Эканоміка цярпіць ад каранавірусу, а ўлады Беларусі моўчкі назіраюць



У шмат якіх краінах улады тэрмінова прымаюць маштабныя захады, каб падтрымаць эканоміку, якая цярпіць ад каранавірусу. Улады Беларусі пакуль толькі назіраюць за падзеньнем, ніякіх крокаў ня робячы. Чаму? Ёсьць некалькі прычынаў.

Сьцісла

  • Усясьветная эканоміка цярпіць значныя страты ад каранавірусу. Урады імкнуцца зьмякчыць удар, прымаючы розныя захады.
  • Улады Беларусі падобных захадаў ня робяць.
  • Здаецца, кіраўніцтва Беларусі жыве у нейкай іншай рэальнасьці.
  • На сёньня каранавірус ня ёсьць галоўным злом беларускай эканомікі. Большыя страты яна нясе ад нафтавага крызысу.
  • У Беларусі няма значных рэзэрваў, якія можна было б накіраваць на барацьбу з каранавірусам. Да таго ж улады прыберагаюць грошы, каб перад прэзыдэнцкімі выбарамі падвысіць заробкі, найперш бюджэтнікам.

Пандэмія каранавірусу ўжо нанесла моцны ўдар па глябальнай эканоміцы. І галоўныя страты яшчэ наперадзе. Найбольш пацярпелі авіяперавозкі, турызм, гатэльны бізнэс, гандаль. Крызыс прыйшоў у вытворчыя галіны. Абвальваюцца фондавыя рынкі, моцна падаюць цэны на нафту.

Беларусь тут не выключэньне. За два першыя месяцы валавы ўнутраны прадукт упаў на 0,6%. Паводле высноваў старшыні каардынацыйнай рады Канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімера Карагіна, «за апошнія тыдні бізнэс у краіне абясцэніўся на 10-12%». Дапамогі ад дзяржавы папрасілі ІП і прадстаўнікі турыстычнай галіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зьбяднее, а хто заробіць падчас эпідэміі. Разьбіраемся з экспэртамі

У шмат якіх краінах улады прымаюць маштабныя захады дзеля падтрымкі цэлых галін эканомікі, бізнэсу, а таксама найбольш неабароненых пластоў насельніцтва. Напрыклад, урад Расеі выдаткоўвае на такія мэты каля 4 млрд даляраў.

Улады Беларусі пакуль ніякіх захадаў у гэтым кірунку ня робяць. Чаму? Ёсьць некалькі прычынаў.

Па-першае, мяркуючы з усяго, кіраўнік Беларусі жыве ў нейкай іншай рэальнасьці. Вось 17 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую нараду з удзелам усяго найвышэйшага кіраўніцтва. І што ж там абмяркоўвалі цягам пяці гадзін? Вы вельмі зьдзівіцеся, але тэмаю нарады былі вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за 2019 год і ацэнкі вынікаў пяцігодкі. Пра бягучыя праблемы ў абнародаваным выступе Лукашэнкі ня ўзгадвалася.

Па-другое, на сёньня каранавірус ня ёсьць галоўным злом беларускай эканомікі. Валавыя паказьнікі пачалі падаць яшчэ да таго, як пандэмія стала моцна ўплываць на нашае жыцьцё. Большыя страты эканоміка нясе ад нафтавага крызысу. Таму урад канцэнтруе ўвагу на тым, што, умоўна кажучы, гарыць.

Па-трэцяе, у Беларусі няма такіх рэзэрваў, як, напрыклад, у той жа Расеі, якія можна было б кінуць на барацьбу з каранавірусам. Ёсьць невялікая фінансавая «заначка», але яе прыберагаюць, каб перад прэзыдэнцкімі выбарамі падвысіць заробкі, найперш бюджэтнікам. Выбары важнейшыя за каранавірус.

Па-чацьвёртае, у эканоміцы, калі камусьці нешта даюць, то ад некага тое забіраюць. Каб падтрымаць пэўныя галіны эканомікі, трэба ахвяраваць нечым іншым. Напрыклад, у многіх краінах пацярпелым кампаніям даюць ільготныя крэдыты. Але ад гэтага моцна цярпяць банкі, якія аказваюцца ў зоне рызыкі. І ў дзяржаўным бюджэце Беларусі лішніх грошай няма, асабліва з улікам нафтавага крызысу.

Па-пятае, у Беларусі падтрымліваць бізнэс не прынята. Тут ад бізнэсу прывыклі чакаць толькі прыбытку. Калі і акажуць нейкую падтрымку, то, думаю, толькі дзяржаўным прадпрыемствам. Напрыклад, кампаніі «Белавія».

А увогуле, кіраўніцтва Беларусі ісьці за гэтым «звар’яцелым сьветам», як мы ўжо ведаем ад Лукашэнкі, не зьбіраецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зона камфорту скончылася». У Беларусі людзі застаюцца бяз працы праз пандэмію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Большасьць адмоваў — у сакавіку». Як сытуацыя з каранавірусам закранула ўязны і ўнутраны турызм