Праціўнікі акумулятарнага заводу хацелі сабрацца, бо маюць зьвесткі, што iPower зьбіраецца аднаўляць працу.
Берасьцейскі райвыканкам забараніў правядзеньне 15 мітынгаў супраць акумулятарнага заводу iPower, піша БелаПАН. Заяўнікі плянавалі акцыі 1–15 сакавіка на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартовай школы «Прыбужжа».
У 2014 годзе гэты стадыён быў вызначаны ўладамі як «пастаяннае месца для правядзеньня мітынгаў» — рашэньне пра гэта апублікаванае на сайце райвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі забаранілі акцыю пратэсту супраць забароны акцыяў пратэстуЯк кажа праваабаронца Раман Кісьляк, мітынгі праціўнікам акумулятарнага заводу там не дазвалялі і раней: забаранілі 29 акцыяў, «стваралі бачнасьць рамонту». Цяпер жа стадыён нібыта проста выключылі са сьпісу, але калі зрабілі так, то таемна — новага рашэньня пра сьпіс дазволеных месцаў не публікавалі ў адкрытых крыніцах, а на сайце выканкаму пакінулі рашэньне 2014 году.
Берасьцейцам за ўвесь час процістаяньня акумулятарнаму заводу дазволілі толькі адзін мітынг (29 красавіка 2018 году сабраліся каля дзьвюх тысяч чалавек), а забаранілі 253 мітынгі, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў. Берасьцейцы, аднак, ужо два гады — ад 25 лютага 2018-га — зьбіраюцца кожнае нядзелі на цэнтральнай плошчы і «кормяць галубоў» на знак пратэсту супраць заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праціўнікі акумулятарнага заводу прапанавалі дапоўніць КанстытуцыюПратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.