У часе пандэміі маска становіцца адным зь неабходным спосабаў абароны сябе і іншых ад каранавіруснай інфэкцыі. Пакуль у сацыяльных сетках вядуцца гарачыя спрэчкі пра эфэктыўнасьць масак, мы сабралі 10 фактаў пра маскі, з дапамогай якіх вам будзе прасьцей разабрацца і прыняць слушнае рашэньне.
У XVII стагодзьдзі зьявіліся першыя «птушыная дзюбы» супраць чумы
Правобразам мэдычнай маскі лічыцца «птушыная дзюба» — частка касьцюма, прыдуманага ў пачатку XVII стагодзьдзя лекарам з Францыі Шарлем дэ Лёрмам для абароны ад чумы. Касьцюм складаўся са спэцыяльнага паліто, пальчатак, капелюша з палямі і «дзюбатай» маскі, якая закрывала твар. «Нос», падобны да птушынай дзюбы, набівалі сенам, сушанай травой, спэцыямі, камфарой або губкай, змочанай у воцаце, каб абараніць ад смуроду. Адтуліны для вачэй у масцы былі зашклёныя. Да пацыента або нябожчыка доктар датыкаўся кійком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія: ці далёка мы ад сярэднявеччаУ канцы XIX стагодзьдзя лекары Поль Бэржэр і Ёган Мікуліч-Радзецкі адначасова вынайшлі маскі, больш падобныя да сучасных. Ужо ў 1920-х гадах мэдычныя маскі пачалі выкарыстоўвацца ў эўрапейскіх краінах у большасьці апэрацыйных. Іх шырока выкарыстоўвалі падчас эпідэміі «гішпанкі» і для абароны ў Першую ўсясьветную вайну ад хімічнай зброі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Маску трэба мяняць кожныя дзьве гадзіны
Маскі бываюць аднаразовыя і шматразовыя. Эфэктыўную абарону мэдыцынская маска забясьпечвае на працягу дзьвюх гадзін, затым яе трэба мяняць. Гэтак жа часта трэба мяняць і маску з тканіны. Такую маску варта мыць у гарачай вадзе, каб на ёй не засталося вірусу. Аднак 100% эфэктыўнасьці ні аднаразовыя мэдыцынскія маскі, ні маскі з тканіны ня маюць. Бо вірус трапляе ў арганізм чалавека праз рот, каньюнктыву вачэй, раны і мікратрэшчыны, але перш за ўсё праз брудныя рукі. Таму звычайныя мэдычныя маскі і нават ахоўныя акуляры павінны служыць перш за ўсё напамінам пра тое, што нямытымі рукамі ня варта дакранацца да носа ці вачэй.
САЗ падае наступныя правілы выкарыстаньня і ўтылізацыі аднаразовых мэдычных масак:
- перад тым як надзець маску, апрацуйце рукі сродкам, які зьмяшчае сьпірт, або вымыйце іх з мылам;
- надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот бяз шчылін паміж целам і маскай;
- не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстаньня; калі ж дакрануліся, то апрацуйце рукі сродкам, які зьмяшчае сьпірт, або вымыйце іх з мылам;
- як толькі маска становіцца сырой, замяніце яе на новую і не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
- здымаючы маску, трымайце яе за гумкі ззаду і не кранайце пярэдняй часткі маскі; адразу выкіньце яе ў кантэйнэр для сьмецьця, які мае накрыўку; апрацуйце рукі сродкам, які зьмяшчае сьпірт, або вымыйце іх з мылам.
У розных краінах розныя правілы нашэньня маскі падчас пандэміі
Шмат у якіх краінах сьвету ўведзеныя жорсткія карантынныя захады, каб спыніць распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. Калі выйдзеш на вуліцу бяз маскі ў Ганконгу, Сэуле ці Токіё, будзеш адчуваць сябе «белай варонай», але ў той жа Вялікай Брытаніі, Беларусі, Расеі ці Аўстраліі па-ранейшаму цалкам прымальна хадзіць па вуліцы з адкрытым тварам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СOVID-19 у Чэхіі: там, дзе ёсьць інфармацыя, няма панікіУ Чэскай Рэспубліцы з 19 сакавіка кожны чалавек, які знаходзіцца ў публічным месцы, павінен быць у масцы ці шаліку, які закрывае вусны і нос. Усё больш краінаў далучаюцца да абавязковага нашэньня масак. 2 красавіка прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньяху заклікаў усіх ізраільцян выкарыстоўваць маскі. У Аўстрыі абвязалі насіць маскі людзей, якія ідуць у краму. За парушэньне прадугледжаныя вялікія штрафы. Напрыклад, па 10 тысяч крон (каля 450 даляраў) заплацілі кіраўнік МУС і міністар працы Чэхіі, якія забыліся надзець маскі падчас відэаканфэрэнцыі крызіснага штабу.
«Твая маска абараняе мяне, мая маска абараняе цябе» — галоўны прынцып маскі
Паводле папярэдняга аналізу, 25% інфікаваных COVID-19 хварэюць без сымптомаў. І менавіта яны распаўсюджваюць вірус. За 2 дні да таго, як сымптомы праявяцца, чалавек пашырае вірус, сам таго ня ведаючы. Рэкамэндацыя Ўсясьветнай арганізацыі здароўя палягае ў тым, што маску трэба насіць хворым. Але крытэры, каго лічыць хворым ці інфікаваным, паступова мяняюцца, бо ня толькі людзі з сымптомамі, а практычна ўсе людзі могуць быць патэнцыйнымі носьбітамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас». Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19Рэкамэндацыі САЗ пра маскі назвалі зьлёгку палітызаванымі
Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе: здаровы чалавек павінен насіць маску толькі ў тых выпадках, калі даглядае чалавека, які можа быць хворы на COVID-19, або калі сам кашляе ці чхае. САЗ адзначае, што маскі служаць эфэктыўным сродкам засьцярогі толькі ў камбінацыі з рэгулярнай апрацоўкай рук антысэптыкам, у склад якога ўваходзіць сьпірт, або вадой з мылам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ патлумачыла, у якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстаццаЭкс-кіраўнік крызіснага штабу па барацьбе з каранавірусам у Чэхіі і намесьнік міністра аховы здароўя Раман Прымула назваў рэкамэндацыю САЗ «зьлёгку палітычна матываванай»: «Палітыка палягае ў тым, што ва ўсім сьвеце недахоп ахоўных сродкаў. І яны спрабуюць зьберагчы іх для мэдработнікаў». Паводле Прымулы, тыя, хто выкарыстоўвае маскі, абараняюць ад магчымага заражэньня не сябе, а ў першую чаргу астатніх, бо сам чалавек можа і ня ведаць, што ў ягоным арганізьме ёсьць каранавірусная інфэкцыя«. «Мы проста ня ведаем: хто хворы, а хто не. Заражаных грамадзян можа быць ад 30 да 40%», — лічыць Прымула.
Рэкамэндацыі наконт таго, каму і калі насіць маскі, мяняюцца з пашырэньнем каранавірусу
Амэрыканскія цэнтры кантролю і прафіляктыки захворваньняў практычна ніколі ня раілі здаровым людзям насіць маскі дзеля прадухіленьня грыпу ці іншых рэсьпіраторных захворваньняў. У апошнія некалькі месяцаў, калі пачалася пандэмія, кіраўнік дзяржаўнай службы аховы здароўя ЗША (Surgeon General) Джэрам Адамс і Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя заклікалі людзей не купляць маскі, сьцьвярджаючы, што маскі вельмі важныя для бясьпекі мэдычных работнікаў, але ня маюць эфэктыўнасьці для абароны насельніцтва ад COVID-19, згадвае WIRED.
Апошнім часам некаторыя экспэрты аспрэчваюць гэтую супярэчлівую параду. Мяркуецца, што шырокае выкарыстаньне масак — адна з шматлікіх прычын, чаму Кітай, Японія, Паўднёвая Карэя і Тайвань значна больш эфэктыўна кантралююць успышкі каранавірусу, чым ЗША і Эўропа.
Экспэрт па ахове здароўя Шань Со-Лінь і эпідэміёляг Робэрт Гэхт у інтэрвію Boston Globe заявілі: «Мы павінны зьмяніць сваё ўспрыманьне таго, што маскі прызначаныя толькі для хворых людзей, і што іх дзіўна ці ганебна насіць. Калі большасьць людзей будуць насіць маскі, гэта стане сацыяльнай нормай і будзе добра для грамадзкага здароўя». Джордж Гао, генэральны дырэктар Кітайскага цэнтру па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў, заявіў, што Амэрыка і Эўропа робяць «вялікую памылку», не рэкамэндуючы людзям насіць маскі падчас пандэміі.
Эфэктыўнасьць маскі залежыць ад таго, як яна выкарыстоўваецца
«Людзі, якія ня ведаюць, як іх правільна насіць, імкнуцца моцна дакранацца да твару і на самой справе могуць павялічыць распаўсюджваньне каранавірусу», — сказаў Джэрам Адамс у тэлепраграме «Fox & Friends» на пачатку сакавіка. Тым ня менш, у тым жа інтэрвію Адамс расказаў, колькі сэкундаў трэба, каб правільна памыць рукі. САЗ уклаў значныя рэсурсы ў шматлікія вэб-сайты, твіты і відэа, якія заахвочваюць частае мыцьцё рук і дбайна дэманструюць належную тэхніку. Калі вы можаце навучыць грамадзтва лепшай гігіене рук, чаму б і не навучыць іх насіць маскі? — задае рытарычнае пытаньне WIRED.
Маска можа быць моднай
«Мэдычная маска стала сымбалем нашага часу», — піша галоўны фэйшн-крытык The New York Times Ванэса Фрыдман. Цяпер многія купляюць ня толькі мэдычныя, але і дызайнэрскія маскі.
Шмат для якіх краін Азіі насіць маску было цалкам нармальнай зьявай яшчэ да пачатку пандэміі каранавірусу. Маскі сталі нечым накшталт моднага аксэсуара: у нейкі момант у Ганконгу зрабіліся вельмі папулярнымі маскі японскага брэнда Hello Kitty зь яе вядомай эмблемай — белай коткай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Lamborghini запускае вытворчасьць мэдыцынскіх масакФранцускі канглямэрат LVMH, які валодае брэндамі Louis Vuitton, Dior, Celine, Fendi ды іншымі, цяпер арганізуе пастаўку ў Францыю 40 мільёнаў масак. Ягоны канкурэнт Kering не адстае: падшэфныя яму маркі Gucci, Balenciaga і Saint Laurent кінуць усе свае сілы на выраб мэдычных халатаў і масак.
Цяпер шыюць маскі гішпанская кампанія Zara, італьянская Prada і швэдзкая H&M Group. Брытанская рада дызайнэраў заклікала ўсіх дызайнэраў і брэнды адзеньня вырабляць маскі і іншыя сродкі індывідуальнай засьцярогі. У ЗША вытворчасьць пераарыентавалі некаторыя невялікія брэнды, у прыватнасьці Christian Siriano, Pyer Moss і Collina Strada. У Беларусі маскі для бясплатнага распаўсюду пачала шыць і беларуская крама symbal. by.
Шыць маскі для сябе і іншых становіцца трэндам
Рэальнасьць такая, што ўсе краіны, якія сутыкнуліся з пандэміяй, ня маюць дастаткова аднаразовых і шматразовых масак. Можна пашыць маску самім, а можна і дапамагчы тым, хто ня можа гэтага зрабіць сам. Ва ўсім сьвеце ўзьнік вялікі валянтэрскі рух людзей, якія шыюць маскі для бясплатнага распаўсюду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьціВось некалькі рэкамэндацый, як самім пашыць маску.
Маскі носяць кіраўнікі дзяржаў і ўсясьветныя зоркі
Вядомыя людзі падаюць візуальны прыклад: маска — ня толькі сродак засьцярогі, яна можа быць і стыльнай. Так, прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава на цырымоніі зацьвярджэньня новага ўраду 21 сакавіка была ў масцы, як і ўсе прысутныя. Многія зоркі цяпер публічна носяць маскі, каб даць прыклад іншым і спыніць распаўсюд каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ