Паводле кіргіскіх экспэртаў, ад 200 да 300 мільёнаў даляраў мог вывезьці з Кіргізстану былы прзыдэнт Курманбек Бакіеў. Ён зьбег з краіны пасьля рэвалюцыі 2010 году і знайшоў прытулак у Беларусі. Улады Беларусі не выдаюць Курманбека Бакіева, хаця ягонай выдачы патрабуе ўрад Кіргізстану і праз Інтэрпол абвешчаны яго міжнародны вышук.
Адным зь меркаваных абʼектаў сямейнага бізнэсу Бакіевых можа быць шматфункцыйны комплекс, пабудаваны ў цэнтры Менску, каля стадыёну «Дынама». Гэта вынік расьсьледаваньня журналіста naviny.by Аляксандра Ярашэвіча.
«За такія месцы вядзецца нежартоўная барацьба»
Раней на гэтым месцы былі абʼекты, зьвязаныя з спортам. Іх зьнесьлі падчас рэканструкцыі стадыёну. Абвяшчалася, што тут будзе пабудаваны люкс-гатэль, але атрымалася «яшчэ лепш» — будучы комплекс «Centrоpol» уключае ў сябе казіно, кавярні і бутыкі, што значна падвышае акупляльнасьць абʼекту.
«Сказаць, што „Centrоpol“ знаходзіцца ў прывабным месцы, — гэта нічога не сказаць. Бо лепшага месца не пажадаеш: самы цэнтар гораду, два крокі да праспэкту Незалежнасьці, побач стадыён, вакзал. Атрымаць такое месца для будаўніцтва — мара ўсякага інвэстара. За такія месцы ідзе нежартоўная барацьба, і гэтым людзям ўдалося ў ёй перамагчы. Таму мае віншаваньні фірме „Гермес канстракшн“. Чаму я лічу, што „Centrоpol“ зьвязаны з Бакіевымі? Бо менавіта ўнук Бакіева Руслан, верагодна, знаходзіцца ў канцы ланцужку фірмаў, які пачаўся ад забудоўцы комплекса фірмы «Гермес канстракшн», — заўважае Аляксандр Ярашэвіч.
Ланцужок краін, пра які кажа журналіст, — гэта Кіпр — Дамініка — зноў Кіпр і нарэшце Вялікая Брытанія. У Шатляндыі зарэгістраваная фірма Forpaton Resources LP, 75% якой кантралюе нейкі Руслан Пятроў. Што пра яго даведаўся журналіст?
Руслан Маратавіч Пятроў закончыў у 2015 годзе факультэт міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Між тым, паводле Ярашэвіча, сярод тых, хто паступіў у БДУ ў 2010 годзе, такога чалавека не было, затое быў Руслан Маратавіч Бакіеў. Але праз пару гадоў такога прозьвішча у дакумэнтах БДУ і ў сацыяльных сетках журналіст ужо не знайшоў. Затое знайшоў зьвесткі пра Руслана Пятрова, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах БДУ ў дзюдо, выступае з ўласнымі дасьледаваньнямі зь міжнароднай эканомікі і на фатаздымках вельмі падобны на ўнука Бакіева Руслана. Сабраўшы зьвесткі пра Руслана Пятрова ў інтэрнэце, параўнаўшы ягоныя фота са здымкамі ўнука экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева — Руслана Бакіева, журналіст выказаў думку, што гэта можа быць адна і тая ж асоба.
Якія яшчэ аргумэнты на карысьць сваёй вэрсіі прыводзіць журналіст Аляксандар Ярашэвіч?
«Глядзіце: будоўляй „Centrоpol“ займаецца фірма „Гермес канстракшн“. Мо гэта супадзеньне, але яе офіс у адным будынку з офісам фірмы „Белхантэр-Інвест“, сузаснавальнік якой той самы Руслан Пятроў. Я спрабаваў наўпрост запытацца ў Руслана Пятрова, ці ён зьвязаны з будоўляй комплексу „Centrоpol“. Ад яго перадалі, што ніяк не зьвязаны. Можа і так, але па зьвестках naviny.by ягоны бацька Марат Бакіеў гэтым праектам пэўна займаецца».
То бок зноў журналіст кажа, што можна меркаваць пра сямейны бізнэс Бакіевых.
Чаму Бакіева перасьледуюць на радзіме?
Пасьля ўцёкаў з Кіргізстану экс-прэзыдэнт гэтай краіны Курманбек Бакіеў быў завочна асуджаны на 24 гады зьняволеньня за спрычыненасьць да сьмерці 84 чалавек, якія загінулі падчас «дыннай рэвалюцыі» — масавых пратэстаў супроць улады Бакіева ў 2010 годзе. Кіргізстан патрабуе выдачы ня толькі Курманбека Бакіева, але і ягонага сына Максіма. Былі зьвесткі, што Максім Бакіеў атабарыўся ў Лёндане.
Другі сын Курманбека Бакіева Марат, які да рэвалюцыі займаў пасаду памочніка старшыні Камітэту нацыянальнай бясьпекі, як і ягоны бацька, стала жыве ў Беларусі ды займаецца бізнэсам. Паводле naviny.by, сямʼя Бакіевых мае долю ў Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі, якая разам зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі засвойвае кітайскі льготны крэдыт ў 626 мільёнаў даляраў — будуе ў Пухавіцкім раёне завод камбікорму.
Дзе цяпер жыве экс-прэзыдэнт Курманбек Бакіеў?
Пасьля прыезду ў 2010 годзе ў Менск Курманбек Бакіеў жыў у Драздах, пра што пазьней сам апавядаў.
«Цяпер у Драздах жывем у рэзыдэнцыі, плацім за ўсе камунальныя паслугі, ваду, сьвятло, на шыі ў беларускай дзяржавы не сядзім, за дармаедзтва таксама ня плацім — жонка працуе», — казаў уцякач.
Другая жонка Бакіева Назгуль Талмушава нейкі час працавала дырэктарам гатэлю «Менск», які належыць кіраўніцтву справаў Лукашэнкі, але потым звольнілася.
У 2017 годзе стала вядома, што Курманбек Бакіеў ужо 5 гадоў як будуе катэдж непадалёк ад «Менск-арэны» на Мястраўскай вуліцы, якую ў народзе празвалі вуліцай банкіраў. Яму было вылучана 15 сотак. Будаўнічыя працы на катэджы даўно скончыліся, але, паводле зьвестак журналіста Аляксандра Ярашэвіча, «дом дагэтуль не аформлены ў афіцыйным рэгістры і таму незразумела, каму ён належыць».