7 праграмаў на смартфон, якія зьменшаць стрэс і напружаньне

Ілюстрацыйнае фота

Празьмернае выкарыстаньне смартфона спэцыялісты ў псыхічным здароўі называюць адной з прычынаў стрэсу і непакою. Але ёсьць выключэньне — мабільныя праграмы для дыханьня і ўсьвядомленай мэдытацыі.

На рынку сёньня ёсьць сотні мабільных праграмаў, якія зьніжаюць стрэс і напружаньне. Каб пачаць імі карыстацца, неабходна мець смартфон, інтэрнэт і слухаўкі. У большасьці зь іх трэнэр голасам патлумачыць кожны крок. Нават пры мінімальным валоданьні ангельскай мовай можна зразумець інструкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вам і дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. 11 парадаў САЗ

Уплыў усьвядомленай мэдытацыі і правільнага дыханьня на працу мозгу даказаны клінічнымі дасьледаваньнямі. Аплікацыі, якія вы бачыце ў гэтай падборцы, рэкамэндавалі псыхатэрапэўты.

Smiling Mind

Бясплатная аплікацыя для мэдытацыі, распрацаваная псыхолягамі і пэдагогамі, прапануе шырокі выбар праграмаў для ўсіх узростаў. Ад дзіцячых і сямейных — да праграмаў, створаных у навуковых мэтах або для канкрэтнай праблемы, напрыклад, праблемы заснуць. Простая навігацыя.

Headspace

Адна з самых папулярных аплікацыяў для ўсьвядомленай мэдытацыі. Ідэальная для пачаткоўцаў, з багатым выбарам аўдыё і відэа. Кожную мэдытацыю голас трэнэра падказвае крок за крокам.

Адзін зь яе стваральнікаў Эндзі Падыкамб, трэнэр, будыст, кажа, што для перамогі над стрэсам досыць дзесяці хвілін мэдытацыі ў дзень. Сам ён рэкамэндуе абавязкова мэдытаваць раніцамі і сьцьвярджае, што гэта дапамагае спраўляцца са стрэсам цягам усяго дня. Першы два тыдні аплікацыяй можна карыстацца бясплатна. Пазьней за кожны месяц трэба плаціць $13 у месяц, або 70$ у год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасьля пандэміі палепшае экалягічная сытуацыя? Разьбіраемся з экспэртамі

Insight Timer

Цалкам бясплатная аплікацыя з 30 000 сэансаў з трэнэрамі, якія залучаюць кожную эмоцыю, якая вас непакоіць. Праграма прапануе для адпачынку музычныя трэкі славутых выканаўцаў, сэкцыю для дзяцей і тэрапэўтычныя размовы ад перадавых сусьветных экспэртаў ва ўсьвядомленых практыках: нэўрабіёлягаў, псыхолягаў і настаўнікаў мэдытацыі з Стэнфарду, Гарварду і Оксфарду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як не пераядаць праз стрэс падчас пандэміі. Парады амэрыканскіх экспэртаў

Stop, Breathe & Think

Бясплатная плятформа пераважна для маладых карыстальнікаў, у тым ліку падлеткаў. Шмат увагі ў ёй прысьвячаецца дапамозе пры такіх праблемах, як злосьць або дэпрэсія. Спачатку карыстальнік праходзіць невялікі тэст, у выніку якога вызначаецца індывідуальная праграма.

Апрача мэдытацыі, аплікацыі прапануе дробныя заняткі, якія дазваляюць лепш зразумець сябе і свае эмоцыі.

Calm

Папулярная аплікацыя для мэдытацыі і сну з дыхальнымі практыкаваньнямі, майстар-клясамі і расслабляльнай музыкай. Штодня карыстальнікам прапануюць новую мэдытацыю. Можна абраць праграму адмыслова для вашых патрэбаў, напрыклад, для тых, хто баіцца лятаць самалётам, або гісторыі для лепшага сну, якія агучылі Мэт’ю Маконахі і Джэром Флін. Праграма мае дамоўленасьць з такімі творцамі, як Sigur Rós і Moby.

Рэкамэндуюць вядучыя псыхолягі, тэрапэўты і спэцыялісты ў псыхічным здароўі.

Universal Breathing — Pranayama Free

Мэта гэтай простай і бясплатнай праграмы — упарадкаваць дыханьне з дапамогай музыкі і анімацыі. Стваральнікі тлумачаць, што павольнае і глыбокае дыханьне спыняе выпрацоўку ў арганізьме картызолу — так званага гармона напружаньня.

На выбар ёсьць розныя тэхнікі дыханьня. А таймэр падказвае, калі рабіць удых і выдых.

Не панікуй

Breathe

Яшчэ адна праграма для паляпшэньня якасьці дыханьня. Бясплатна, без рэклямы і схаваных функцыяў. Анімацыя паказвае кожную фазу практыкаваньня: калі рабіць удых, калі затрымаць паветра, калі выдыхнуць. Усё мінімалістычна і проста.