Фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель перайшла ў нядзелю, 22 сакавіка, у рэжым карантыну, застаўшыся дома.
Паводле словаў афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Штэфэна Зайбэрта, канцлерка прыняла такое рашэньне, даведаўшыся, што лекар, які рабіў ёй прышчэпку ад пнэўмакокавай інфэкцыі, станоўча пратэставаны на каранавірус. Мэркель была ў лекара два дні таму.
На працягу некалькіх наступных дзён Ангела Мэркель будзе рэгулярна праходзіць тэсты на каранавірус. Застаючыся на карантыне, яна будзе выконваць свае службовыя абавязкі. Пра нейкія сымптомы хваробы ў 65-гадовай канцлеркі не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель: Каранавірус закране 60% немцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдыкКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.