Многія заводы ў сьвеце стаяць, людзі ня езьдзяць на працу праз карантын, не лятаюць самалёты і ня ходзіць грамадзкі транспарт — усё гэта скарачае шкодныя выкіды ў атмасфэру. Але ня ўсё так проста. Разьбіраемся з экспэртам, як пандэмія каранавірусу ўплывае на экалягічнае становішча.
Становішча палепшыцца, але гэта часова
Цяпер эколягі назіраюць кароткатэрміновы эфэкт ад каранавірусу: меншае выкідаў парніковых газаў ды іншых шкодных выкідаў у атмасфэру, зьніжаецца рух авіяцыі і грамадзкага транспарту.
У Кітаі шкодныя выкіды ў атмасфэру скараціліся на 25%, а гэта, на думку эколягаў, вельмі шмат. У каналах Вэнэцыі зьявіліся лебедзі, рыбы і качкі, чаго не было ўжо 50 гадоў.
Праз эканамічныя наступствы пандэміі людзі зьніжаюць спажываньне, імкнуцца набываць толькі самыя неабходныя рэчы. Ці не пра гэта так шмат казалі эколягі? Але ня ўсё так проста:
«Калі мы паглядзім на доўгатэрміновыя тэндэнцыі, сытуацыя можа быць кардынальна іншай. У 2008–2009 гадох, калі быў глябальны эканамічны крызіс, таксама назіралася зьніжэньне шкодных выкідаў у атмасфэру на 1,5% ува ўсім сьвеце. Але калі крызіс скончыўся, шкодныя выкіды вырасьлі на 6%. Гэта гіпэркампэнсацыя. Калі зьяўляецца магчымасьць узнаўляць эканоміку, рэдка зважаюць на фактары зьмены клімату і абароны навакольнага асяродзьдзя. Гэты аспэкт цяпер найперш хвалюе эколягаў», — тлумачць Настасься Бекіш, каардынатар экалягічнай арганізацыі «Зялёная сетка».
Момант кліматычных зьменаў трэба не ўпусьціць
Эканамічная рэцэсія і крызіс сфэры аховы здароўя — часовыя зьявы. А праблемы зьмены клімату — не. Таму для ўсяго сьвету застаецца неабходнасьць пераходу на зялёную эканоміку. Цяпер для гэтага ёсьць шанец.
«Многя бізнэсы пацярпяць, закрыюцца, трэба будзе думаць, што далей. Зялёная эканоміка і зялёны бізнэс могуць стаць выйсьцем. Бо цяпер зьмяняецца фокус увагі. У 2019 годзе зьмена клімату была палітычным прыярытэтам для многіх краін, у тым ліку для ЭЗ. Усе гаварылі, наколькі гэта важна, наколькі тэрмінова трэба прымаць меры. Як толькі эканоміка пачне ўзнаўляцца, пра клімат трэба не забываць, рабіць заплянаваныя дзеяньні», — кажа Настасья Бекіш.
Нядаўна ЭЗ апублікаваў новыя прыярытэты палітыкі для краін Усходняга партнэрства, сярод якіх і Беларусь. У гэтым сьпісе два важныя экалягічныя моманты: падтрымка інклюзіўнай устойлівай эканомікі і разьвіцьцё кліматычнай і экалягічнай устойлівасьці, падкрэсьлівае Настасья Бекіш.
Міжнародныя канфэрэнцыі аб клімаце зрываюцца
Пакуль незразумела, калі адкрыюць межы, а гэта значыць, што экалягічныя канфэрэнцыі, на якіх прымаюцца міжнародныя рашэньні, пакуль перанесеныя.
«Ёсьць працэс міжнародных перамоваў аб клімаце ў межах ААН, у гэтым працэсе было прынята Парыскае пагадненьне (рэгуляцыйны дакумэнт аб зьніжэньні выкідаў у атмасфэру) яшчэ ў 2015 годзе. У 2020 годзе яно мусіла пачаць функцыянаваць, але перамовы аб асобных разьдзелах не завершаныя. І гэта найбольш важныя разьдзелы, гэта мэханізм міжнароднага супрацоўніцтва. Пакуль перамовы не завершаныя, пагадненьне нельга паўнавартасна рэалізоўваць. Цяпер няясна, ці адбудзецца канфэрэнцыя ў Боне, заплянаваная на чэрвень», — пералічвае праблемы Настасься Бекіш.
Беларускае экалягічнае становішча пандэмія не паляпшае, а наадварот
У Беларусі падчас пандэміі працуюць заводы, ходзіць грамадзкі транспарт, карантыну няма. Да таго ж расьце аб’ём мэдыцынскіх адкідаў: маскі, касьцюмы абароны для лекараў, мэдычныя інструмэнты.
«Гэта ўсё цяжка перапрацоўваць, таму праблема будзе. У Кітаі доля такіх адкідаў павялічылася ў 6 разоў. У нас сытуацыя не такая, як у Кітаі, дзе спынілі многія вытворчасьці. Я б не сказала, што ў нас пандэмія выклікае нейкія экалягічныя паляпшэньні. Хутчэй, наадварот. Карантынных захадаў няма, а доля адкідаў расьце», — кажа Настасья Бекіш.
Да таго ж людзі скупляюць шмат прадуктаў, павялічваецца спажываньне. Пакуль Беларусь не зьмяншае вытворчасьць, а толькі нарошчвае долю адкідаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ