10 лютага ў Чыце і яе ваколіцах прайшлі масавыя ператрусы ў дамах пасьлядоўнікаў Сьведак Яговы. Трох чалавек затрымалі адразу, а да чацьвёртага — Вадзіма Куцэнкі — прыйшлі ноччу.
Куцэнку адвезьлі ў лес і катавалі электрашокерам, каб выбіць прызнальныя паказаньні, распавёў выданьню The Insider адвакат Куцэнкі Артур Ганін.
«Ужывалі прыём задушэньня і ў гэты момант пускалі ток электрашокерам. Ток пускалі ў ногі і жывот. Білі па твары і шыйным аддзеле хрыбетніка. У Вадзіма Аляксандравіча траўма шыйнага аддзелу, ён аб гэтым ім адразу сказаў і папрасіў туды ня біць», — расказаў Ганін.
Адвакат дадаў, што катаваньні суправаджаліся пагрозамі: «пагражалі, што зробяць усё магчымае, каб яго на зоне «апусьцілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведку Яговы ў Расеі асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня
Вадзім Куцэнка, паводле словаў адваката, адмовіўся ўзяць віну на сябе. Калі затрыманага ўсё ж прывезьлі да сьледчай, ён паведаміў аб катаваньнях, але сьледчая не адрэагавала і адправіла яго ў ІЧУ ў суправаджэньні гэтых жа супрацоўнікаў.
Адвакат дадаў, што на іншых затрыманых вернікаў ціснулі.
«Аднаму сказалі так: «Тваю жонку будуць гвалтаваць, а мы ўсё гэта запішам на відэа і пакажам табе», — адзначыў Ганін.
10 лютага пасьлядоўнікі Сьведак Яговы паведамілі пра масавыя ператрусы ў сваіх дамах. Сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў Чыце, гарадах Шылко і Хілке, пасёлках Карымскае, Першамайскі, Курорт-Дарасун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі новая атака на Сьведак Яговы: арышты ў Курску, ператрусы ў Нарыльску
Сьледчае ўпраўленьне СК РФ па Забайкаллі паведаміла, што ператрусы праводзіліся ў рамках справы аб арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі. Паводле дадзеных сьледзтва, сьведкі Яговы арганізоўвалі сход, рэлігійныя выступы, праводзілі публічныя пропаведзі, зьбіралі ахвяраваньні.
У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прызнаў Сьведак Яговы экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў яе дзейнасьць у Расні. 7 лютага 2020 году «Росфинмониторинг» уключыў больш за 200 пасьлядоўнікаў гэтага рэлігійнага плыні ў сьпіс арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці або тэрарызму.
У што вераць Сьведкі Яговы
- Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
- Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
- Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
- Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
- Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
- Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
- Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
- Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
- Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
- Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
- Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
- Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
- Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
- Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
- Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.
Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы