Савет міністраў Беларусі прыняў 21 сакавіка пастанову аб выдаткаваньні сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на «мерапрыемствы ў папярэджаньні завозу і распаўсюду COVID-19».
Агулам са сродкаў, прадугледжаных у бюджэце на выпадкі стыхійных бедзтваў, аварый і катастроф, выдзяляць 2 351 413 рублёў.
На момант рублікацыі на Беларускай валютнай біржы за даляр даюць 2,6389 рубля — выдаткаваная сума эквівалентная 891 058 далярам ЗША.
З гэтай сумы 1 574 120 рублёў пойдуць у Міністэрства здароўя (зь іх у РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі — 450 120 рублёў), у бюджэт Менску — 634 110 рублёў, у бюджэт Віцебскай вобласьці — 143 183 рублі.
Гэта ня ўсе сродкі, якія ў Беларусі ідуць на барацьбу з COVID-19, і частка гэтых грошай ідзе на кампэнсацыю ўжо зробленых выдаткаў зь бюджэтаў Мінздароўя і рэгіёнаў.
Агулам у рэспубліканскім бюджэце на ахову здароўя прадугледжана 1,2741 млрд рублёў (мінімальны нарматыў бюджэтнай забясьпечанасьці на ахову здароўя — 660,5 рубля на чалавека), і гэта толькі 20% выдаткаў — астатнія 80% ідуць зь мясцовых бюджэтаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.