«Што тычыцца вось такой вось лабавой атакі на карупцыю, вы атрымаеце самую рэальную падтрымку. Гэта я вам абяцаю», — казаў Лукашэнка ў 2015 годзе пра галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука. Цяпер выданьне нагадала пра гэтае абяцаньне ў адкрытым лісьце.
25 сакавіка 2020 году Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі Камітэту дзяржкантролю пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні да яго распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры). Пасьля допыту ў ДФР журналіста зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» патрабуе вызваліць журналіста Сяргея Сацука ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я/мы Сяргей Сацук». БАЖ заклікала падтрымаць арыштаванага журналіста«Сяргей Сацук зьяўляецца сумленным і прыстойным журналістам, які спэцыялізуюцца на журналісцкіх расьсьледаваньнях, — піша «Ежедневник». — Ягонай характэрнай асаблівасьцю заўсёды было імкненьне дакапацца да ісьціны, непадкупнасьць і поўная незалежнасьць ягонай творчасьці ад палітычнай барацьбы ў краіне. За гэта яму пастаянна дастаецца, як ад чыноўнікаў, так і ад апазыцыі, і нават ад калегаў».
Зьвяртаючыся да Лукашэнкі, рэдакцыя «Ежедневника» піша пра Сацука:
«Менавіта таму да яго ўвесь час ішлі і ішлі людзі, несьлі і несьлі тыя ці іншыя матэрыялы, якія сьведчаць аб карумпаванасьці некаторых чыноўнікаў, якім вы дэлегавалі сваю ўладу, але якія выкарыстоўваюць гэтую ўладу не ў інтарэсах дзяржавы, а ў сваіх уласных інтарэсах».
Лукашэнку просяць выканаць абяцаньне падтрымаць Сацука і ўмяшацца ў ягоную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна». Журналіст Сацук падрыхтаваў тэкст на выпадак затрыманьня