Як дзяржаўныя мэдыя маніпулююць інфармацыяй пра каранавірус

Ілюстрацыйнае фота

Многія людзі ў Беларусі ня ўпэўненыя, што ім кажуць праўду пра маштаб пандэміі. Прычынай — тое, што інфармацыйная палітыка ўсіх дзяржаўных інстытутаў Беларусі падганяецца пад указаньні Лукашэнкі. Маніпуляцыйныя тэхналёгіі сталі відавочнымі для ўсіх.

Сьцісла:

  • У інфармацыйных перадачах БТ відавочныя лягічныя нестыкоўкі.
  • З аднаго боку, дзяржаўныя мэдыя перасьцерагаюць, што людзі сталага веку павінны сядзець дома, прытрымлівацца гігіены. А зь іншага боку, яны ж вядуць лінію на дэмабілізацыю грамадзтва. І тут тон задае сам Лукашэнка.
  • БТ даводзіць, што карантын — неэфэктыўны спосаб супраць распаўсюду каранавірусу, а гэта няпраўда.
  • Лукашэнка і дзяржаўныя мэдыя сфармулявалі ілжывую дылему: альбо ўвесьці локдаўн, то бок цалкам спыніць усё эканамічнае жыцьцё, альбо абвясьціць пандэмію псыхозам і рабіць толькі чыста мэдычныя захады. Але паміж гэтымі дзьвюма крайнімі пазыцыямі ёсьць шмат прамежкавых варыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 152. У Беларусі за тры дні выявілі 58 новых выпадкаў COVID-19

Усе выходныя ўважліва глядзеў інфармацыйныя перадачы беларускіх тэлеканалаў. Даведаўся шмат цікавага. Тое, што ў выніковых нядзельных праграмах тэма каранавірусу была не на першым месцы, не зьдзівіла. Больш важна было назіраць тыя маніпуляцыйныя тэхналёгіі, якія былі закліканыя патлумачыць, чаму Беларусь у барацьбе з пандэміяй ідзе насуперак усяму сьвету.

Вядома, з гледзішча нармальнай лёгікі можна было заўважыць відавочныя нестыкоўкі. Бо, напрыклад, як сумясьціць тэзіс Лукашэнкі, што пандэмія — гэта псыхоз і фэйк, з парадамі Міністэрства аховы здароўя захоўваць гігіену і не выходзіць з дому? Але прапаганда самой сваёй прыродаю ня можа быць лягічнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пнэўманія ці COVID-19?

Таму парадоксы — на кожным кроку. Міністэрства аховы здароўя абвяшчае, што людзі, якія прыяжджаюць з-за мяжы, павінны знаходзіцца ў ізаляцыі цягам 14 дзён. А Лукашэнка, рэагуючы на тыднёвыя вакацыі ў Расеі, кажа:

«Вось зараз выходныя гэтыя. Куды расейцы паедуць? Яны прывыклі да нас больш за ўсё ехаць. Вядома, прыедуць да нас, у гасьцініцах будуць жыць, у аграсядзібах. І дзякуй богу, яны ж прыедуць з грашыма. Куды ім падзецца? Мы не павінны ад іх закрывацца».

З аднаго боку, дзяржаўныя мэдыя перасьцерагаюць, што людзі сталага веку павінны сядзець дома, мыць рукі і інш. А зь іншага боку, яны вядуць лінію на дэмабілізацыю грамадзтва. Маўляў, усё ў парадку, ня трэба панікі, расслабцеся і цешцеся жыцьцём.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выносілі з інсультам, дзядоў, бабак». Што адбываецца ў Іўі, дзе пацьвердзілі выпадак каранавірусу

У Славаччыне паказалі па ТБ пасяджэньне ўраду, на якім усе міністры былі ў масках. На расейскіх тэлеканалах прайшлі сюжэты, дзе Пуцін наведвае шпіталь у адмысловай супрацьвіруснай амуніцыі. Сэнс гэтых кадраў у тым, каб паказаць народу, што ўсё сур’ёзна, небясьпека вялікая, трэба прымаць меры абароны.

А паводзіны Лукашэнкі дыямэтральна супрацьлеглыя. «Я жыву тым жа жыцьцём, што і жыў. І ўчора была трэніроўка з хакеістамі. Сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся», — цытуе кіраўніка дзяржавы телеграм-канал «Пул першага». І размаўляючы з журналісткай, Лукашэнка заяўляе: «Тут няма вірусаў ніякіх. Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? І я таксама ня бачу!». Інакш кажучы, ніякай небясьпекі няма, бярыце прыклад зь мяне.

Яшчэ адзін тэзіс БТ: карантын — неэфэктыўны спосаб супраць распаўсюду каранавірусу. Пры гэтым спасылаюцца на высновы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!» У Капыльскім раёне школьнікаў масава правяраюць на каранавірус. ФОТА

Насамрэч гэта ня так. Сумненьні наконт карантыну зьвязаныя не зь яго ўяўнай неэфэктыўнасьцю, а з суадносінамі выдаткаў і выгод.

І вось тут робіцца галоўная маніпуляцыя. Яе парадыгму задаў Лукашэнка. 27 сакавіка, наведваючы завод «Белгіпс» у Менскім раёне, ён патлумачыў адсутнасьць у Беларусі карантыну эканамічнай мэтазгоднасьцю.

Пры гэтым у якасьці саюзьніка ўзяў прэзыдэнта ЗША Трампа. Лукашэнка заявіў:

«Трамп як чалавек, які калісьці займаўся бізнэсам, хутка зарыентаваўся, апошнія яго заявы мне вельмі спадабаліся. Ён сказаў так: калі мы неадкладна ня вернемся на прадпрыемствы і не пачнём працаваць, то ад беспрацоўя памрэ значна больш амэрыканцаў, чым ад каранавірусу. Цяпер вы зразумелі, чаму я не закрываў прадпрыемства. Хоць дарадцаў было мора: закрыць межы, прадпрыемствы, усіх пасадзіць на карантын... Нам хапае ня толькі завезенага каранавірусу, але і эканамічных праблем. Нам іх падкінуць звонку. Дык навошта нам пагаршаць унутры краіны?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта псыхоз». Лукашэнка патлумачыў, чаму Беларусь ня ўводзіць карантыну

Але тут Лукашэнка спрытна падмяніў сутнасьць праблемы, сфармуляваў ілжывую дылему: альбо локдаўн, то бок поўнае спыненьне ўсяго эканамічнага жыцьця, альбо абвяшчэньне пандэміі псыхозам і прыняцьце толькі чыста мэдыцынскіх захадаў у рамках Міністэрства аховы здароў

Але паміж гэтымі дзьвюма крайнімі пазыцыямі ёсьць шмат прамежкавых варыянтаў. Напрыклад, можна было ўвесьці частковы карантын, адмяніць масавыя мерапрыемствы, якія не наносяць ніякай шкоды эканоміцы. У прыватнасьці, якія эканамічныя страты краіна панясе ад адмены параду на 9 траўня, спыненьня заняткаў ва ўнівэрсытэтах, забароны наведваньня цэркваў, адмены спартыўных мерапрыемстваў?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль сьвет шукае лекі ад каранавірусу, Лукашэнка сьмяецца». Што сусьветныя СМІ пішуць пра Беларусь

А на БТ паказалі, як цяпер праходзіць хакейны турнір на прызы Прэзыдэнцкага спартыўнага клюбу з удзелам каманды прэзыдэнта Беларусі пры запоўненых трыбунах. Ці вось Беларусь і Нікарагуа — адзіныя краіны ў сьвеце, якія не спынілі нацыянальныя футбольныя чэмпіянаты. Як вядома, абсалютная большасьць футбольных клюбаў Беларусі датуюцца дзяржавай. І ад спыненьня чэмпіянату эканоміка краіны толькі выйграла б.

Вось менавіта праз такія маніпуляцыйныя тэхналёгіі, праз тое, што інфармацыйная палітыка ўсіх дзяржаўных інстытутаў Беларусі падганяецца пад указаньні Лукашэнкі, людзі ня ўпэўненыя, што ім кажуць праўду пра маштаб пандэміі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ