Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» патрабуе вызваліць журналіста Сяргея Сацука

  • БелаПАН

Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» (архіўнае фота)

Неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні заклікала міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая базуецца ў Францыі.

У заяве выказваецца пратэст у сувязі з «кампаніяй запалохваньня, якая праводзіцца беларускімі ўладамі» і адзначаецца, што журналісту-дасьледчыку пагражае 10 гадоў пазбаўленьня волі «за крытыку стратэгіі прэзыдэнта супраць эпідэміі COVID-19».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука завялі крымінальную справу за хабар

«Гэты арышт выглядае як перасьцярога СМІ, якія ставяць пад пытаньне палітыку беларускіх уладаў у сфэры аховы здароўя. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Сацука і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць яго. Такая крыміналізацыя журналістыкі ў Беларусі стварае непрымальную атмасфэру самацэнзуры», — адзначыла кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Сярэдняй Азіі «Рэпартэраў бязь межаў» Жанна Кавэлье.

Арганізацыя нагадвае, што ў яе сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы за 2019 год Беларусь займае 153-е месца сярод 180 краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежедневник» назваў затрыманьне свайго рэдактара «барацьбой карупцыянэраў з чалавекам, які замахнуўся на іх сыстэму»

Tut.by адзначае, што адносна справы Сацука з боку праваахоўнікаў «сёмы дзень маўчаньня». Прэс-сакратар Камітэту дзяржаўнага кантролю сказаў парталу, што «пакуль камэнтароў па гэтай тэме няма».

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).

Цяпер журналіст знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнтацыю, супрацоўнікаў выданьня дапыталі ў якасьці сьведак у справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна». Журналіст Сацук падрыхтаваў тэкст на выпадак затрыманьня

У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнты і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і пляншэт.

Родныя і калегі Сацука зьвязваюць ягонае затрыманьне з прафэсійнай дзейнасьцю. «Эўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрыманьня.

Камітэт дзяржкантролю па-ранейшаму адмаўляецца ад камэнтароў аб гэтай справе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё гэта хлусьня і лухта». За што затрымалі журналіста Сяргея Сацука?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я/мы Сяргей Сацук». БАЖ заклікала падтрымаць арыштаванага журналіста
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычная ахвяра каранавірусу. Што стаіць за справай Сяргея Сацука
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрус у офісе сайту «Ежедневник»: Дзяржкантроль забраў усю дакумэнтацыю выданьня. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У доме і ў суседзяў Сяргея Сацука таксама прайшлі вобшукі