У сувязі з распаўсюдам каранавірусу COVID-19 Польшча прыняла рашэньне аб спыненьні міжнародных чыгуначных зносін, у тым ліку часова прыпыняецца курсіраваньне цягнікоў беларускага фармаваньня.
Як паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі, з 15 сакавіка адмяняюцца цягнікі: № 126/125 і 128/127 Берасьце — Варшава — Берасьце адпраўленьнем з Варшавы і Берасьця; № 304/303 Кракаў — Горадня адпраўленьнем з Кракава і Горадні; № 119/120, 121/122 і 123/124 Берасьце — Цярэспаль — Берасьце адпраўленьнем зь Берасьця і Цярэспаля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва аднаўляе памежны кантроль на межах з Польшчай і ЛатвіяйБеларуская чыгунка паведамляе, грошы за праязныя дакумэнты на адмененыя цягнікі можна вярнуць у білетных касах без зьбіраньня дадатковых збораў. Вяртаньне плацяжоў па электронных праязных дакумэнтах ажыцьцяўляецца праз інтэрнэт-рэсурс, на якім яны былі набытыя. Тэрміны вяртаньня праязных дакумэнтаў не абмежаваныя.
«Просім пасажыраў з разуменьнем паставіцца да сытуацыі, якая склалася і ўважліва сачыць за зьменамі ў графіку руху цягнікоў. Аб аднаўленьні руху цягнікоў і бесьперасадачных вагонаў будзе абвешчана дадаткова», — адзначаюць у БЧ.
У прэс-цэнтры таксама праінфармавалі, што цягнікі ва ўкраінскім кірунку пакуль ходзяць бязь зьменаў. У выпадку зьмены сытуацыі пра гэта будзе паведамлена дадаткова.
З 15 сакавіка Польшча таксама прыпыняе міжнароднае авіязносіны і закрывае межы на ўезд замежнікаў папярэдне на 10 дзён. 13 сакавіка на два тыдні мяжу для замежнікаў зачыніла і Ўкраіна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ