Міністэрства здароўя Беларусі днём 23 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 22 пацыенты «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 59 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні».
Днём раней Мінздароўя не паведамляла пра колькасьць хворых, два дні таму паведамляла пра 76 выпадкаў (15 выпісаных, 61 пад назіраньнем) — цяпер выявілі 5 новых выпадкаў. Такім чынам паводле Мінздароўя, на сёньня агулам інфікаваны каранавірусам 81 чалавек.
Адзін пацыент мае сярэдне-цяжкае цячэньня хваробы, але ёсьць станоўчая дынаміка.
За мінулы дзень быў выяўлены адзін новы выпадак у Гомельскай вобласьці (пацыентку зь цяжкай пнэўманіяй праверылі на каранавірус, тэст пацьвердзіў COVID-19, дапаможнай вэнтыляцыі лёгкіх ёй ня трэба). Таксама выпадкі новага каранавірусу выяўленыя ў Горадзенскай вобласьці, Віцебску і Менску.
Мінздароўя адзначае, што ад 23 студзеня да гэтага моманту было зроблена звыш 21 тысячы тэстаў на COVID-19. Міністэрства сьцьвярджае, што Беларусь у сьвеце на 9-м месцы паводле колькасьці выкананых тэстаў на новы каранавірус.
На брыфінгу 23 сакавіка прадстаўнікі Міністэрства здароўя таксама расказалі, што:
- сытуацыя «кантраляваная», «стабільная», але мэдыкі рыхтуюцца да розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў;
- мэдыкі рэкамэндуюць «сацыяльнае дыстанцыяваньне» — хоць агульнага карантыну не абвяшчалі, лепей трымацца ад людзей на дыстанцыі каля 1,5 м, тым, хто мае прыкметы рэсьпіраторнай інфэкцыі заставацца дома, а калі гэта немагчыма, насіць маску; ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»
- падтрымліваюць заклікі мэдыкаў «мы застаемся на працы, каб дапамагчы вам, а вы заставайцеся дома, каб дапамагчы нам», заклікаюць пажылых і людзей з хранічнымі захворваньнямі да самаізаляцыі;
- установам харчаваньня пакуль не загадваюць закрывацца, але ўсім ім рэкамэндавалі расставіць столікі на бясьпечную дыстанцыю, пахвалілі ідэю дыстанцыйнай дастаўкі ежы;
- цяпер на ізаляцыі каля 1100 «кантактаў першага ўзроўню» (тых, хто наўпрост шчыльна кантактаваў з хворымі) — іх па-ранейшаму ізалююць у лякарнях на 14 дзён,
- яшчэ каля 8800 «кантактаў другога ўзроўню» застаюцца пад мэдычным назіраньнем — іх ізалююць толькі пры наяўнасьці сымптомаў;
- з усіх выпадкаў 41 — «завазны», толькі 1 ад грамадзяніна іншай краіны, астатнія інфікаваныя — грамадзяне Беларусі;
- найстарэйшы пацыент з COVID-19 у Беларусі мае ўзрост 78 гадоў, наймаладзейшы — 2 гады (кантактаваў з інфікаванай маці); ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2 гады — наймаладзейшаму беларусу з COVID-19. Ці трэба хвалявацца бацькам?
- асноўная колькасьць пацыентаў, якія рыхтуюцца да выпіскі, у сталіцы;
- у Беларусі 22 апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на 100 тысячаў чалавек (з наркозна-дыхальнымі апаратамі будзе 38), калі ў ЗША толькі 18, у Вялікай Брытаніі 12,9, у Італіі 8,3;
- цяпер у Беларусі стабілізуецца колькасьць пнэўманіяў (ня толькі праз COVID-19) — цяпер 2743 выпадкі, зь іх 77 цяжкія выпадкі, амаль траціна гэта грыпозныя пнэўманіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.