Прадукцыю БМЗ пастаўляюць ва Ўкраіну за дэмпінгавыя цэны,— лічаць пазоўнікі ў судовым працэсе.
Акцыянэрнае таварыства «ArcelorMittal Кривий Ріг» просіць Акруговы адміністрацыйны суд Кіева прызнаць незаконным рашэньне міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю, згодна зь якім пастаўкі пруткоў з вугляродзістай сталі ад Беларускага мэталюргічнага заводу не аблажылі антыдэмпінгавым мытам.
У пазове кампаніі напісана, што захаваньне паставак Беларускага мэталюргічнага заводу за дэмпінгавыя цэны пагражае скарачэньнем продажу аналягічнай украінскай прадукцыі на ўнутраным рынку. А гэта можа прывесьці да зьніжэньня выплатаў у дзяржаўны і мясцовы бюджэты, а таксама да скарачэньня працоўных месцаў і спыненьня сацыяльных праектаў украінскага прадпрыемства.
У лютым суд атрымаў заяву БМЗ аб жаданьні далучыцца да разгляду справы ў якасьці трэцяй асобы з боку адказьніка — міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю. Суд гэтую заяву задаволіў і абавязаў ArcelorMittal накіраваць беларускаму прадпрыемству копію сваёй пазоўнай заявы.
Адначасова суд прапанаваў БМЗ цягам 15 дзён накіраваць у суд свае тлумачэньні што да заяўленых патрабаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нафтаправод «Адэса — Броды» рыхтуецца пампаваць азэрбайджанскую нафту для Беларусі
Вынікі антыдэмпінгавага расьсьледаваньня былі на карысьць БМЗ
Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю зь ліпеня 2018 году праводзіла антыдэмпінгавае расьследаваньне ў сувязі зь «нядобрасумленнымі» пастаўкамі зь Беларусі і Малдовы пруткоў з вугляродзістай і легіраванай сталі. Яго ініцыявала прадпрыемства «ArcelorMittal Кривий Ріг».
У сьнежні 2019 году паводле выніковага рашэньня камісіі былі ўведзеныя дадатковыя мыты ў памеры 13,8% на прадукцыю са сталі для Малдаўскага мэталюргічнага заводу і 35,37% — для іншых экспартэраў з Малдовы. Стаўку мыта на прадукцыю Беларускага мэталюргічнага заводу вызначылі на ўзроўні 0%.
Паводле экспэртаў, рашэньне камісіі аб нулявой стаўцы мыта для прадукцыі БМЗ улічвае інтарэсы ўсіх украінскіх спажыўцоў.
«Да вайны на ўсходзе Ўкраіны былі два асноўныя вытворцы гэтай прадукцыі — „ArcelorMittal Кривий Ріг“ і Енакіеўскі мэталюргічны завод зь філіялам ў Макееўцы. Цяпер Енакіева і Макееўка знаходзяцца на часова акупаванай тэрыторыі, іх прадукцыя не трапляе на рынак Украіны. Адпаведна прапанова ад унутранай вытворчасьці скарацілася. У пачатку 2018 году Ўкраіна ўвяла антыдэмпінгавыя мыты і на імпарт сталёвых пруткоў з Расеі, што фактычна спыніла пастаўкі расейскай прадукцыі на ўкраінскі рынак», — тлумачыць намесьнік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Укрпромзовнішекспертиза» Сяргей Паважнюк.
Паводле яго, нулявая стаўка мыта спрыяла захаваньню дывэрсыфікацыі паставак:
«Нулявая стаўка, з аднаго боку, не ўплывае на цану імпарту, а зь іншага — сьведчыць аб магчымасьці яе перагляду ў будучым. Беларускі мэталюргічны завод „закрывае“ поўнач Украіны, у той час як нацыянальны вытворца геаграфічна знаходзіцца на поўдні. Такім чынам, у часе антыдэмпінгавага расьсьледаваньня былі ўлічаныя інтарэсы спажыўцоў, якія маюць абмежаваную прапанову на рынку. Вельмі важна, што расьсьледаваньне не было завершана без увядзеньня санкцыяў. Бо ў выпадку, калі БМЗ наросьціць дэмпінгавыя пастаўкі сваёй прадукцыі на ўкраінскі рынак, „ArcelorMittal“ зможа хутка ініцыяваць перагляд антыдэмпінгавых мытаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэм’ер Украіны Яцанюк заклікаў новага кіраўніка ўраду Шмыгаля спыніць куплю беларускай электраэнэргіі