Адразу 20 чалавек селі на лаву падсудных у Маскоўскім раённым судзе Менску. 23 сакавіка тут пачаўся працэс у справе аб подкупе гульцоў футбольных камандаў найвышэйшага і першага дывізіёнаў, а таксама ў валейбольным чэмпіянаце Беларусі.
Такое абвінавачаньне паводле розных частак 253-га артыкулу Крымінальнага кодэксу выстаўлена ўсім фігурантам справы. Трох падсудных таксама вінавацяць у махлярстве, ім пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
Асноўныя абвінавачаныя
Першым, каму зачытаў абвінавачаньне пракурор Максім Чупрыс, быў Віктар Баравіцкі, які працуе спартовым агентам ў Магілёве. Разам зь ім у справе фігуруе саўдзельнік Віталь Ланько, абвінавачаньне якому яшчэ не дачыталі, але пра яго ужо можна меркаваць. Хто гэта такія?
Віктара Баравіцкага і Віталя Ланько затрымалі ў гэтай справе першымі — яшчэ 5 студзеня 2019 году. Гэта тады ў МУС заявілі, што спынілі дзейнасьць міжнароднай злачыннай групоўкі, якая займалася дамоўнымі матчамі. А незалежныя мэдыя тады зьдзівіліся: не прайшло і двух гадоў ад гучнага працэсу за дамоўныя матчы ў футболе, як здарыўся новы скандал. Прычым цяпер да футбольнай далучылася і валейбольная тэма. Няўжо спорт ня можа быць чыстым?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх хакеістаў дыскваліфікавалі праз дамоўны матч. Сярод іх — гульцы каманды ЛукашэнкіБаравіцкага пратрымалі пад вартай да леташняга ліпеня, Ланько выйшаў са сьледчага ізалятару раней, у красавіку. Што пра іх прагучала на судзе?
Віктар Баравіцкі і Віталь Ланько раней гулялі ў футбол у Асіповічах, добра ведалі футбалістаў іншых клюбаў і, скарыстаўшыся гэтымі знаёмствамі, мяркуе сьледзтва, прыдумалі, як наладзіць дамоўныя матчы. Падобна на тое, што з 2017 году яны дзейнічалі паводле адной схемы. Спачатку дамаўляліся з кімсьці з гульцоў ці трэнэраў камандаў, так бы мовіць, знаходзілі пасярэдніка. Потым пасярэднік дамаўляўся зь іншымі гульцамі — звычайна з групай ад 4 да 10 чалавек. Гэтыя гульцы і забясьпечвалі патрэбны вынік гульні (пройгрыш з пэўнай розьніцай у першым тайме ці агульны за гульню), а тады ўжо «прэмію» перадавалі пасярэдніку, які дзяліў грошы паводле дамовы.
Усяго ў абвінавачаньні Баравіцкаму і Ланько больш за 20 эпізодаў. У іх фігуруюць сумы «подкупу» ад 2 да 10 тысяч даляраў за гульню. Сярэдняя «прэмія» гульца, які ўдзельнічаў ў забясьпячэньні паразы сваёй каманды, складала ад 350 даляраў да 1 тысячы.
Як «Гомель» саступіў БАТЭ?
Паводле сьледзтва ў справе фігуруюць 6 футбольных клюбаў, гульцы якіх спрычыніліся да дамоўленых гульняў. Гэта «Гомель», «Нафтан» з Наваполацку, «Хімік» са Сьветлагорску, «Ворша», «Ліда» і «Нёман-Агра» са Стоўбцаў. Валейбольны клюб у справе адзін — «Камунальнік-Магілёў». Падчас расплаты за ягоную паразу і былі затрыманыя дзялкі, якія фігуруюць у справе.
Вось некалькі прыкладаў дзеяньня іх злачыннай схемы. Гэтак, у чэрвені 2017 году футбольны клюб «Нафтан» прагуляў «Дынама» зь Берасьця. Паводле сьледзтва, за гэты пройгрыш некалькі гульцоў «Нафтану», зь якімі Баравіцкі і Ланько дамовіліся праз гульца каманды Міхаіла Гарбачова, агулам зарабілі 4 тысячы эўра — па тысячы на чалавека. Гэтак жа ў траўні 2018 году 6 нядобрасумленных футбалістаў «Нафтану» «дапамаглі» прагуляць клюбу зь Ліды, паклаўшы сабе ў кішэні па тысячы даляраў. У траўні 2018 году клюб з Воршы прайграў «Энэргетыку-БДУ» зь Менску — агульны «ганарар» аршанцаў, якія цяпер апынуліся на лаве падсудных, склаў 6 тысяч даляраў. У траўні 2017 году «Гомель» зб лікам 0:3 прагуляў БАТЭ з Барысава, а празь месяц атрымаў паразу і ў Берасьці ад «Дынама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі чэмпіянат чакае Мэсі, а брытанскія букмэкеры прымаюць стаўкі на «Іслач»Агульны кошт гэтых паразаў для Баравіцкага і Ланько, паводле сьледзтва, больш за 12 тысяч даляраў. Усяго, калі верыць сьледзтву, гэтыя падсудныя на подкуп футбалістаў за 2 гады патрацілі каля 50 тысяч даляраў. А цяпер — што яны за гэта атрымалі?
Сума «прэміяў» большая за выйгрыш. Чаму?
Нагадаю, другое абвінавачаньне Віктару Баравіцкаму і Віталю Ланько — у махлярстве. Але хто каго падманваў?
Паводле закону грамадзянін Беларусі мае права рабіць грашовыя стаўкі ў букмэйкерскай канторы з разьлікам, што ён адгадае вынік будучай гульні і выгуляе большыя грошы, чым паставіў. Але Баравіцкі і Ланько, як даводзіць сьледзтва, падкуплялі футбалістаў і валейбалістаў, то бок арганізоўвалі будучы вынік на сваю карысьць, і таму атрымлівалі выйгрыш незаконна, махлявалі. За гэта ім ня толькі пагражае зьняволеньне, але і выстаўленыя грашовыя пазовы. Аднак сумы пазоваў могуць выклікаць усьмешку. Гэтак, ад букмэйкерскай канторы «Пары-Матч», якая прымае стаўкі на футбольныя матчы ў Беларусі, Віктару Баравіцкаму выстаўлены пазоў прыкладна на 4 тысячы беларускіх рублёў, Віталю Ланько — 3 тысячы рублёў. Іншыя букмэйкеры таксама маюць да падсудных прэтэнзіі, але і ў іх сумы пазоваў нязначныя. Але чаму памеры гэтых прэтэнзіяў непараўнальныя з сумамі, якія «ўклалі ў справу» абвінавачаныя?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што ўсё ня так экстрэмальна». Глеб пра футбол падчас каранавірусуПаводле сьледзтва, пасьля забесьпячэньня патрэбнага выніку гульні Віктар Баравіцкі атрымліваў грашовы выйгрыш. Вось якія сумы называліся ў судзе: 600 рублёў, 380 рублёў, 580 рублёў, 4968 рублёў, 784 рублі, 1465 рублёў, 704 рублі, 1580 рублёў... Калі скласьці гэтыя грошы — ніяк не атрымаецца больш за 50 тысяч даляраў, патрачаных, як лічыць сьледзтва, на арганізацыю дамоўных матчаў. Дык у чым тады сэнс той схемы, якую прыдумалі, паводле праваахоўнікаў, махляры?
Сваю вэрсію карэспандэнту Свабоды расказала супрацоўніца букмэйкерскай канторы «Пары-Матч», якая прасіла яе не называць.
Паводле адмыслоўцы, ад выйгрышу імаверны махляр можа атрымліваць грошы ня толькі сам, але і праз тых людзей, якім ён давёў інфармацыю пра вынік дамоўнага матчу. І тут грошы могуць быць самыя непрадказальныя, лічыць крыніца. «Бо ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах таксама прымаюць стаўкі на гульні ў Беларусі. Мы ня ведаем, колькі ад іх атрымаў імаверны махляр і колькі атрымалі тыя, хто перадаваў яму грошы на подкуп гульцоў. Але калі гэта за два гады некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, як даводзіць сьледзьтва, значыць, бізнэс сябе акупляў. Магчыма, мы даведаемся ў судзе і пра гэтую схему», — мяркуе супрацоўніца «Пары-Матч».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адзіная не скасавала чэмпіянату ў футболе. Правы на яго набыў расейскі тэлеканалПадсудны Віктар Баравіцкі, якого вінавацяць у арганізацыі дамоўных матчаў і махлярстве, ад камэнтароў адмовіўся. Ці прызнае Баравіцкі сябе вінаватым, стане вядома падчас ягонага допыту.
Працэс у Маскоўскім раённым судзе Менску працягнецца 24 сакавіка. Пакуль зачыталі абвінавачаньні толькі 4 фігурантам справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Футбаліста можна падкупіць і за 100 даляраў». Як у Беларусі праводзяць дамоўленыя матчы