Міністэрства культуры Расеі прафінансуе дыскусійна-выставачнае мерапрыемства ў Беларусі пад назвай «Да 75-годзьдзя агульнай Перамогі. Роля расейскай і беларускай культуры ў захаваньні гістарычнай памяці і процідзеяньні фальсыфікацыі гісторыі».
Гэта вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на расейскім сайце дзяржаўных закупаў.
Расейскае міністэрства культуры вылучыць на гэтае «дыскусійна-выставачнае мерапрыемства» 4,2 млн расейскіх рублёў (болей за 65 тысяч даляраў). Яго павінны правесьці да 20 красавіка гэтага году з удзелам Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства.
Паводле «МБХ медиа», сярод плянаваных захадаў будзе дыскусія аб супрацьдзеяньні фальсыфікацыі гісторыі, на якой заслухаюць ня менш за дзевяць і ня больш за 15 дакладаў ад кожнага боку.
Агульная колькасьць удзельнікаў — да 110 чалавек, зь іх расейцаў — каля 50.
Удзельнікаў разьмесьцяць у трох- ці чатырохзоркавых гатэлях з харчаваньнем у рэстаране або кафэ. Акрамя таго, арганізуюць афіцыйны прыём для ўсіх прадстаўнікоў расейскай дэлегацыі, замежных сьпікераў і беларускіх афіцыйных асобаў.
Хто ў Беларусі партнэр для арганізацыі такога захаду, ні ў расейскім Міністэрстве культуры, ні ў Расейскім вайскова-гістарычным таварыстве, ні ў амбасадзе Расеі ў Менску карэспандэнту Свабоды пакуль не адказалі.
У Міністэрстве культуры Беларусі, у інстытутах гісторыі і філязофіі НАН, у музэі Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць ніякай інфармацыі пра гэтае мерапрыемства, якое фінансуецца расейскім міністэрствам культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 фальсыфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІРаней расейскія ўлады ня раз заяўлялі пра спробы фальсыфікацый гісторыі Другой усясьветнай вайны.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у апошнія дні 2019 году некалькі разоў выказаўся аб прычынах пачатку Другой усясьветнай вайны, палітыцы Польшчы і СССР у перадваенныя гады, аб так званым пакце Молатава-Рыбэнтропа. Пуцін, у прыватнасьці, абвінаваціў Польшчу ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай пры падзеле Чэхаславаччыны, назваў польскага амбасадара ў Бэрліне «антысэміцкай сьвіньнёй» і фактычна апраўдаў савецкае ўварваньне ў Польшчу ў верасьні 1939 году, паўтарыўшы тэзісы савецкай прапаганды пра тое, што польскі ўрад тады не кіраваў краінай. Выказваньні Пуціна выклікалі рэзкую рэакцыю Польшчы і спрэчкі ў расейскім грамадзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яд Вашэм» папрасіў прабачэньня за скажэньне фактаў на карысьць СССР на форуме аб ГалакосьцеПрэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адказаў на словы Пуціна, заявіўшы, што Пуцін «шмат разоў хлусіў пра Польшчу і заўсёды рабіў гэта наўмысна». Маравецкі падкрэсьліў, што без суўдзелу тагачаснага кіраўніка СССР Ёсіфа Сталіна ў разьдзеле Польшчы ў 1939 годзе і без прыродных рэсурсаў, якія Сталін пастаўляў Гітлеру, нацысцкай Нямеччыне не ўдалося б узяць Эўропу пад свой кантроль. «Дзякуючы Сталіну Гітлер мог беспакарана заваёўваць новыя краіны і адпраўляць габрэяў у гета», — заявіў польскі прэм’ер-міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызвалілі, але не прынесьлі свабоды». У чым сутнасьць вайны слоў паміж Польшчай і Расеяй