Філёлягі Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа выступілі з даволі катэгарычнай прапановай да беларусаў адмовіцца ад ужываньня тэрміна «Летува». Мяркую, чытачам цікава будзе паслухаць і чалавека, які мае гістарычную адукацыю і займаецца гэтай тэмай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Літва, а не «Летува»Паколькі займаюся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, то натуральным было паспрабаваць разабрацца, наколькі правамерным з навуковага пункту гледжаньня зьяўляецца ўжываньне першага і другога тэрміну, а магчыма, і двух адначасова.
Пачаць трэба з вывучэньня эвалюцыі паняцьця «Літва» ад моманту ягонай першай згадкі ў пісьмовых крыніцах да сёньняшняга дня. Гэты тэрмін на працягу II-га тысячагодзьдзя перацярпеў значныя зьмены як у геаграфічна-тэрытарыяльным, так і этнічным ягоным напаўненьні.
Вядомыя тры асноўныя значэньні паняцьця «Літва»:
- Палітычнае — абазначэньне дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага
- Тэрытарыяльнае — абазначэньне цэнтральнай вобласьці — ядра ВКЛ
- Этнічнае
Напачатку, у XI — XII ст. асноўным было этнічнае напаўненьне тэрміну, калі ім абазначалася пэўная этнічная агульнасьць і адначасова тэрыторыя прыблізна ў сярэднім цячэньні Віліі, якую тая супольнасьць займала. Аднак па меры ўсходнеславянскай (крывіцкай і дрыгавіцкай) калянізацыі балцкіх земляў этнічнае і тэрытарыяльнае напаўненьне тэрміну паступова зьмянялася.
«Літвой» ва ўсходнеславянскіх, а потым і іншых эўрапейскіх крыніцах пачалі называць зьмешаную балта-славянскую тэрыторыю ў верхнім і сярэднім басейне Нёмана. Калі ж у гэтым рэгіёне ў сярэдзіне XIII ст. узьнікла новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, то гэтае тэрытарыяльнае напаўненьне тэрміну на доўгі час (шэсьць стагодзьдзяў) выступіла на першае месца і стала асноўным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Можна не вучыць фізыку і прыходзіць на заняткі ў піжамах. Як працуе беларуская гімназія ў ВільніСуседзі як блізкія так і далёкія Літвой называлі ўсё ВКЛ, але ў межах самой дзяржавы «Літва» — то менавіта Верхняе і Сярэдняе Панямоньне — цэнтральная вобласьць дзяржавы, якая «адрозьнівалася ад усіх астатніх абласьцей ў палітыка-геаграфічных адносінах» (цытата з Мацея Любаўскага).
У другой палове 20 ст. дасьледчыкі, найперш польскі Ежы Ахманьскі, а потым беларускі Міхаіл Сьпірыдонаў акрэсьлілі яе дакладныя межы на XVI ст. У агульных рысах яна складалася з сёньняшніх Гарадзеншчыны, Віленшчыны, Наваградчыны і заходняй Меншчыны, г. зн. большую частку гэтай «гістарычнай Літвы» складалі этнічна беларускія тэрыторыі. Менавіта такое напаўненьне тэрміна «Літва» прысутнічае ў агромністым масіве дакумэнтальнай спадчыны ВКЛ.
Аднак гэтая акалічнасьць упарта (не магу знайсьці іншага акрэсьленьня) ігнаруецца многімі гісторыкамі, у тым ліку і беларускімі. Прычына — прыпісваньне спадчыны ВКЛ амаль выключна існуючай сёньня балцкай краіне, якая мае саманазву Летува (Lietuva). Нацыянальны рух у гэтай краіне аказаўся мацнейшым і больш эфэктыўным, чым беларускі. Зьбег міжнародных абставінаў паспрыяў стварэньню гэтым рухам уласнай дзяржаўнай арганізацыі і захаваньню яе на працягу ўсяго пэрыяду паміж дзьвюма ўсясьветнымі войнамі.
Тады летувісы прысвоілі сабе гісторыю ВКЛ, у якім яны складалі нязначны адсотак, а іх мова ня мела ніякага дзяржаўнага ўжытку. Беларусам пасьля першай усясьветнай вайны не ўдалося абараніць сваю дзяржаву БНР, а ў межах квазідзяржавы БССР аказалася немагчымым разьвіцьцё ўласнай нацыянальнай гістарыяграфіі. У Савецкім Саюзе па ідэалягічных прычынах уся гісторыя ВКЛ была залічаная да спадчыны Летувы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Э.Александравічус: “Мы – спадкаемцы агульнай спадчыны ВКЛ”Адсюль паходзяць дзіўныя непаразуменьні, клясячным прыкладам якіх зьяўляецца аналіз попісу войскаў ВКЛ XVI ст. Усе фэадалы, якія прыбывалі ў войска з цэнтральнай вобласьці ВКЛ — «Літвы», аўтаматычна лічыліся летувісамі. У слынным поклічы Адама Міцкевіча «Litwo, Ojczyzno moja!» таксама бачаць сучасную этнічную Літву, не разумеючы, што паэт казаў пра беларускую Наваградчыну — частку Літвы гістарычнай.
Таксама ў іншых незьлічоных выпадках, калі ў дакумэнце часоў ВКЛ гаворка ідзе пра Літву ці ліцьвінаў, гісторыкі, а тым больш недасьведчаныя чытачы іх працаў, лічаць, што маецца на ўвазе менавіта сёньняшняя балцкая Летува і этнічныя летувісы.
Такім чынам з простай сугучнасьці тэрмінаў вынікае мэханічная падмена сэнсу, менавіта замена тэрытарыяльна-геаграфічнага напаўненьня тэрміну напаўненьнем этнічным.
Гэта ня толькі блытаніна паняцьцяў, але адначасова падстава да неадэкватнага разуменьня мінулага як у масавай сьвядомасьці, так і сярод спэцыялістаў.
Зыходзячы з прыведзеных фактаў, бачыцца цалкам апраўданым і нават неабходным выкарыстаньне двух розных тэрмінаў «Літва» (ліцьвіны) — для абазначэньня гістарычнай Літвы і «Летува» (летувісы) — для акрэсьленьня сучаснай краіны — паўночнага суседа Беларусі«.
На заключную мантру спадароў-філёлягаў — «адчуйма сябе прадстаўнікамі сьпелай эўрапейскай нацыі, сьвядомай сваёй гісторыі, пазбаўленай дзіцячых комплексаў» магу адказаць усходняй прымаўкай: «Хоць сто разоў вымаві слова „халва“, у роце соладка ня стане». Мы на нашую рэальную (не вэрбальную) «халву» яшчэ толькі зарабляем.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць