя ўрокі»
Таварыства беларускай школы ўжо стварыла суполку, дзе настаўнікі дзеляцца сваімі напрацоўкамі па дыстанцыйным навучаньні. Гэтая суполка ўжо аб’ядноўвае каля 200 чалавек.
«Шмат адказных настаўнікаў пачалі рыхтавацца да дыстанцыйнага навучаньня. Яны вырашылі скарыстаць гэты тыдзень вакацый. Пры гэтым у школах праходзяць суботнікі, настаўнікам трэба хадзіць на працу.
Настаўнікі стварылі групу „Перакуленая кляса“, там збор урокаў. Гэта на будучыню, калі прыйдзецца рабіць дыстанцыйнае навучаньне. Дзяржава за нас гэта ня зробіць і, можа, ня дасьць такі загад, але гэта ня значыць, што настаўнікі пакінуць вучняў бязь ведаў. Там настаўнікі разьмяшчаюць свае матэрыялы. Ёсьць настаўнікі, якія маюць відэаролікі па гісторыі на ўсю 5 клясу, напрыклад. У суполцы ўжо некалькі сотняў матэрыялаў, прыдатных для дыстанцыйнага навучаньня», — расказвае Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы.
Пры гэтым Тамара Мацкевіч адзначае, што «Міністэрства адукацыі адмежавалася ад прыняцьця рашэньняў і пра карантын, і пра дыстанцыйнае навучаньне».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ