Цана нафты на сусьветных рынках шукае пункт раўнавагі пасьля таго, як 9 сакавіка абвалілася адразу на 30%. Тады цэны на нафту Brent зьнізіліся з 46 даляраў за барэль да 32.
11 сакавіка нафта вярнула частку панядзелкавых стратаў і цяпер складае амаль 38 даляраў за барэль.
Экспэрты лічаць, што падзеньне цэнаў на нафту прывядзе да падзеньня фондавых курсаў нафтавых кампаній і дасьць штуршок сусьветнай эканоміцы, якая знаходзіцца пад ціскам з прычыны распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі.
У сваю чаргу стабілізацыя попыту можа аказаць станоўчы ўплыў на цэны на нафту, вярнуўшы іх на больш устойлівы ўзровень у памеры 40 даляраў за барэль цягам ужо некалькіх месяцаў.
Нафтавы каляпс выкліканы правалам перамоваў нафтавага картэля OPEC і яго партнэраў. У выніку пачалася «цэнавая вайна» паміж найбуйнейшымі ўдзельнікамі пагадненьня, перадусім Расеяй і Саудаўскай Арабіяй.