Кабінэт Міністраў Украіны ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам падоўжыў карантын да 24 красавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Апроч таго, на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвешчана надзвычайная сытуацыя.
Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя, на 10 гадзіну раніцы ва Ўкраіне афіцыйна пацьвердзілі 113 выпадкаў заражэньня каранавірусам, чатыры чалавекі памёрлі, адзін паправіўся і выпісаны зь лякарні.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заклікаў ня блытаць надзвычайную сытуацыю з надзвычайным станам:
«Надзвычайная сытуацыя не абмяжоўвае канстытуцыйных правоў грамадзян, а толькі кансалідуе намаганьні ў пераадоленьні пагрозы».
Як заканадаўства Ўкраіны вызначае надзвычайную сытуацыю
У выпадку абвяшчэньня надзвычайнай сытуацыі грамадзяне абавязаныя:
- выконваць правілы паводзін, бясьпекі і рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі
- да прыбыцьця выратавальных падразьдзяленьняў прымаць захады для абароны людзей і маёмасьці
- выконваць рэжымы абароны ад эпідэміяў, радыяцыі і падобнага.
Дадаткова ўрад можа ўвесьці спэцыяльны парадак разьмеркаваньня прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці, на час надзвычайнай сытуацыі адхіляць ад выкананьня службовых абавязкаў кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў, зьмяняць рэжым працы ўстановаў і арганізацыяў усіх формаў уласнасьці, а таксама мабілізоўваць іхныя рэсурсы для ліквідацыі надзвычайнай сытуацыі. Апроч таго, магчымая часовая забарона будаўніцтва новых прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў.
Надзвычайны стан вядзе да больш жорсткіх абмежаваньняў. У выпадку ягонага абвяшчэньня вызначаецца спэцыяльны рэжым уезду і выезду з краіны, абмяжоўваецца свабода перамяшчэньня і руху, узмацняецца ахова грамадзкага парадку, а таксама забараняюцца масавыя акцыі і страйкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ