Ці абураюць людзей выказваньні Лукашэнкі пра вагу памерлага ад вірусу і ягонае замілаваньне козачкамі? Ці страціў ён сувязь з рэальнасьцю? Ці сапраўды Беларусь падчас эпідэміі «не такая, як усе»? Як зьвязаныя пандэмія і выбарчая кампанія?
Абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
Дракахруст
- Тлумачыць сьмерць звычайнага чалавека ад вірусу яго вялікай вагою — гэта нізка і ў вачах простых людзей
- Народ перасьцерагаецца, глядзіць навокал, але канчатковага прысуду наконт неадэкватнасьці палітыкі ўладаў пакуль не выносіць
- У Беларусі насамрэч адбываецца павольная эвалюцыя да карантынных мераў
- Для мяне абсалютна відавочныя палітычныя бонусы, якія б Лукашэнку прынесла адваротная палітыка. І лёзунг выбарчай кампаніі — «Ідзе вайна народная». З вірусам. На плячах Лукашэнкі ўбачыцца кіцель вярхоўнага галоўнакамандуючага Сталіна
Карбалевіч
- Стратэгія ўладаў лякалізаваць агмяні, здаецца, не спрацоўвае. Вірус вырваўся за расстаўленыя сьцяжкі
- Чалавек, які ў пачатку сваёй дзейнасьці вылучаўся тым, што мог добра адчуваць калектыўнае падсьвядомае соцыюму, цяпер не трапляе ў рэзананс, кажа неўпапад з грамадзкімі настроямі
- 70% беларусаў лічаць, што ў Беларусі неабходна зараз забараніць усе грамадзкія мерапрыемствы
- У Лукашэнкі ёсьць выдатная «адмазка», з дапамогай якой ён можа патлумачыць, чаму Беларусы бедныя. Маўляў, усяму віной гэтая сусьветная пандэмія
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Лукашэнка пра слабых беларусаў і сваіх козачак
Цыганкоў: Сваімі апошнімі выказваньнямі Аляксандар Лукашэнка выклікаў новую хвалю гнеўнага абурэньня ў сацыяльных сетах. Як вы лічыце, на гэты раз адбылося нешта новае, ён сапраўды сваімі няўдалымі словамі закрануў і пакрыўдзіў нейкія новыя сацыяльныя групы (напрыклад, пэнсіянэраў) ці ўсё як звычайна і ім абураецца тая самая група апазыцыйна настроеных людзей?
Дракахруст: Мяркую, што ў дадзеным выпадку ня толькі яны. У свой час Лукашэнка зьдзекаваўся з Аляксандра Казуліна з нагоды сьмерці ягонай жонкі, але гэта для масавай сьвядомасьці было як бы палітычным зьвядзеньнем рахункаў з апанэнтамі. А тут тлумачыць сьмерць звычайнага чалавека ад вірусу яго вялікай вагою — гэта нізка і ў вачах простых людзей. А тым больш разважаць пра тое, што «вірус атакуе слабых». Дарэчы, у апошнія тыдні па сацыяльных сетках, прычым, зусім не ў ФБ, а ў «Одноклассниках», сярод людзей сталага веку, лунае недарэчная чутка, што палітыка беларускай дзяржавы адносна вірусу мае на мэце скараціць колькасьць пэнсіянэраў, маўляў, менш будзе нагрузка на пэнсійны фонд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незвычайны флэшмоб. Беларусы пішуць пра сябе нэкралёгі ад імя ЛукашэнкіЧутка недарэчная, але распаўсюджаная. І Лукашэнка сваімі развагамі яе толькі ўмацаваў. Маўляў, вірус атакуе старых, дык як бы нічога не паробіш — такое жыцьцё. У стылі такога сацыяльнага дарвінізму выказаўся, дарэчы, і адзін з афіцыйных ідэалягаў, дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, патлумачыўшы распаўсюд каранавірусу тым, што «прырода сама рэгулюе папуляцыю чалавецтва». Прырода можа і рэгулюе, хаця яна не чалавек — кепскі ці злы. Але грамадзтва складаецца ўсё ж з людзей, а ім такія філязоўскія развагі — што Лукашэнкі, што Гігіна — могуць прыйсьціся не да спадобы.
Цыганкоў: І, дарэчы, наконт «слабых». Цяперашняя ўлада заўсёды выстаўляла сабе абаронцам «слабых», заяўляла, што беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль якраз накіраваная на абарону сацыяльна незабясьпечаных. А тут Лукашэнка фактычна абвінавачвае «слабых», што яны ў гэтым самі вінаватыя. Поўная супярэчнасьць з тым, што абвяшчалася 25 гадоў.
Карбалевіч: Не думаю, што абывацель так ужо ўважліва сочыць за кожным словам Лукашэнкі. Гэта фэйсбучная публіка адсочвае. А вось, што памянялася, дык гэта тое, што беларусы пачалі рэальна паміраць ад каранавіруса. І шмат хто пачынае пераносіць гэтую сытуацыю на сябе, думаць, а раптам і я захварэю. Другое. Пандэмія ў Беларусі набірае тэмп. Па маіх падліках удваеньне заражаных адбылося за лічаныя дні. Лукашэнка на пачатку тыдня 31 сакавіка казаў, што мы дасягнулі піка. Але факты гэта абвяргаюць. Трэцяе. Пандэмія пайшла ў правінцыю. І калі дасюль шмат хто думаў, што гэта недзе там у сталіцы, можа ў абласных цэнтрах, дзе людзі кантактуюць з замежнікамі, ёсьць небясьпека, а нас тут яна не дастане, то цяпер становішча памянялася.
То бок стратэгія ўладаў лякалізаваць агмяні, здаецца, не спрацоўвае. Вірус вырваўся за расстаўленыя сьцяжкі. Прычым, па маіх уражаньнях, большасьць насельніцтва не верыць афіцыйным лічбам, лічаць, што сапраўдную карціну ўлады хаваюць. Думаю, менавіта на гэтым тыдні большасьць людзей адчула рэальную небясьпеку. Вось у Менску шмат людзей зьявілася ў масках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і каранавірус: слабы лідэр ва ўмовах вострага крызісуІншая рэальнасьць Лукашэнкі
Цыганкоў: Многія людзі зараз эмацыйна заяўляюць, што Лукашэнка страціў сувязь з рэальнасьцю і насельніцтвам. У прынцыпе, такія заявы гучаць гадоў 20 з рознай інтэнсіўнасьцю. Але ці не больш зараз паставаў для такіх сьцьвярджэньняў?
Дракахруст: Пакуль можа гэтая думка і ня вельмі распаўсюджаная. Ключавы фактар — невялікая доля тых, хто захварэў, і памерлых ад каранавірусу. Якія прычыны гэтага — па вялікім рахунку загадка. Вялікай веры ў афіцыйныя лічбы ў беларусаў няма. Але і пэўнай альтэрнатыўнай інфармацыі ў іх таксама няма, няма сьпісу, скажам, соцень людзей, якія насамрэч памерлі, няма сьведчаньняў іх родзічаў. Ёсьць афіцыйныя лічбы. Яны пра страту сувязі Лукашэнкі з рэальнасьцю пакуль — падкрэсьлю, пакуль — ня сьведчаць.
Прафэсар Мічыганскага ўнівэрсытэту Алена Гапава, беларуска паводле паходжаньня, прывяла ў сябе ў ФБ параўнаньне паміж Беларусьсю і штатам ЗША, дзе яна жыве. Насельніцтва прыкладна аднолькавае — каля 10 мільёнаў. Дарэчы, і колькасьць тэстаў на вірус прыкладна аднолькавае — у Беларусі 32 тысячы, у Мічыгане — 37 тысячаў. У Мічыгане каля 13 тысячаў хворых на каранавірус, памерлых — каля 400. У Беларусі хворых −350, памерлых — 4. Самыя жорсткія крытыкі палітыкі беларускіх уладаў ня ў стане даказаць, што сапраўдныя беларускія лічбы падобныя на мічыганскія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 394+41+5 – у Беларусі 440 выпадкаў COVID-19Чаму яны ў Беларусі ніжэйшыя — ці сыстэма такая цудоўная, ці менш кантактаў са зьнешнім сьветам, ці пакуль шанцуе, ці Беларусь такая антывірусная анамалія — адказу няма. Ні ў каго, дарэчы, няма. Таму народ перасьцерагаецца, глядзіць навокал, але канчатковага прысуду наконт неадэкватнасьці палітыкі ўладаў пакуль не выносіць. Дарэчы, праўладны палітоляг Пётра Пятроўскі ў сваім ФБ, нахвальваючы палітыку ўладаў, заўважае, што калі колькасьць памерлых ад вірусу ў Беларусі перавысіць 2000, то напэўна палітыку давядзецца мяняць. Напэўна, і ва ўладаў, у Лукашэнкі ёсьць такі ж індыкатар, паводле якога рыторыку наконт «псыхозу» давядзецца забыць.
Карбалевіч: Ці больш падставаў казаць пра адрыў Лукашэнкі ад рэальнасьці? Так, значна больш. Абвінавачваньне памерлых людзей у тым, што яны сам вінаватыя ў сваёй сьмерці, гучыць нязвыкла для беларускага вуха. Ці вось яшчэ. «Самае галоўнае, каб маладыя, здаровыя людзі не паміралі», — кажа ён. Ці ў момант вялікага эмацыйнага, нэрвовага напружаньня ў краіне, калі людзі чакаюць нейкіх рашэньняў, якія далі б хоць псыхалягічны эфэкт, супакоілі іх, ён кажа пра козачак. Альбо такая рэпліка. Вось, маўляў, гульню хакейнага турніру, у якім удзельнічае і каманда прэзыдэнта, захацелі наведаць курсанты ваенных ВНУ. Відаць, ён сам верыць у тое, што курсанты самі прыйшлі, каб паглядзець на гульню выбітнога хакеіста.
То бок, чалавек, які ў пачатку сваёй дзейнасьці вылучаўся тым, што мог добра адчуваць калектыўнае падсьвядомае соцыюму, цяпер не трапляе ў рэзананс, кажа неўпапад з грамадзкімі настроямі. Для мяне гэта відавочна. І прычына відавочная. Калі чалавек чвэрць стагодзьдзя не сутыкаецца з рэальным грамадзтвам, калі адсутнічае сыстэма зваротнай сувязі паміж уладай і насельніцтвам, то нават у таленавітага палітыка замарожваецца палітычнае пачуцьцё, адчуваньне.
«Мы не такія, як усе»
Цыганкоў: Стаўленьне Лукашэнкі да каронавірусу можна апісаць формулай «мы не такія, як усе». Пры тым на гэты раз «не такія» ня толькі ў адрозьненьні ад Захаду, але і ад Расеі. Ці такая фармулёўка ў такой канкрэтнай сытуацыі можа выклікаць падтрымку у беларусаў?
Карбалевіч: Вось на нашым сайце ёсьць інтэрвію з беларусам, які жыве ў Швэцыі. І ён выказвае думку, што патрабаваньне карантыну — гэта папулізм. Цікава што ўсе 26 гадоў кіраваньня за Лукашэнкам замацаваўся вобраз папуліста. Дык вось цяпер, як раз наадварот. Лукашэнка ідзе насуперак грамадзкіх меркаваньняў. Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня кампаніі SATIO «Як жыхары Беларусі рэагуюць на каранавірус?», 70% лічаць, што ў Беларусі неабходна прама зараз забараніць усе грамадзкія мерапрыемствы. Прычым апытаньне было праведзенае 26-27 сакавіка 2020 года.
То бок, тыдзень таму, калі яшчэ не было сьмярцей. Думаю, цяпер іх было б больш. У той жа Швэцыі ўладамі ўзятая на ўзбраеньне такая стратэгія. Трэба ізаляваць людзей сталага века. А астатняе насельніцтва можа перахварэць, створыцца калектыўны імунітэт, і так перамагчы пандэмію. Але ў Беларусі падобная стратэгія не спрацуе. Тут ізаляваць людзей сталага веку не атрымаецца. Бо ў Беларусі, у адрозьненьні ад Швэцыі і іншых эўрапейскіх краін, шмат сем’яў (па маіх ацэнках 30-50%), дзе ў адной кватэры ці хаце жывуць адначасова людзі трох пакаленьняў: бабулі з дзядулямі, іх дзеці і ўнукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус у швэдзкім «некарантыне» расказвае, чаму гэта не беларускі варыянтДракахруст: Татальны і працяглы карантын, локдаўн — гэта можа і сапраўды папулізм. Але пэўныя абмежаваньні, асабліва тыя, якія не ўплываюць на забесьпячэньне функцыянаваньня грамадзтва, цалкам дарэчныя і карысныя. У той жа Швэцыі напачатку ўвялі абмежаваньне на сходы ў колькасьці 500 чалавек, потым абмежаваньні зрабілі больш жорсткім у 10 разоў — да 50 чалавек.
Варта зьвярнуць увагу, што ў Беларусі насамрэч адбываецца павольная эвалюцыя да карантынных мераў. Вось працягнулі школьныя канікулы, вось распусьцілі дадому трупу тэатру, дзе памёр актор. Ды і нават афіцыйныя галасы гучаць на карысьць прынамсі больш жорсткіх абмежаваньняў. Магчыма, так яно будзе і далей. Карантынныя меры будуць уводзіць пакрысе, паступова.
Вірус і прэзыдэнцкія выбары
Цыганкоў: Выказваецца меркаваньне, што Беларусь баіцца ўводзіць карантын ня толькі з-за страху эканамічных стратаў, але і проста з-за таго, што беларуская дзяржаўная сыстэма кіраваньня можа паказаць сябе ня з лепшага боку, можа проста не справіцца з сытуацыяй.
Карбалевіч: Што тычыцца эканамічных стратаў. Думаю, як раз наадварот, у Лукашэнка ёсьць выдатная «адмазка», з дапамогай якой ён можа патлумачыць, чаму Беларусы бедныя. Маўляў, усяму віной гэтая сусьветная пандэмія, вы ж бачыце, што творыцца ў сьвеце. І на гэтым тле які могуць быць прэтэнзіі наконт нізкіх заробкаў і пэнсій?
Другі момант. Аўтарытарныя рэжымы больш падрыхтаваны да надзвычайнай сытуацыі, якая патрабуе ад дзяржавы нейкіх моцных адміністрацыйных захадаў, чым дэмакратычныя краіны. І, дарэчы, гэта пацьвярджае досьвед Кітая. А ў Беларусі людзі прызвычаіліся выконваць загады, беларусы любяць парадак, існуе калі не культ, то пэўная павага да дзяржавы. Таму тут карантын можна было б рэалізаваць нават прасьцей. Да таго ж ва ўмовах карантыну апазыцыя спыніла сваю выбарчую кампанію. Гэта таксама плюс для Лукашэнкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына ня лічыць, што каранавірус можа стаць падставай для пераносу прэзыдэнцкіх выбараўДракахруст: Многія крытыкі Лукашэнкі кажуць, што ён абраў палітыку мяккіх абмежаваньняў дзеля посьпеху на выбарах. Але мне гэтая лёгіка незразумелая. Палітыка Лукашэнкі адносна пандэміі мо і памылковая, але яе электаральныя бонусы зусім невідавочныя. Ну калі пандэмія нейкім цудам Беларусь абміне, то так — вось які Лукашэнка быў разумны. А калі не абміне? Пры гэтым для мяне абсалютна відавочныя палітычныя бонусы, якія б Лукашэнку прынесла адваротная палітыка.
Уявіце: жорсткі карантын, усіх апрануць у маскі, ходзіш бяз маскі — штраф, міліцэйскія і вайсковыя патрулі на скрыжаваньнях вуліц. І лёзунг выбарчай кампаніі — «Ідзе вайна народная». З вірусам. Які напаў на ўвесь сьвет, ня толькі на нас. Якая гульня па народных архетыпах! На плячах Лукашэнкі ўбачыцца кіцель вярхоўнага галоўнакамандуючага Сталіна. А што па ходу справы нейкага пасадзяць, камусьці заткнуць рот — дык вайна ўсё сьпіша. А што заробкі ўпалі, што маса беспрацоўных — дык дзеля Перамогі «мы за цаной не пастаім». Ну і мы плячо да пляча з усім цывілізаваным сьветам у гэтай вайне. І з нецывілізаваным таксама. Трыюмфальная выбарчая кампанія. Прычым тут ужо незалежна ад колькасьці захварэлых і памерлых ад вірусу.
Цыганкоў: Даволі складана яму было б цяпер, пасьля некалькіх тыдняў заяваў у стылю «ты не бачыш вірус? І я не бачу» павярнуць палітыку на 180 градусаў. І калі такія вялікія бонусы давала б іншая палітыка, чаму Лукашэнка не абраў яе ад пачатку?
Дракахруст: Сталіну 22 чэрвеня 1941 году павярнуць палітыку давялося, абставіны прымусілі. Могуць і Лукашэнку прымусіць. А чаму адразу не абраў яе? Ён на гэтым тыдні ў інтэрвію тэлеканалу «Мір» задаў слушнае пытаньне — а што будзе пасьля? Наколькі яго адказы былі слушныя — гэта спрэчнае пытаньне. Але пытаньне дарэчнае. У кіцелі Сталіна выйграць выбары лёгка. Але калі эканоміка ляжа, то што будзе потым, пасьля перамогі над вірусам «любой цаной»? Расейскія «браты» тады, дарэчы, нікуды не падзенуцца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ