Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль сьвет шукае лекі ад каранавірусу, Лукашэнка сьмяецца». Што сусьветныя СМІ пішуць пра Беларусь


Аляксандар Лукашэнка падчас гульні ў хакей, 29 сакавіка
Аляксандар Лукашэнка падчас гульні ў хакей, 29 сакавіка

Пра адсутнасьць у Беларусі жорсткіх мераў па нераспаўсюдзе каранавірусу, а таксама пра заявы і паводзіны Аляксандра Лукашэнкі падчас пандэміі, паведамляюць многія сусьветныя СМІ.

Свабода сабрала некаторыя публікацыі самых уплывовых мэдыяў.

The Washington Post: «Беларускі дыктатар адмаўляе небясьпеку каранавірусу»

«Ніякага локдаўну: беларускі дыктатар адмаўляе небясьпеку каранавірусу. Ён прапануе сауны і гарэлку» — гэта загаловак артыкулу ў амэрыканскай газэце The Washington Post.

Выданьне нагадвае, што суседкі Беларусі зачынілі межы, адмянілі пасажырскія перавозкі, забаранілі масавыя мерапрыемствы, ты часам «Беларусь застаецца адкрытай, а Лукашэнка застаецца непахісным».

«У Беларусі аўтарытарны лідэр прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, як вядома, слаўна пазьдзекаваўся над каранавірусам як „вар’яцтвам і псыхозам“. Яго погляды ўключаюць таксама парады для грамадзян, якія не падзяляюць яго пагарду да каранавірусу: адпраўляйцеся ў сауну, выпіце трохі гарэлкі і вярніцеся да працы».

The Washington Post распавяла сваім чытачам, што ў Беларусі адбываюцца футбольныя матчы, у тэатрах адбываюцца прэм’еры, працуць рынкі, крамы, бары, рэстараны і цэрквы.

Газэта параўнала бязьдзеяньне Лукашэнкі з паводзінамі прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанару, які назваў каранавірус мэдыйнай фантазіяй і «невялікім грыпам». Ён заявіў, што «бразыльцы могуць скакаць у каналізацыю і не захварэць.

The Washington Post цытуе палітычнага камэнтатара Арцёма Шрайбмана, які кажа, што «Лукашэнка больш хвалюецца надыходзячым эканамічным крызісам у выніку каранавірусу, чым самім вірусам».

Аўтар артыкулу піша, што нават сьвяткаваньне Дня Перамогі, калі разам зьбіраюцца пажылыя вэтэраны, мае адбыцца бязь зьменаў.

«Жыцьцё працягваецца. Нельга гэтага адкладаць», — перадае газэта словы Лукашэнкі.

«Gazeta Wyborcza»: Лукашэнку не давярае нават Пуцін

Гуляйце ў хакей, працуйце і піце гарэлку, — раіць Аляксандар Лукашэнка, які ўвогуле не адрэагаваў на пандэмію. Жыцьцё ў краіне адбываецца як звычайна, піша польская «Gazeta Wyborcza».

«Беларускі дыктатар, які трымае ўладу з 1994 года, ад самага пачатку нязьменна грэбуе пандэміяй, абвешчанай Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Ён зноў падкрэсьлівае, што самае галоўнае не панікаваць і кпіць зь іншых краін, якія пакутуюць ад псыхозу, які разбурае іх эканоміку. Ён падкрэсьлівае, што без страху пускае сына Колу ў школу. Паводле слоў Лукашэнкі, увесь цывілізаваны сьвет звар’яцеў. Сам ён заклікае сваіх землякоў напружана працаваць, асабліва на вёсцы, таму што трактары і цяжкая праца ў полі вылечаць іх. Ён раіць ня толькі мыць рукі, але і піць мінімум 50 мл гарэлкі штодня».

Выданьне піша, што Беларусь — адзіная краіна Эўропы, якая вырашыла не адмяняць футбольную лігу. І нагадвае, што матчы адбываліся пры поўных трыбунах заўзятараў, што раскрытыкаваў былы гулец «Арсэналу» і «Барсэлёны» Аляксандар Глеб.

Жодзіна, 27 сакавіка
Жодзіна, 27 сакавіка

«Лукашэнка сьцьвярджае, што ён змагаецца з хваробай спортам і што беларуская ліга на гэтым выйграе, паколькі яе ахвотна глядзяць пазбаўленыя альтэрнатывы замежнікі», — піша Wyborcza.

Газэта дадае, што ня ўсе вераць у афіцыйную статыстыку, паводле якой да гэтага часу дыягнаставана каля 100 выпадкаў COVID-19, а сьмяротных выпадкаў не было.

«Лукашэнку не давярае нават Уладзімір Пуцін. Ён загадаў закрыць межы з суседам, зь якім два дзесяцігодзьдзі сумесна стварае Саюз Расеі і Беларусі».

Sky News: Беларусь праігнаравала занепакоенасьць у сувязі з COVID-19

Брытанскі тэлеканал паведамляе, што ў Беларусі прынятыя нязначныя меры па спыненьні каранавірусу, а замест гэтага людзей заклікаюць піць гарэлку і хадзіць у сауны.

«Краіна — у прыватнасьці яе прэзыдэнт — праігнаравала занепакоенасьць у сувязі з успышкай COVID-19, што добра паказала нядзеля, і нацыянальныя футбольныя матчы працягнуліся як звычайна».

Sky News зьвяртае ўвагу, што ў адрозьненьні ад большасьці краін, дзе выкарыстоўваюцца жорсткія меры па стрымліваньні распаўсюджваньня каранавірусу, у Беларусі фанаты працягвалі прыходзіць на матчы, як і звычайна.

«Ня шмат заўзятараў вырашылі насіць маскі і стаялі на перапоўненых трыбунах», — зазначае тэлеканал.

The Times: Пакуль сьвет шукае лекі ад каранавірусу, Лукашэнка сьмяецца

«У той час як сьвет спрабуе знайсьці лекі ад каранавірусу, дыктатар Беларусі прасоўвае свой унікальны рэцэпт захаваньня здароўя: піце гарэлку, старанна працуйце ў сельскай гаспадарцы і наведвайце сауну», — піша The Times.

Выданьне зазначае, што Аляксандр Лукашэнка сьмяяўся над краінамі, якія ўвялі абмежаваньні, каб мінімізаваць сьмяротнасьць, называючы іх паводзіны панікай.

«У Беларусі, былой савецкай дзяржаве з насельніцтвам 9,5 мільёна чалавек, крамы і рынкі перапоўненыя, тэатры ставяць прэм’еры, а межы застаюцца адкрытымі», — паведамляе The Times.

CNN: Многія заўзелі за свае каманды без кашуляў на трыбунах

Футбольныя турніры ва ўсім сьвеце спыненыя праз пандэмію каранавірусу, але ў адной эўрапейскай лізе ўсё як звычайна, паведамляе CNN.

«Паводле графіку разыгрываюцца ня толькі матчы лігі, але і заўзятары па-ранейшаму наведваюць матчы па ўсёй краіне, якая яшчэ не ўвяла абмежаваньняў на масавыя сходы».

Тэлеканал зазначае, што суботні матч паміж дзьвюма камандамі са сталіцы прыцягнуў 1750 балельшчыкаў, паколькі заўзятары праігнаравалі парады Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя па сацыяльным дыстанцыяваньні.

«Многія заўзелі за свае каманды без кашуляў на трыбунах» — гаворыцца ў матэрыяле CNN. Пры гэтым, паводле тэлеканалу, апрача каманды БАТЭ, беларускія клюбы практычна невядомыя нават самым заўзятым эўрапейскім аматарам футболу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG