«Першае знаёмства было праз улётку». Гісторыя каханьня камуністкі і сына рэпрэсаванага

Яны пазнаёміліся ў штабе апазыцыі. Сышліся праз зацікаўленасьць паэзіяй. Пабраліся шлюбам і чатыры разы гулялі вясельле. Цяпер у іх чацьвёра дзяцей.

«Праз палітыку мы ня сварымся. Нязгода можа быць у пытаньнях мэтадаў выхаваньня дзяцей. Тут я здаюся, Марыя перамагае», — жартуе Юры.

Стварыць Раду незалежных дэпутатаў ня выйшла. Але склалася сям’я

Юры Клімовіч пазнаёміўся з Марыяй Багдановіч у 2010 годзе. Ён тады ўзначальваў Гомельскую абласную арганізацыю Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, актыўна ўдзельнічаў у выбарах, быў кіраўніком штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Ён сын рэпрэсаванага Рыгора Клімовіча, аднаго з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня ў 1953 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы ж камсамольцы, чаму нас страляеце?». Сем фактаў пра беларуса Клімовіча — кіраўніка Нарыльскага паўстаньня ў ГУЛАГу

Марыя Багдановіч таксама ўдзельнічала ў выбарах, балятавалася ў дэпутаты гарадзкога савету. Яна з 19 гадоў актыўнічае ў партыі левых, якая раней называлася Партыя камуністаў Беларуская, а цяпер — «Справядлівы сьвет».

«Я сьвядома прыйшла ў партыю. У юнацтве, калі абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, мне было шкада старэйшага пакаленьня, на вачах якіх руйнаваўся іх сьвет. Была небясьпека, што скасуюцца сацыяльныя гарантыі, ня будзе бясплатнай адукацыі і мэдыцыны. Я вырашыла, што прысьвячу сваю маладосьць левым ідэалам. На той час мяне прывабіла ПКБ сваёй прынцыповай пазыцыяй», — расказвае Марыя.

Упершыню пра Клімовіча яна даведалася зь ягонай улёткі.

«Было відаць, што тэкст не напісаны пад капірку, што чалавек мысьліць не па шаблёне», — кажа Марыя.

Пазьней яны пазнаёміліся ў гомельскім штабе апазыцыі. Юры меў ідэю стварыць Раду незалежных дэпутатаў.

«З той ідэі нічога не атрымалася па сутнасьці, бо, як заўсёды, пачаўся разлад і вэрхал у апазыцыі. Але зь Юрам мы пазнаёміліся на гэтай глебе — і працягнулі стасункі», — кажа Марыя.

Перажылі расчараваньне і асабістыя драмы. Пра шлюб ня думалі

Мэты пабрацца шлюбам на той момант ані Юры, ані Марыя ня мелі.

«Я тады меў сяброў толькі мужчынскага полу. Пасьля першага шлюбу вырашыў так: хопіць зь мяне гэтых выпрабаваньняў! Усё! Ніякіх шлюбаў — такое ў мяне было стаўленьне», — тлумачыць Юры.

Марыя на той момант мела пяцігадовую дачку Лену.

«Я перажыла тое, што тата Лены адмовіўся ад яе. Але я не разумею — чаму жанчыны, якія расчараваліся ў каханьні, могуць пазбавіцца ад дзіцяці ва ўлоньні? Што ўзгадаць празь некалькі гадоў? Што была асабістая драма і ліліся сьлёзы? Калі дзіця нарадзілася — можна сказаць: у мінулым была непрыемнасьць, але не жыцьцёвая параза. Гэта шчасьце, якое закрывае няшчасьце», — разважае Марыя.

На момант знаёмства зь Юрыем яна ня мела матрыманіяльных плянаў.

«У мяне было шмат сяброў сярод мужчын. Можна было б дапусьціць яшчэ, што спадарожнікам жыцьця будзе нехта з маіх сяброў», — кажа Марыя.

Яны пабраліся шлюбам. Юрыю тады быў 51 год, Марыі — 32.


Сышліся праз расейскую паэзію і царкву

Пасьля чарговых палітычных дэбатаў Юры і Марыя прагульваліся па горадзе. У размове высьветлілася, што абое любяць творчасьць расейскага літаратара Аляксея Талстога.

«Я ў маладосьці вывучыў яго твор „Васілій Шыбанаў“. Працытаваў чатыры радкі. І Марыя — чатыры радкі. Ідзем па вуліцы і па чарзе, па радках цытуем напамяць тую баляду!» — сьмяецца Юры.

«У той момант я зразумела, што закахалася», — кажа Марыя.

Другая тэма, на якой сышлася пара, — духоўнасьць і рэлігія. На момант знаёмства Юры служыў пры алтары ў царкве.

«Я была верніцай, нават да ўступленьня ў камуністычную партыю. Але актыўная грамадзкая дзейнасьць зацягнула мяне. Сьвецкае жыцьцё захоплівае. У нас большасьць людзей жыве па формуле „Галоўнае — Бог у душы“. Я на сваім досьведзе пераканалася, што гэтая формула памылковая. Чалавек, які кажа „Бог у душы“, а жыве далёка ад царквы, духоўнай літаратуры — і памылак больш робіць, і супакою ў душы ня мае. Я зразумела сваю памылку і вярнулася ў царкву», — кажа Марыя.

Вясельле адзначалі зь «левымі» і «правымі», але паасобку

Спачатку Юры і Марыя ўвогуле не хацелі гуляць вясельле. Вырашылі зладзіць сьвята дзеля сваякоў і сяброў. Адзначалі шлюб чатыры разы. У першую нядзелю гулялі са сваякамі. У другую — зь «левымі» сябрамі Марыі, у трэцюю — з «правымі» сябрамі Юры.

«У чацьвёртую нядзелю запрасілі тых, хто не пасьпеў у першыя тры прыёмы. Па-першае, тады мы мелі малую аднапакаёвую кватэру, дзе было надта цесна. Па-другое, не хацелі, каб праз палітычныя рознагалосьсі людзі перасварыліся», — кажа Юры.

Калі сям’я набыла вялікую кватэру — на ўлазіны запрасілі ўсіх. У Клімовічаў былі ўлазіны, ва Ўкраіне — «Майдан». Госьці павіншавалі сям’ю з новым жытлом — і ўдарыліся ў палітычныя спрэчкі.

«Боек не было. Было прыемна, што ўсё-ткі нашы сябры інтэлігентныя людзі, і прынцыповыя, не бесхрыбетныя», — сьмяецца Марыя.

Юры дадае, што ў розныя пэрыяды жыцьця меў сяброў розных палітычных поглядаў.

«Цяпер зь сябрамі нам цікавей размаўляць пра асабістыя рэчы, пра сям’ю, дзяцей. Палітыка засталася фонам, празь яе мы ня сварымся», — кажа Юры.

У сям’і таксама не падымаюць палітычныя тэмы, каб пасварыцца.

«У некаторых рэчах у нас агульныя падыходы. Напрыклад, лаяць нашу апазыцыю», — сьмяецца Юры. Ён кажа, што праз шлюб з Марыяй ня стаў «левым».

«Я эвалюцыянаваў да ўльтраправага. Таму мне няма з кім асабліва і аб’яднацца ў Гомлі, з такімі маімі поглядамі», — жартуе Юры.

«Шматдзетныя сем’і цяпер прыраўнялі да асацыяльных элемэнтаў»

Цяпер у сям’і чацьвёра дзяцей.

«Я асабліва ня мела надзеі, што ў нас будуць дзеці, таму што ў мяне ня надта са здароўем. І тое, што ў нас у шлюбе нарадзіліся трое дзяцей, — гэта проста цуд», — кажа Марыя.

Старэйшай Лене цяпер 12 гадоў, Аляксею — 6, Вользе — 4, малодшай Алімпіядзе — год і сем месяцаў.

Шматдзетная сям’я прыцягвае пільную ўвагу «правяраючых» органаў.

«Нібыта тыя правяраючыя — з адукацыі ці сацыяльнай службы — за дзяцей, а мы, бацькі, супраць сваіх дзяцей! Уявіце, што прыйшлі неяк правяраць нас аб 11-й гадзіне раніцы. І пытаюцца ў мяне: „Вы хоць дзяцей пакармілі?“ Што значыць „хоць“? Я ня супраць, каб у складзе тых камісій былі шматдзетныя бацькі, якія разумеюць — што гэта такое, чацьвёра малых дзяцей. Але калі цябе прыходзяць і вучаць жыць людзі, якія ўвогуле ня маюць дзяцей, ці аднаго-двух, прытым гадуюць іх пры падтрымцы бабуль, дзядуляў...» — абураецца Юры.

Сям’я ня мае падтрымкі з боку бабуль і дзядуляў — яны паўміралі. Няньку наняць занадта дорага — прыбыткі ў Клімовічаў невялікія. Гэтым камісіі таксама могуць папікнуць.

«Успрымаць гэтыя ўварваньні ў шматдзетныя сем’і бяз гневу можа ці сьвяты чалавек, ці з рыбінай крывёй. У нас прыватная кватэра. Мы набылі яе за свае грошы, без падтрымкі дзяржавы. Я ўжо пыталася ў правяраючых: „Я гаспадыня ў сваёй кватэры ці не?“. Бо падобна, што гэта ня наша тэрыторыя, а інтэрнат, куды прыходзіць кожны, хто захоча. Правяраць шафы, лядоўню... Надгляд тваіх асабістых рэчаў, нібыта ў турме. Мяне папікнулі, што ў мяне „несыстэматызаванае захаваньне дзіцячых рэчаў“. Няўжо я ня маю права складаць рэчы так, як я хачу ці як мне зручна?» — кажа Марыя.

Юры дадае, што непрыемна выслухоўваць папрокі пра, напрыклад, «кучу дзіцячай бялізны» на пральнай машыне. «Проста не пасьпявала ўсё сушыцца — няма дзе. А яны гэтага не разумеюць», — кажа Юры.

Марыя лічыць, што дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях» «нацкоўвае простых працаўнікоў: пэдагогаў, мэдыкаў — з аднаго боку, і небагатыя сем’і — з другога боку, адзін на аднаго».

«Калі ня пусьціш у хату, то яны палохаюць, што пойдуць па суседзях распытваць пра нас. Такое прыніжэньне церпяць шматдзетныя. Да іх ставяцца як да асацыяльных элемэнтаў», — заўважае Марыя.

«Юры пераканаў мяне сваім кухарскім майстэрствам, што катлеты могуць быць смачныя»

Юры мае эканамічную адукацыю. Ён адказвае за харчаваньне сям’і. Набывае прадукты і гатуе розныя стравы. Марыя адказвае за адзеньне і «сыстэматызаванае раскладаньне рэчаў». Падлогу мые Юры.

«Калі я пачну складаць рэчы — мы ня знойдзем нічога. А калі адзін паклаў, іншы пераклаў — усё, прапала», — сьмяецца Юры.

«Я ў дзяцінстве не любіла катлеты. Яны былі бясформенныя і нясмачныя. Юры лепш гатуе, у яго ёсьць свае сакрэты. Ён ведае, дзе што набыць і што з чаго прыгатаваць. Раней я думала, што не бывае такіх людзей, якія адначасова галавой у нябёсах і цьвёрда нагамі стаяць на зямлі. Аказалася, ёсьць», — кажа Марыя.

Юры тут жа жартуе: «Ага! Размаўляць пра Бога і тут жа пасварыцца праз 10 рублёў».

Ён кажа, што эканамічным «хітрыкам» навучыўся ў свайго таты, Рыгора Клімовіча.

«Напрыклад, неяк даўно тата кажа мне: „Вось гэтаму чалавеку ня варта грошы пазычаць. Бачыш — сядзіць ля вогнішча, а падкурвае ад запалак“. Марнатраўства. Тата ўмеў лічыць грошы. Я таксама магу, напрыклад, суп зь сякеры ці страву „зь нічога“ прыгатаваць», — сьмяецца Юры.

Яны раз-пораз паўтараюць, што «мы далёка не ідэальная сям’я». У Юры і Марыі розныя падыходы да выхаваньня дзяцей.

«Я лічу, што дзяцей трэба выхоўваць у строгасьці. Марыя больш лібэральная. Але я здаюся», — кажа Юры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасіць, каб далі Ордэн маці, не лічу важным». Вядомыя шматдзетныя маці пра сям’ю як асабістую справу