«Паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць!» — тэлеграм-канал Официальный Минздрав

Ілюстрацыйнае фота

«Чаму некаторыя беларускія журналісты і блогеры так чакаюць сьмерці людзей ад вірусаў?» — такім чынам тэлеграм-канал Міністэрства здароўя ў сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на публікацыі ў СМІ пра сьмерць жанчыны ў Віцебску, у якіх задаваліся пытаньні, ці магла жанчына мець каранавірусную інфэкцыю.

«За апошнія два тыдні гэта ўжо чацьвёртая сьмерць ад журналістаў. Спачатку яны „пахавалі“ вядомага прадпрымальніка, потым дзяўчыну ў Горадні, затым у мужчыну ў Лепелі. І вось — новая сэнсацыя...», — паведамляе тэлеграм-канал «Официальный Минздрав»​.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

А таксама ўдакладняе, што «у сувязі з тым, што муж памерлай даў інтэрвію журналісту і палічыў неабходным пералічыць усе яе хваробы, мы вымушаны пацьвердзіць, што, сапраўды, пацыентка Х была шпіталізавана ва ўстанову аховы здароўя Віцебску 15 сакавіка... Жанчына нікуды з краіны не выяжджала. Паступала яна зь першасным дыягназам „пнэўманія“, тэмпэратура была на працягу тыдня. У анамнезе — дыябэт, артэрыяльная гіпэртэнзія, хранічны бранхіт і падвышаная маса цела. У сувязі з тым, што ёй пры паступленьні быў выстаўлены дыягназ „пнэўманія“, лекары, выконваючы загад Міністэрства аховы здароўя..., узялі ў яе мазок. Такі ж аналіз было прапанавана здаць больш далёкім сваякам. На наступны дзень прыйшоў адмоўны вынік на аналіз пацыенткі Х. Бліжэйшыя сваякі атрымаюць вынікі на наступным тыдні. Міністэрства аховы здароўя, вядома ж, прыносіць свае спачуваньні мужу і сваякам памерлай. Гэта цяжкая страта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж памерлай віцяблянкі пацьвердзіў, што ў яго ўзялі аналіз на каранавірус

У тэлеграм-канале паведамляецца, што цяпер віцебскі шпіталь перапрафіляваны на працу з вострымі пнэўманіямі і віруснымі інфэкцыямі, і супрацоўнікі шпіталю абавязаныя абсьледавацца раз на два тыдні, а таксама, што карантын ані муж, ні іншыя сваякі не абавязаны выконваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя зьняпраўдзіла інфармацыю пра сьмерць кіраўніка беларускага прадпрыемства ад каранавірусу

Тэлеграм-канал «Официальный Минздрав» дадае, што ў апошнія два месяцы прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя выступаюць у СМІ кожны дзень:

«Мы ўвесь час кажам пра тое, што ў нас уведзена абавязковае ціпіраваньне (мазок) на каранавірус для ўсіх сярэдніх і цяжкіх пнэўманій. Для ўсіх! Мы абавязаны гэта зрабіць — праверыць пацыента і яго сваякоў. Гэта звычайная ўрачэбная працэдура. Так, сытуацыя ў сьвеце цяжкая. Так, у нас сапраўды ёсьць некалькі пацыентаў з клінічнымі праявамі, а большасьць — без сымптомаў, але з выстаўленым дыягназам COVID-19. Але паніка ў журналісцка-блогерскім асяродку катэгарычна перашкаджае нам працаваць! Чаму, насуперак усім законам этыкі, дэанталёгіі, права мы вымушаны апраўдвацца і замест звычайнай штодзённай працы чакаць чарговай „сьмерці“?»

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ