Як вірус дзеліць грамадзтва

Сьцісла:

  • У Чэхіі, дзе ўведзены карантын, я працую з дому, а пад маімі вокнамі віруе будоўля нейкага офісу
  • Гэтыя будаўнікі ня могуць выконваць сваю працу онлайн
  • Людзі вызначаюць сваю пазыцыю паводле балянсу паміж небясьпекай ад вірусу і ўласнымі магчымасьцямі эканамічнага выжываньня
  • У ІТ-шніка і рабочага на канвэеры гэтыя балянсы розныя
  • Калі нехта заклікае да «карантыну любой цаной», то вельмі часта рэч у тым, што для яго гэтая цана ня надта высокая
  • Правільнае рашэньне для канкрэтнага грамадзтва ў дадзеным выпадку — гэта кампраміс паміж кепскім і кепскім, прычым кепскім для розных людзей у рознай ступені

Сяджу на гаўбцы сваёй кватэры ў Празе, працую з дому. А пад вокнамі віруе будоўля. Рабочыя ўсе ў масках. У Чэхіі за зьяўленьне па-за межамі дому бяз маскі — штраф. Ці ўвесь час тыя рабочыя ў масках сярод будаўнічага пылу — не адсочваў. Спадзяюся.

Пры гэтым варта нагадаць, што ў Чэхіі дзейнічае калі можа і ня самы жорсткі карантын, але даволі жорсткі. Прэм’ер нават па тэлебачаньні выступае ў масцы, каб падаць прыклад. Шмат якія вытворчасьці прыпыненыя. Але, як бачым, далёка ня ўсе. Пад маімі вокнамі — не малаказавод, ня склад прадуктаў для харчовых крамаў, не будоўля новага шпіталя. Будуюць нейкі офіс, ужо шмат гадоў. Чаго цяпер так актывізаваліся — ня ведаю.

Але выразная карцінка сацыяльнага падзелу паводле каранавірусу, так бы мовіць. Я з дому працаваць магу. Вось пішу гэты блог. Мог бы ў офісе пісаць, магу і з хаты.

А будаўнік, які «ўкалвае» ў маім двары — ён хіба жыць ня хоча? Ён хіба ня ведае пра пагрозу пандэміі, пра пагрозу і яму і ад яго, калі ён не ізаляваны? Ды ўсё ён ведае.

Але гэты гмах будаваць онлайн ён ня можа па вызначэньні. А ў яго сямʼя, яму яе трэба карміць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абвясьцілі надзычайную сытуацыю і падоўжылі карантын да 24 красавіка

Чэхія карантын увяла. Беларусь — не. Прынамсі, пакуль не. Але гэты падзел назіраецца і ў Беларусі, як і па ўсім сьвеце.

Не магу сказаць, што ў маёй стужцы ФБ шмат пралетарыяў ці сялянаў. Але і ў ёй чытаю розныя меркаваньні. Піша прадпрымальнік, гаспадар фірмы паслугаў: А мне норм, што ў нас у Беларусі не ўвялі карантын, маю час неяк перабудаваць працу фірмы, хоць не адразу лясьнемся. А мо не лясьнемся. Піша службовец: А я буду хадзіць на працу, калі толькі загадам зь яе ня выганяць. Я яе онлайн рабіць не магу. А ў мяне дзеці есьці просяць.

Навідавоку той выпадак, калі сацыяльнае быцьцё, жыцьцёвыя інтарэсы, даволі жорстка вызначаюць сьвядомасьць. Яны так пішуць не таму, што надта любяць Лукашэнку і не таму, што не баяцца каранавірусу. Ня любяць Лукашэнку, баяцца вірусу. Але на адной шалі — гэтая нелюбоў і гэты страх, а на іншай — таксама інтарэс выжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас». Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19

І наадварот — калі нехта заклікае да «карантыну любой цаной», то вельмі часта рэч у тым, што для яго гэтая цана ня надта высокая. Нехта з ІТ-спэцыялістаў дык і да пандэміі напэўна ладную частку часу працаваў на адлегласьці. Цяпер можа і ўвесь час так працаваць.

Насамрэч і ён узважвае: на адной шалі — страх перад вірусам, на другой — ну сумна ўвесь час дома сядзець, ня пойдзеш нікуды. І ў выніку проста іншы балянс, чым у таго прадпрымальніка і службоўца.

Да таго ж гэты ІТ-шнік і па-за працай жыве ў сваёй сацыяльнай «бурбалцы», многія яго знаёмыя, фрэнды ў сацыяльных сетках, такім жа онлайн-жыцьцём і жывуць. І ствараецца ілюзія, што і ўсе так жывуць. І такое шчырае зьдзіўленьне — а хіба нехта жыве іншым? Уявіце сабе — па-за межамі нашага кола жыцьцё таксама існуе. І ня толькі ў дыктатарскай Беларусі, але і ў дэмакратычнай Чэхіі, як у тых будаўнікоў, што працуюць пад вокнамі маёй кватэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»

І гэта — імгненны зрэз гэтага сацыяльнага падзелу, зладжанага вірусам. Баюся, што далей ён будзе толькі паглыбляцца. Шмат краінаў сьвету цяпер уводзяць карантын і локдаўн. Урады гэтых краінаў ужо выдзяляюць велізарныя грошы на дапамогу і тым, чые месцы працы зьнішчае ці ўжо зьнішчыў вірус, і тым, каго ўрадавым рашэньнем адправілі з працы.

Добра, калі ёсьць што выдзяляць. Але пытаньне, наколькі гэтага хопіць нават самым багатым краінам. А небагатым? І хопіць — чаго? Грошы нечага вартыя, калі за іх можна нешта купіць, калі яны забясьпечаныя таварамі. А дзе возьмуцца хлеб, малако, мяса, тая ж туалетная папера, нарэшце, электрычнасьць для кампутараў ІТ-небажыхароў? Ой, дык іх жа нехта павінен вырабіць. Дык а хто, калі карантын, локдаўн, калі любой цаной і галоўнае — захаваць жыцьці людзей?

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп гэта і меў на ўвазе, калі заявіў, што «прастой у эканоміцы можа прычыніць краіне большую шкоду, чым каранавірус». Не выключаю, што ён казаў гэта не адно з пункту гледжаньня агульнага дабра, але і з улікам адзначанага сацыяльнага падзелу, утворанага вірусам. Малады, прасунуты кампутарны «бог» з Microsoft можа з Трампам у гэтым пытаньні і не пагодзіцца. І не ў апошнюю чаргу таму, што ў ягонай працы, у ягоным бізнэсе, ніякага асаблівага прастою і не прадбачыцца. А вось рабочы з фордаўскага канвэеру можа з прэзыдэнтам і пагодзіцца. І не таму, што ён нечага не разумее, ня дбае пра лёс сваёй амэрыканскай бацькаўшчыны, чужы меркаваньням гуманізму і ня хоча, каб усе былі жывыя-здаровыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская інфэкцыяністка: у Швэцыі без абвяшчэньня карантыну людзей памерла менш, чым там, дзе яго абвясьцілі

А Мэркель, скажам, вырашыла гэтае пытаньне інакш. Адсюль не вынікае, што яна — разумніца, а Трамп — дурань. Як і адваротнае: што Трамп — геній, а Мэркель — дурніца.

Два палітыкі адчулі скурай балянс супярэчлівых інтарэсаў у іх грамадзтвах, падлічылі роўнадзейную гэтых інтарэсаў, зрабілі выбар паміж двума вельмі кепскімі рашэньнямі, прычым кепскасьць якіх нельга прывесьці да аднаго паказьніка. Яны кепскія для розных людзей і сацыяльных групаў па-рознаму.

Маркс лічыў, што інтарэсы пралетарыяту і капіталістаў супрацьлеглыя, што іх узаемаадносіны — гэта гульня з нулявой сумай. Напэўна, ня меў рацыі. Што, аднак, не адмяняе наяўнасьць супярэчнасьцяў паміж інтарэсамі сацыяльных групаў. І крызісы, падобныя да цяперашняга каранавірусу, могуць абвастраць і нават спараджаць гэтыя супярэчнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь засталася бяз танных аднаразовых масак? Расьсьледаваньне Свабоды

Якім павінен быць гэты балянс у Беларусі, які ён рэальна склаўся ў грамадзтве — ня ведаю, ня маю «скуры» палітыка, які яго адчувае. Але адзінае, што прапаную — не лічыць людзей, якія думаюць інакш, нейкімі прыдуркамі ці пачварамі. Прапаную разумець, што пазыцыі, погляды людзей вызначаюцца не ў апошнюю чаргу іх сацыяльным становішчам, якое можа істотна адрозьнівацца ад вашага.

Ну і тое, што правільнае рашэньне для канкрэтнага грамадзтва ў дадзеным выпадку — гэта кампраміс паміж кепскім і кепскім, прычым кепскім для розных людзей у рознай ступені.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.