Юрыст Случак патраціў 7 месяцаў, каб дамагчыся афармленьня дамоваў ЖКГ па-беларуску

Ігар Случак, архіўнае фота

Адзін са стваральнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы», юрыст Ігар Случак 7 месяцаў спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці двух чалавек, каб дамагчыся заключэньня дамоў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на роднай беларускай мове. Пасьля 20 заяў, расказвае БелаПАН, гэта ўдалося.

У кастрычніку 2019 году Мінжылкамгас падрыхтаваў зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыльлёва-камунальных паслуг», якія прадугледжвалі магчымасьць спажыўцам самастойна выбіраць, на якой мове — беларускай або расейскай — заключаць дамову. Палата прадстаўнікоў прапановы міністэрства адхіліла, і норма пра мову не запрацавала.

«Тады мы, удзельнікі ініцыятывы, усяго каля 100 чалавек, сталі зьвяртацца ў міністэрства, і яно пайшло нам насустрач: абавязала ўсе аблвыканкамы распрацаваць дамовы на беларускай мове, разаслаць іх у аддзелы ЖКГ і складаць іх на беларускай мове, калі спажывец выкажа такое жаданьне», — паведаміў БелаПАН Ігар Случак.

Аліна Нагорная, архіўнае фота

Прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная зьяўляецца ўласьніцай жытла ў Рагачоўскім раёне. Яна сутыкнулася зь нежаданьнем камунальнікаў афармляць дамовы на беларускай мове.

«Першапачаткова мяне паставілі перад умовай: або падпісвай дамовы на расейскай, або застанесься без абслугоўваньня, — адзначыла яна. — Але пазьней я вырашыла разабрацца і дамагчыся перазаключэньня дамоў на роднай мове — ня толькі для сябе, але і для ўсіх беларусаў, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй паводле моўнай прыкметы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белмова робіць нашых дзяцей тупейшымі». Пэдагог з Клімавічаў запісала відэаролік пра «крык душы»

У канцы 2019 году Случак зьвярнуўся з гэтай нагоды ў Палату прадстаўнікоў і атрымаў адказ, дзе адзначалася, што «заканадаўчымі актамі ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для заключэньня грамадзянска-прававых дамоў на расейскай і беларускай мовах».

У лютым 2020 году Нагорная зноў зьвярнулася да рагачоўскіх камунальнікаў з прапановай заключыць дамову на беларускай мове.

«Атрымала адмову з подпісам дырэктара КЖРЭУП „Рагачоў“ Буянава — маўляў, тыпавая дамова зацьверджаная Саўмінам на расейскай мове, справаводзтва вядзецца па-расейску», — расказала Нагорная.

Тады Случак зноў зьвярнуўся ў Міністэрства ЖКГ. Міністар адказаў:

«Калі спажывец паслуг ЖКГ выказвае жаданьне заключыць дамову на беларускай мове, ніхто не перашкаджае падрыхтаваць такую дамову і заключыць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За парушэньне закону аб мовах у Беларусі пакаралі 9 чалавек за 20 гадоў

У сакавіку Нагорная чарговы раз зьвярнулася да камунальнікаў, спасылаючыся на адказ міністра ЖКГ, і ёй зноў адмовілі. Аднак 23 сакавіка Гомельскі аблвыканкам паведаміў Нагорнай, што яна можа прыйсьці ў КЖРЭУП «Рагачоў» для заключэньня дамовы на беларускай мове.

«Сем месяцаў, дваццаць заяў — сытуацыя ненармальная, — заявіла Нагорная. — З такім стаўленьнем сутыкаецца кожны беларускамоўны чалавек кожны дзень. З дыскрымінацыяй паводле моўнай прыкметы трэба заканчваць».

Случак ухваляе пазыцыю Міністэрства ЖКГ, якое, нягледзячы на рашэньне парлямэнту, зацьвердзіла права на беларускую мову ў сфэры ЖКГ.

«Бяз сотні заяў у міністэрства галасы беларускамоўных не былі б пачутыя», — лічыць аўтар ініцыятывы. Паводле яго, двух работнікаў камунальнага прадпрыемства «Рагачоў» прыцягнулі да адказнасьці за парушэньні пры складаньні адказаў на звароты Нагорнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мова эканом-клясы. Беларуская чыгунка адмовілася рабіць абвесткі па-беларуску ва ўсіх цягніках