Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: Толькі каля траціны беларусак хацелі б нарадзіць дзіця


Крыху больш за траціну беларускіх жанчын фэртыльнага ўзросту (15-49 гадоў) хацелі б нарадзіць дзіця.

Такія зьвесткі, паводле БелаПАН, абнародавала сёньня начальніца галоўнага ўпраўленьня статыстыкі ўзроўню жыцьця насельніцтва Белстату Іна Канашонак на прэзэнтацыі дасьледаваньня хатніх гаспадарак.

Дасьледаваньне ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі праводзілася ў 2019 годзе. У ім узялі ўдзел амаль 8 700 хатніх гаспадарак з усіх рэгіёнаў краіны. Было апытана больш за 5 500 жанчын ва ўзросьце ад 15 да 49 гадоў, і каля 2 800 мужчынаў ад 15 да 59 гадоў.

Канашонак паведаміла, што падчас дасьледаваньня былі вывучаныя рэпрадуктыўныя намеры жанчын ад 15 да 49 гадоў, а таксама цяжарных на момант апытаньня.

«Толькі 36% жанчын фэртыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць дзіця, 50% аддалі перавагу таму, каб ня мець наагул дзяцей ці ня мець больш дзяцей. Ня могуць зацяжарыць 3% беларусак і 11% ня вызначыліся ў сваіх намерах у будучыні», — паведаміла яна.

Сярод жанчын, якія хацелі б нарадзіць дзіця, больш за палову плянуюць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў. Сярод замужніх жанчын, у якіх ужо ёсьць адно дзіця, хочуць нарадзіць у бліжэйшыя пяць гадоў 77%.

Асноўная частка рэспандэнтак, якія плянуюць нарадзіць дзяцей, знаходзіцца ва ўзроставай групе 15-29 гадоў. Тым ня менш, плянуе нараджаць і кожная пятая ва ўзросьце 35-39 гадоў і 6% жанчын ва ўзросьце 40-49 гадоў.

Паводле папярэдніх зьвестак Белстату, у 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця, што на 6,6% менш, чым у папярэднім годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG