Міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пра тое, якія могуць прыняць «індывідуальныя падыходы» да асуджаных за распаўсюд наркотыкаў.
Цяпер, расказаў Караеў, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, суды і пракуратура распрацоўваюць крытэры і падыходы да памілаваньня ў індывідуальным парадку. Памілаваць, кажа ён, прапануюць за:
- добрыя паводзіны ў месцах пазбаўленьня волі;
- раскаяньне;
- адбыцьцё паловы тэрміну;
- парукі родзічаў і блізкіх.
Даручэньні «абнавіць увесь комплекс захадаў» дзеля процідзеяньня наркатрафіку, апісаць канкрэтны мэханізм ацэнкі працы праваахоўнікаў «не за колькасьць, а за якасьць» і зьмяніць падыходы да памілаваньня асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу 328 КК даў у мінулым лістападзе Аляксандар Лукашэнка. Сьцьвярджалася, што ён даручыў зрабіць гэта да 1 студзеня 2020 году.
«Напэўна, мы недаацанілі тое, што ўжываньне наркотыкаў — гэта хвароба: шкодная, горшая, чым піць, паліць, — казаў ён пазьней у сьнежні. — І з гэтым страшным злом трэба змагацца. Мы змагаемся і прынялі досыць жорсткія рашэнні. Маці трэба было тады турбавацца за сваіх дзяцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаных за наркотыкі ў Беларусі могуць пачаць выпускаць «на парукі»Караеў жа цяпер заявіў, што за мінулыя 5 гадоў у Беларусі былі дасягнутыя «значныя посьпехі» ў барацьбе з нарказлачынствамі — ён назваў галоўным дасягненьнем тое, што з 2015 году не было ніводнай сьмерці ад перадазаваньня наркотыкаў сярод непаўналетніх.
Гэтага, мяркуе ён, дасягнулі ў тым ліку пры дапамозе вялікіх тэрмінаў зьняволеньня для распаўсюднікаў наркотыкаў у школах, клюбах і дыскатэках — да 20 гадоў турмы.
Што варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»
- Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
- Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
- Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
- Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
- Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
- Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.
Чаго дамагліся «Маці 328»
- Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
- Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
- У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
- Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.