Як Лукашэнка палюе на «чорнага лебедзя»

Кіраўніцтва Беларусі імкнецца выкарыстаць неспакой у сьвеце на сваю карысьць.

Сьцісла:

  • Каранавірус і абрынаньне ўсясьветных цэнаў на нафту моцна ўдарылі па эканоміцы многіх краін.
  • Усякі крызіс — гэта таксама і новыя магчымасьці. Уся рэч у тым, хто і як іх скарыстае.
  • Падчас папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі (2015 году) Лукашэнка эфэктыўна выкарыстаў расейска-украінскі канфлікт.
  • Цяпер улады Беларусі, напрыклад, спрабуюць выкарыстаць новую сытуацыю з нафтай, каб набыць сыравіну па нізкіх цэнах.

Да нас прыляцеў «чорны лебедзь». То бок зьявіўся нейкі нечаканы, нікім не прагназаваны чыньнік, які моцна ўплывае на ўсе грамадзкія працэсы і мае вельмі значныя наступствы. Можна нават казаць пра двух «чорных лебедзяў»: каранавірус і абрынаньне ўсясьветных цэнаў на нафту. Абодва фактары моцна ўдарылі па эканоміцы многіх краін. Абвал нафтавага рынку спрычыніўся да падзеньня абменнага курсу шэрагу валют, у тым ліку расейскага і беларускага рубля.

Для Беларусі гэтыя глябальныя чыньнікі наклаліся на свайго, уласнабеларускага «лебедзя». Маю на ўвазе нафтавы крызіс, які пачаўся ад Новага году і ужо моцна ўплывае на ўсё сацыяльна-эканамічнае жыцьцё краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Brent па 38 даляраў. Нафтавыя цэны часткова падняліся пасьля панядзелкавага абвалу 

Для беларускіх уладаў усё гэта тым больш непрыемна, што згаданыя падзеі адбываюцца ў год прэзыдэнцкіх выбараў. Усе памятаюць, што Лукашэнка абяцаў бюджэтнікам рост заробкаў, а ў рэальнасьці атрымоўваецца іх скарачэньне.

Але, як вядома, усякі крызіс — гэта таксама і новыя магчымасьці. Уся рэч у тым, хто і як іх скарыстае.

Можна ўзгадаць, што падчас папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі (2015 году) таксама прылятаў «чорны лебедзь». Маю на ўвазе расейска-ўкраінскі канфлікт. Тады Лукашэнка вельмі эфэктыўна скарыстаў той шок, які перажыла большасьць беларусаў, пужаў вайной і Майданам. Ён ня толькі легітымізаваў свой канструкт пра беларускую стабільнасьць на тле ўкраінскіх закалотаў, але і прапанаваў новы імідж Беларусі як краіны-міратворца, нармалізаваў адносіны з Захадам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Нешта падобнае Лукашэнка спрабуе рабіць і цяпер. Такое своеасаблівае паляваньне на «чорнага лебедзя». Ён, напрыклад, даводзіць, якая тут эфэктыўная сыстэма аховы здароўя ў параўнаньні з Італіяй. І ўсе эканамічныя праблемы лягчэй зваліць на ўсясьветныя забурэньні.

Улады Беларусі спрабуюць выкарыстаць новую сытуацыю з нафтай, каб набыць сыравіну па нізкіх цэнах. Саудаўская Арабія, уступіўшы ў жорсткі клінч з Расеяй, імкнецца дэмпінгаваць. І вось тут афіцыйны Менск пачынае сваю гульню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безь міліцыі мы ніяк», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам 

Спачатку Лукашэнка 7 сакавіка прамаўляе загадкавую фразу пра тое, што яму паступіла прапанова купіць больш за 6 млн тон нафты. Нейкія ананімныя афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што ідуць перамовы з Саудаўскай Арабіяй. Прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Цішчанка напускае ня менш туману, адказваючы Tut.by, што «праца вядзецца з усімі, у тым ліку і з арабскімі пастаўнікамі». І на гэтым фоне прэм’ер Сяргей Румас 11 сакавіка ляціць у Маскву для перамоваў з кіраўніком ураду РФ Міхаілам Мішусьціным з новымі прапановамі па нафцеі ў надзеі вярнуць ільготныя цэны.

Праўда, застаецца адна праблема. У краіне шмат незадаволеных. Як сказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, «ахвочых падарваць нас знутры ня меншае». Але спосабы нэўтралізацыі такіх людзей даўно выпрацаваныя. «Іх нават цяжка грамадзянамі назваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Гэта значыць, калі яны пазбаўляюцца статусу грамадзянаў, то на іх не распаўсюджваецца Канстытуцыя і законы, яны пазбаўленыя правоў, зь імі можна рабіць усё штозаўгодна.

Таму, як трапна адзначыў Лукашэнка, «безь міліцыі мы нікуды».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да турэмнікаў прэтэнзіяў няма, да Лукашэнкі ёсьць», — блогер Круткін выйшаў пасля 45 дзён арышту