Рашэньне аб будаўніцтве дома мае грыф «для службовага карыстаньня». Яно прынятае з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.
Шматкватэрны дом з падземнай гараж-стаянкай будуецца ў цэнтры Менску на скрыжаваньні вуліц Калектарнай і Шорнай. Заказчык будоўлі — «Менскбуд».
У інвэстпраграме Менску ўказана, што фінансуецца будаўніцтва з гарадзкога бюджэту, каштарысны кошт — 17 650 256 рублёў.
У дом заселяцца супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў (40 кватэр) і Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта (50 кватэр), паведамляе Tut.by са спасылкай на неназваныя крыніцы.
Скончыць будоўлю плянуецца 7 лістапада 2020 году.
Хто такі Васіль Касавец, якому «не цікава» размаўляць з журналістамі?
Намесьнік гендырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднаньня «Менскбуд» Васіль Касавец адмовіўся прадставіць інфармацыю пра будоўлю. «Мне не цікава з вамі размаўляць», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.
Васіль Касавец прыйшоў у «Менскбуд» пасьля звальненьня з пасады намесьніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Менску.
На ранейшай пасадзе Касавец узначальваў камісію Першамайскага райвыканкаму адносна забудовы кварталу ў межах вуліц Якуба Коласа — Калініна — Кузьмы Чорнага — Сурганава. На невялікім пятачку ў ціхім цэнтры Менску «Менскграда» прапанавала пабудаваць сем паркінгаў, шматпавярховы жылы дом і забаўляльны цэнтар. Камісія ўхваліла ўшчыльненьне, нягледзячы на пратэсты жыхароў.
Старшынём камісіі быў прызначаны тагачасны намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец. На ягоны загад на выніковае паседжаньне не дапусьцілі журналістаў і жыхароў раёну. Паседжаньне камісіі праходзіла за зачыненымі дзьвярыма пад аховай міліцыі.
Калі журналістка Свабоды наблізілася да дзьвярэй, міліцыянт груба выкінуў яе з кабінэту.
Тады Касавец таксама адмовіўся пракамэнтаваць журналістам інфармацыю пра вынікі пасяджэньня камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхароў і журналістаў не пусьцілі на паседжаньне аб «ушчыльненьні» кварталу ў цэнтры МенскуАдзначыўся чыноўнік і падчас абмеркаваньня будаўніцтва бізнэс-цэнтру на вуліцы Мірашнічэнкі каля Курапатаў у 2017 годзе. Намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец заклікаў тады камісію галасаваць, праігнараваўшы разгляд пытаньня пра будоўлю, абвясьціў, што паседжаньне камісіі завершана і пачаў выдвараць народ з кабінэту. Калі журналісты абступілі прадстаўніка «Мінскграда», чыноўнік рэзка спыніў усе інтэрвію. Камісія тады вырашыла, што будаўніцтва, маўляў, вядзецца не ў ахоўнай зоне Курапатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус. Як «Вялікі камень» пад Менскам рыхтуецца сустрэць з вакацый 400 кітайцаў. Відэа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі»? У топе буйных забудоўнікаў і бізнэсоўцы, блізкія да Лукашэнкі