На прэс-канфэрэнцыі 13 сакавіка Міністэрства здароўя назвала новыя лічбы інфікаваных COVID-19.
РНК вірусу выявілі ўжо ў 27 чалавек — на 6 больш, чым паведамлялі дзень таму, сказала Алена Богдан, прадстаўніца Міністэрства здароўя. Трох ужо выпісалі здаровымі і выпусьцілі дамоў. 24 чалавекі застаюцца ў клініках, у аднаго сярэдне-цяжкае працяканьне хваробы, у астатніх лёгкае або наагул бессымптомнае.
Колькі ўсіх ізаляваных?
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, колькі чалавек цяпер знаходзіцца ў ізаляцыі, прадстаўнікі Міністэрства здароўя адказалі, што ізалявалі 224 чалавекі, якія мелі кантакты першага ўзроўню з хворымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Празь беларуса, які ўтаіў паездку ў Італію, мог заразіцца 91 чалавек. Агулам 224 чалавекі на карантынеЦі інфікаваныя лекары?
У ліку інфікаваных няма мэдычных працаўнікоў. Але абавязковым чынам правяраюць лекараў зь «першага кола» асобаў, якія кантактуюць са шпіталізаванымі. Гэта мэдыкі ў Менску, Віцебску, Гомлі, Магілёве.
Ці будзе карантын у школах?
Богдан заклікала да максымальнай самаізаляцыі: не наведваць месцы збору людзей, скараціць візыты да найбольш уразьлівых сваякоў старэйшага веку. Але на пэтыцыю аб карантыне ўстановаў адукацыі адказала: гэта немэтазгодна, бо маладым людзям вірус не пагражае так моцна, «дзеці не хварэюць на каранавірус ці пераносяць хваробу бессымптомна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: 49 краінаў закрылі школы для амаль 400 мільёнаў навучэнцаўХто пераведзены на хатняе навучаньне?
Чыноўніца таксама пацьвердзіла, што ў менскай гімназіі № 20 на хатняе навучаньне пераведзеная адна кляса, бо бацьку адной з вучаніц падазраюць на наяўнасьць вірусу.
Паводле Карабан, цяперашніх захадаў дастаткова, «лявінападобнага» росту выпадкаў COVID-19 не назіраюць, таму ў Беларусі, адрозна ад Польшчы ці Ўкраіны, не закрываюць ВНУ і не пераводзяць студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне.
Ці хапае сродкаў?
Міністэрства заяўляе, што мае дастаткова лекавых сродкаў, а таксама дзьве тысячы правераных апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але, адзначыў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя Батыр Бердыклычаў, рост колькасьці выпадкаў непазьбежны, «бо не ва ўсіх краінах існуюць службы санітарна-эпідэміялягічнага нагляду». Але выпадкаў некантраляванай перадачы не назіралася. Беларусь ён залічыў да краін, дзе кантроль ідзе на высокім узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшая беларуска-амэрыканская кампанія страціла 2 мільярды даляраў за дзень
Што рабіць тым, хто вярнуўся з-за мяжы?
Іна Карабан, намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства здароўя, адзначыла, што ўсе выпадкі каранавірусу — гэта 7 завезеных агмянёў. Паводле міністэрства, усе, хто вяртаюцца з-за мяжы, мусяць зьвярнуцца да лекараў і максымальна абмежаваць кантакты, асабліва з сталымі людзьмі, якія складаюць асноўную групу рызыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як клапаціцца пра чысьціню смартфона. Гэта ня менш важна, чым мыцьцё рукЯкія абмежаваньні для спартовых першынстваў?
Рэкамэндацыяў праводзіць матчы без гледачоў ведамства не давала. Гэта значыць, што чэмпіянат Беларусі ў футболе, які пачынаецца 19 сакавіка, пройдзе ў звыклым фармаце.
Ці пашыраць чорны сьпіс?
Кітай, Італія, Іран, Паўднёвая Карэя —ці будзе пашыраны пералік краін з «чорнага сьпісу»? Пытаньне абмяркоўваюць, але пакуль такой неабходнасьці няма. Паводле Алены Богдан, правяраюць усіх, хто прыяжджае з-за мяжы. Супрацоўнікі міністэрства пры гэтым разьлічваюць, што людзі самі будуць паведамляць, што былі ў праблемным рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: карантыны і надзвычайныя становішчы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 13 сакавіка
Раней 13 сакавіка міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў расказаў, што прысутнічаў на нарадзе з чалавекам, інфікаваным COVID-19, таму на два тыдні пайшоў у добраахвотны карантын. Тым часам Памежны камітэт абвяргае чуткі пра закрыцьцё межаў Беларусі, а касьцёл забараняе цалаваць абразы і паціскаць рукі.
Днём раней Міністэрства здароўя паведамляла, што колькасьць выпадкаў COVID-19 у Беларусі вырасла з 12 да 21, і абмежавала правядзеньне масавых захадаў зь міжнародным удзелам да 6 красавіка (міністэрства рэкамэндуе перанесьці на пазьнейшыя тэрміны канцэрты з удзелам замежных артыстаў, аднак канчатковае рашэньне будуць прымаць арганізатары такіх выступаў). Пры гэтым ужо паправіліся чатыры чалавекі, у ліку якіх самы першы беларускі пацыент з новым каранавірусам — студэнт БНТУ з Ірану.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.