Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белмова робіць нашых дзяцей тупейшымі». Пэдагог з Клімавічаў запісала відэаролік пра «крык душы»


Іна Кардабнёва
Іна Кардабнёва

Супрацоўніца Клімавіцкай ДЮСШ абурылася ў сваім відэаблогу абавязковым вывучэньнем у краіне беларускай мовы. Паводле яе, гэта «жудасная і блытаная мова», якая «робіць беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі».

Іна Кардабнёва — выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, кандыдатка ў майстры спорту, удзельнічала ў чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы сярод юніёраў. З 2011 году працуе інструктарам-мэтадыстам у Клімавіцкай ДЮСШ.

Жанчына вядзе на ютубе лайфстайлавы відэаблог. У яе амаль 10 тысяч падпішчыкаў. На ім Кардабнёва раіць, як схуднець і весьці здаровы лад жыцьця. Але апошні ролік яна прысьвяціла беларускай мове.

У 18-хвілінным відэа жанчына тлумачыць гледачам, што беларускай мовай у краіне ніхто не карыстаецца і, адпаведна, няма ніякай патрэбы вывучаць яе як абавязковы прадмет.

«Навошта беларусам беларуская мова? У нас няма нідзе надпісаў на беларускай мове. Адзінае выключэньне, гэта зрабілі для нейкага понту, ня ведаю нават для каго — у мэтро і транспарце ў Менску абвяшчаюць прыпынкі на беларускай мове. Дзеля чаго гэта? Незразумела».

Затым інструктарка-мэтадыстка ўзялася тлумачыць сваім гледачам з Расеі і Ўкраіны, што такое беларуская мова.

«Гэта не замежная мова. Гэта не ўкраінская мова. Украінская — гэта асобная мова, якая не падобная на рускую, у якой свае правілы. Беларуская мова таксама іншая, але яна падобная на рускую тым, што ў ёй усё наадварот».

Кардабнёва выказала думку, што беларуская мова патрэбная ў Беларусі толькі для таго, каб адвучыцца на настаўніка беларускай мовы і пазьней яе выкладаць. А ў выніку, на думку пэдагога, пакутуюць дзеці, якія праз вывучэньне беларускай мовы ня ў стане пісьменна карыстацца расейскай.

«Калі маё дзіця робіць у беларускай мове расейскія памылкі, мяне гэта не абурае. Але калі ў расейскай гаворцы праяўляюцца гэтыя беларускія калгасныя памылкі, мяне гэта забівае. Беларуская мова нідзе не патрэбная. Ні для чаго. Але яна ж, сабака, уплывае на гадавыя ацэнкі, атэстаты, ЦТ і г. д. Блін, гэта жудасна блытаная мова».

Жанчына кажа, што ёй крыўдна, калі дзеці з правінцыі, якія едуць вучыцца ў вялікія гарады, размаўляюць там на сапсаванай расейскай. І ў выніку пакутуюць і яны, і жыхары вялікіх гарадоў, лічыць Кардабнёва.

«Прыяжджаюць з гэтым малпіным [у арыгінале „обезьяньим“. — РС] калгасным акцэнтам. Гэта моцна ім перашкаджае. Зь іх сьмяюцца, пастаянна папраўляюць. І мяне часта папраўляюць на ютубе, але я нічога не магу зрабіць, бо я жыву ў такім асяродзьдзі. Калі б я жыла ў асяродзьдзі людзей, якія размаўляюць на прыгожай рускай мове, з прыгожым акцэнтам, маскоўскім, вядома, мне б гэта перадалося».

Пэдагог шкадуе, што цяпер нельга, як у савецкі час, адмовіцца ад вывучэньня беларускай мовы.

«Блін, ёлкі-палкі, Міністэрства адукацыі, патлумачце, куды і навошта нам трэба ўжываць беларускую мову. Навошта гэтая мешаніна, навошта рабіць нашых беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі. Я паважаю беларускую мову ўсёй душой, але не рабіце яе абавязковым прадметам. Хай будзе да 5-й клясы, усё, харош, мы зразумелі, што такое беларуская мова. Але ж яна працягвае нам пудрыць мазгі да 11 клясы».

Затым жанчына нечакана цалкам мяняе папярэднюю думку — што беларуская мова нічым не адрозьніваецца ад расейскай — і пачынае наракаць, што дзеці не разумеюць значэньня беларускіх словаў.

«Маё дзіця прыносіць сямёркі, бо яму трэба пераказваць тэкст, а яно не запамінае гэтых дэбільных словаў. Бо іх рэальна, як у ангельскай мове, трэба вучыць. Дзеці, калі вучаць вершы, то яны не разумеюць сэнс, бо гэтыя замежныя беларускія словы, трэба ведаць іх сэнс».

У канцы відэа жанчына спаслалася на размовы з «усімі» суседзямі і сваякамі, якія лічаць беларускую мову жахлівай і не разумеюць, для чаго яна патрэбная. Яна выказала здагадку, што 99% людзей у Беларусі зь ёю пагодзяцца, і заахвоціла выказвацца тых, хто зь ёю ня згодны.

Свабода зьвярнулася да жанчыны з пытаньнем, ці вядома ёй, што ў Беларусі ёсьць пакараньне за абразу дзяржаўнай мовы. Але і празь некалькі гадзінаў, да публікацыі гэтага тэксту, яна не адказала.

ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ

За абразу дзяржаўнай мовы ў Беларусі пагражае штраф — да 10 базавых велічыняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG